Другая кніга Самуэля Раздзел 18 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Такім чынам, Давід, агледзеўшы людзей сваіх, паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.

2І падзяліў Давід людзей на тры часткі: адну частку даручыў Ёабу, і другую — Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, трэцюю — Этаю з Гета. І сказаў цар народу: «Пайду і я з вамі».

3І народ адказаў: «Не, ты не пойдзеш. Бо калі мы адступім, на нас не звернуць увагі; і хоць бы загінула палова з нас, не лічылася б гэта, а ты адзін лічышся за дзесяць тысяч. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з горада».

4Сказаў ім цар: «Я зраблю тое, што вам здаецца правільным». І стаў цар у браме; а ўсё войска праходзіла па частках сваіх сотнямі і тысячамі.

5І загадаў цар Ёабу, Абісаю і Этаю: «Лагодна абыходзьцеся з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад цара, дадзены ўсім кіраўнікам адносна Абсалома.

6І выйшла войска на раўніну супраць Ізраэля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма.

7І войска Давіда пабіла там народ Ізраэля; і была ў той дзень вялікая страта ў дваццаць тысяч чалавек.

8А бой там пашырыўся на ўсю ваколіцу; і лес у той дзень загубіў народу значна больш, чым меч.

9І здарылася, што Абсалом, едучы на муле, сутыкнуўся з паслугачамі Давіда; і калі мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і заблыталася галава Абсалома ў дубе і павіснуў ён між небам і зямлёй; а мул, на якім ён сядзеў, пабег далей.

10А хтосьці ўбачыў гэта і паведаміў Ёабу, кажучы: «Бачыў я, што Абсалом вісіць на дубе».

11І Ёаб сказаў чалавеку, які аб гэтым паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на зямлі? А я даў бы табе дзесяць срэбраных сікляў і адзін пояс».

12Ён адказаў Ёабу: «Нават калі б на рукі мае ты палажыў і тысячу срэбранікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына цара. Бо чулі мы, як цар загадаў табе, Абісаю і Этаю: “Кожны з вас павінен ахоўваць юнака Абсалома!”

13А калі б я супраць сумлення свайго ўчыніў несправядліва, — а ніякая справа не можа быць утоенай ад цара, — ты сам выступіў бы супраць мяне».

14І сказаў Ёаб: «Не хачу так марудзіць з табою». І ўзяў ён у руку сваю тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе;

15і падбеглі дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёаба, і, б’ючы, забілі яго.

16 2Сам. 2:28 А Ёаб затрубіў у трубу, і народ пакінуў пераследаваць Ізраэль, які ўцякаў, бо Ёаб стрымаў людзей.

17І яны прынеслі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на яго вялікую кучу камянёў; а ізраэльцы ўцяклі ў свае палаткі.

18А Абсалом, калі яшчэ жыў, паставіў сабе магільны камень у даліне царскай; бо казаў ён: «Я не маю сына, які б збярог памяць імя майго». І назваў ён помнік імем сваім, і аж да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.

19А Ахімаас, сын Садока, сказаў: «Пабягу і паведамлю цару, што Госпад аказаў яму законнасць, вызваляючы яго ад рукі ворагаў яго».

20На гэта сказаў яму Ёаб: «Не будзеш ты ў гэты дзень вестуном добрай весткі, але паведаміш іншым разам; бо сёння нядобрае прынясеш, таму што сын цара забіты».

21І сказаў Ёаб кушыту: «Ідзі і скажы цару, што ты бачыў». Кушыт пакланіўся Ёабу і пабег.

22У другі раз Ахімаас, сын Садока, сказаў Ёабу: «Што б ні было, я таксама пабягу за кушытам!» І Ёаб сказаў: «Чаму хочаш бегчы, сын мой? Не будзе табе ўзнагароды за добрую вестку».

23Ён адказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаб сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаас, бегучы напрасткі, апярэдзіў кушыта.

24А Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі; і вартаўнік, які хадзіў па даху брамы над мурам, падняўшы вочы, заўважыў, што нейкі мужчына бяжыць,

25і ён, крыкнуўшы, паведаміў цару. І цар сказаў: «Калі адзін, то прыносіць добрую вестку». А калі той бег і набліжаўся,

26убачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, дык закрычаў вартаўнік прыдзвернаму: «Нейкага чалавека я бачу, што бяжыць адзін». І цар сказаў: «Гэты таксама з добраю весткай».

27І паведаміў вартаўнік: «Пазнаю, што хада першага — як бег Ахімааса, сына Садока». І кажа цар: «Ён чалавек добры, прыбывае з добраю весткай».

28І, закрычаўшы, Ахімаас сказаў цару: «Супакой». І, пакланіўшыся цару да зямлі, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог твой, Які аддаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, цара!»

29І цар спытаўся: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» І Ахімаас адказаў: «Бачыў я вялікае замяшанне, калі паслугач цара Ёаб пасылаў паслугача цара і мяне, паслугача твайго, але не ведаю, што там было».

30Загадаў яму цар: «Адыдзі і стань там». І, калі той адышоў і стаў збоку,

31прыйшоў кушыт і, падышоўшы, сказаў: «Добрую прыношу вестку, гаспадару мой, цар, бо рассудзіў на тваю карысць сёння твой Госпад, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія ўзбунтаваліся супраць цябе».

32І спытаўся цар у кушыта: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» Адказаў яму кушыт: «Хай будзе ворагам гаспадара майго, цара, і ўсім, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што і юнаку гэтаму».

33І задрыжэў цар, і пайшоў у верхняе памяшканне брамы, і плакаў. І, калі ішоў, так гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help