1Сыне, зграшыў ты? Не рабі гэтага больш, але і за папярэднія грахі прасі даравання, каб былі табе адпушчаны!
2Бяжы ад граху, як ад гадзіны, і калі падыдзеш да яго, ён укусіць цябе.
3Зубы яго – зубы льва, што забіваюць душы людскія.
4Кожная правіннасць – што меч двухбаковавостры: ад удару яго няма вылячэння.
5Нахабства і крыўды спустошаць маёмасць, і спустошыцца вельмі багаты дом дзеля пыхлівасці; так багацце пыхліўца будзе спустошана.
6Просьба з вуснаў убогага дойдзе аж да вушэй Бога, і суд Яго мігам прыйдзе да яго.
7Хто ненавідзіць дакаранне, ідзе следам грэшніка; а хто баіцца Бога – зверне дакаранне да сэрца свайго.
8Той, хто валодае языком нахабным, вядомы паўсюль, а разумны пазнае яго ў падзенні.
9Хто ставіць дом свой за чужыя грошы, падобны да таго, хто збірае камяні свае ўзімку.
10Зборышча грэшнікаў – куча пакулля, ды іх супольны канец – полымя агню.
11 Мц. 7:13 Дарога грэшнікаў выкладзена камянямі, але ў канцы яе – бездань пякельная.
12Хто пільнуе закон, будзе валодаць сваім розумам;
13завяршэнне страху Божага – мудрасць і розум.
14Не будзе навучаны той, хто не мае мудрасці;
15а ёсць хітрасць, багатая злом, і няма розуму, дзе ёсць раздражнёнасць.
16Веды мудрага разальюцца, як паводка, і парада яго, як жывая крыніца, трывае.
17Сэрца неразумнага, як пабітая пасуда, якая не ўтрымае ніякай разумнасці.
18Калі разумны чалавек пачуе мудрае слова, пахваліць яго і дакіне сваё да яго; а калі пачуе легкадумны, не спадабаецца яно яму, і ён кіне яго за свае плечы.
19Апавяданне неразумнага, як цяжар у дарозе, але ў вуснах разумнага знойдзецца ласка.
20Вусны мудрага будуць шукаць на сходзе, і яго словы будуць абдумваць у сэрцах сваіх.
21Як раскінуты дом – так мудрасць неразумнага; і веды неразумнага – невыказныя словы.
22Навука для неразумнага – гэта путы на ногі, і як быццам наручнікі на правай руцэ.
23Неразумны ў смеху падымае свой голас; а чалавек разумны ледзь ціха ўсміхнецца.
24Навука для разумнага быццам залатая аздоба і быццам бранзалет на правай руцэ.
25Нага неразумнага спяшаецца ў дом блізкага, але чалавек вопытны саромеецца перад людзьмі.
26Неразумны праз акно загляне ў дом, а чалавек выхаваны будзе стаяць навонкі.
27Падслухоўваць пад дзвярамі – гэта невыхаванасць чалавека, і для чалавека разумнага – вялікая ганьба.
28Вусны неразумных раскажуць глупствы, словы ж мудрых будуць адважаны па вазе.
29У вуснах неразумных – іх сэрцы, а ў сэрцы мудрых – іх вусны.
30Калі бязбожны праклінае праціўніка, праклінае ён сваю душу.
31Пляткар апаганіць сваю душу, і ўсім будзе ненавісны; і той, хто з ім застанецца, будзе ненавісны, а маўклівы і разумны будзе ў пашане.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
