Дзеі святых Апосталаў Раздзел 19 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 1Кар. 1:12; Ціт. 3:13 І сталася, калі Апалос быў у Карынце, Паўла, прайшоўшы ўзгорыстыя мясцовасці, прыйшоў у Эфес ды напаткаў нейкіх вучняў,

2і сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, уверыўшы?» А яны адказалі яму: «Мы нават не чулі, ці ёсць Дух Святы».

3 Лк. 7:29 Тады ён гаворыць да іх: «Дык які хрост вы прынялі?» А яны сказалі: «Хрост Янаў».

4 Мц. 3:11; Мк. 1:4; Лк. 3:16; Ян. 1:15 Тады Паўла сказаў: «Ян хрысціў хростам навяртання, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, Хто прыйдзе па ім, значыць у Ісуса Хрыста».

5 Мц. 28:19 Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Ісуса.

6 Мк. 16:17 І калі Паўла ўсклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх, і гаварылі мовамі, і праракавалі.

7Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчын.

8Затым, увайшоўшы ў сінагогу, адважна прамаўляў, на працягу трох месяцаў дыспутуючы і пераконваючы пра Валадарства Божае.

9 Дзеі 19:23; 2Пёт. 2:2; Юды 10 Але паколькі некаторыя закамянелі і не верылі, знеслаўляючы шлях перад натоўпамі, дык аддзяліўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тырана.

10Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і юдэі, і грэкі, мелі магчымасць слухаць слова Госпада Ісуса.

11 Мк. 16:20; Ян. 14:12 І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,

12так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі з іх.

13 Мц. 12:27; Мк. 9:38; Лк. 9:49 Дык некаторыя падарожныя экзарцысты юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Ісуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: «Заклінаю вас праз Ісуса, Якога прапаведуе Паўла».

14Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасвятара юдэйскага.

15 Як. 2:19 А ліхі дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса я ведаю і Паўлу ведаю, а вы хто такія?»

16І кінуўся на іх чалавек, у якім быў ліхі дух, і, атрымаўшы сілу над імі, адолеў іх так, што голыя і пакалечаныя ўцяклі з таго дома.

17 Лк. 1:65; Дзеі 2:43 І даведаліся пра гэта ўсе юдэі і грэкі, якія жылі ў Эфесе, і страх ахапіў іх усіх, і славілі імя Госпада Ісуса.

18 Мц. 3:6 І многа веруючых прыходзіла, вызнаючы і абвяшчаючы ўчынкі свае.

19Многа таксама з тых, што займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і падлічылі кошт іх, і аказалася пяцьдзясят тысяч срэбранцаў.

20Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.

21 Рым. 1:13; 1Кар. 16:5; 2Кар. 1:16; Гал. 2:1 Зрабіўшы ўсё гэта, Паўла намерыўся ў Духу, прайшоўшы праз Мацэдонію і Ахаю, ісці ў Ерузалім, кажучы: «Пасля таго, як пабуду там, належыць мне і Рым убачыць».

22 Рым. 16:23; 1Цім. 1:2; 2Цім. 4:20 Дык выслаў у Мацэдонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.

23 2Кар. 1:8 І сталася ў той час немалое забурэнне з прычыны шляху Госпадава.

24Адзін срэбранік, на імя Дэметр, які вырабляў срэбраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў неблагі заробак рамеснікам,

25 1Кар. 8:4; Адкр. 9:20 сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамяства і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамяства нам дабрабыт.

26Але бачыце і чуеце, што не толькі у Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Паўла, пераконваючы, зводзіць шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, зробленых рукамі.

27Дык пагражае небяспека, што не толькі наша рамяство ўпадзе, але і святыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы сваёй».

28Калі яны гэта пачулі, напоўніліся гневам і крычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфеская!»

29 3Ян. 1; Рым. 16:23; 1Кар. 1:14; Клс. 4:10 І замяшанне напоўніла ўвесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, мацэдонцаў, таварышаў Паўлы, з імпэтам кінуліся аднадушна ў тэатр.

30Калі ж Паўла хацеў выйсці да народа, вучні не пусцілі яго;

31таксама некаторыя прыхільныя да яго азійскія начальнікі паслалі да яго, просячы, каб ён не ішоў у тэатр.

32І адны крычалі адно, а іншыя – другое, бо сабранне было бурлівае, і многія не ведалі, з якой нагоды сышліся.

33З натоўпу вывелі Аляксандру, якога выпіхалі юдэі. Аляксандра, даўшы знак рукою, каб змоўклі, хацеў даць народу тлумачэнні.

34Калі ж даведаліся, што ён – юдэй, то ўсчыніўся суцэльны голас, і ўсе крычалі каля дзвюх гадзін: «Вялікая Артэміда Эфеская!»

35І пісар, калі супакоіў натоўпы, сказаў: «Мужы эфескія! Ці ёсць чалавек, які не ведае, што горад Эфес славіць вялікую багіню Артэміду ды Эпіэта?

36Паколькі гэтаму нельга запярэчыць, то належыць вам супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.

37Прывялі вы гэтых людзей, якія ані абкрадалі святыні, ані блюзнілі супраць багіні вашай.

38А калі Дэметр і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку праводзяцца суды і ёсць праконсулы; хай адны адных вінавацяць.

39А калі чаго іншага дамагаецеся, дык можна вырашыць законна на сходзе.

40Пагражае бо нам абвінавачанне адносна сённяшняга забурэння, бо няма ніякай прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча». І па гэтых словах распусціў сход.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help