Другая кніга Самуэля Раздзел 23 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1А гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Ясэя, сказаў чалавек, высока пастаўлены, намашчэнец Бога Якубава, прыемны спявак псальмаў Ізраэля:

2“Дух Госпадаў гаворыць праз мяне, і слова Яго — у вуснах маіх.

3Сказаў Бог Ізраэля, гаварыў мне Скала Ізраэля: “Валадар справядлівы над людзьмі, які пануе ў страху Божым, —

4як свет заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак; як трава расце з зямлі ў бляску пасля дажджу”.

5 2Сам. 7:16 Ці не так і дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены ва ўсім і пэўны. Бо ўсё збаўленне маё і ўсё, што я жадаю, ці не Ён нараджае на свет?

6А ўсе крывадушнікі будуць выкінуты, як церні, якія не бяруць рукамі;

7і, калі хто хоча да іх дакрануцца, хай узброіцца жалезам або цаўём з наканечнікам дзіды, і хай гараць яны, агнём падпаленыя».

8 1Пар. 11:10-47 Вось імёны слаўных ваяроў Давіда: Есбаал Гахаманіт, кіраўнік між трох, ён падняў дзіду сваю на восемсот чалавек, якіх забіў адным разам.

9Па ім Элеязэр, сын Дадо, сына Агога, між трох адважных. Быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі сабраліся там дзеля бою філістынцы. І, калі ізраэльцы пабеглі,

10ён адзін стаяў і біў філістынцаў, пакуль не самлела яго рука і не прыліпла да меча; і Госпад даў вялікае збаўленне ў той дзень, і народ вярнуўся, толькі каб вынесці здабычу.

11І па ім Сэма, сын Агэ з Арара. І сабраліся філістынцы ў Леху; а быў там палетак, поўны сачавіцы. І, калі людзі ўцяклі перад філістынцамі,

12ён стаў адзін сярод поля, і выратаваў іх, і філістынцаў пабіў, і Госпад даў вялікае збаўленне.

13І гэтыя трое з трыццаці прыйшлі ў час жніва і прыбылі да Давіда ў пячору Адалам; а лагер філістынцаў размясціўся ў лагчыне Рэфаім.

14І Давід быў тады ў крэпасці, а войска філістынцаў тады было ў Бэтлехэме.

15І захацеў Давід піць, і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»

16Дык трое гэтых адважных напалі на лагер філістынцаў, і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што была каля брамы, і прынеслі Давіду. А ён не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,

17кажучы: «Хай ласкавы да мяне будзе Госпад, каб не зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, разыкуючы жыццём?» І адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.

18А Абісай, брат Ёаба, сын Сэруі, быў кіраўніком трыццаці. Ён вось падняў на дзіду сваю трыста, якіх забіў. Быў ён слаўным сярод тых трыццаці,

19і быў ён даволі вядомы паміж трыццаці, і быў іх кіраўніком; але не зраўняўся з трыма папярэднімі.

20І Бэная, сын Ёяды з Кабсээля, быў ваяром наймужнейшым у вялікіх справах. Ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, і ён сам пайшоў і забіў льва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.

21Забіў ён таксама егіпцяніна, чалавека высокага росту, які трымаў у руцэ дзіду; а ён пайшоў на яго з кіем, сілай вырваў з рукі егіпцяніна дзіду і забіў яго ўласнаю дзідаю яго.

22Гэта выканаў Баная, сын Ёяды, і быў ён у славе між трыццаццю наймужнейшымі.

23А быў ён даволі вядомы з тых трыццаці; але з тымі трыма не зраўняўся. І Давід паставіў яго ў сябе на чале світы сваёй.

24Сярод тых трыццаці быў Асаэль, брат Ёаба, Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма,

25Сама з Харода і Эліка з Харода,

26Гэлес з Палці і Хіра, сын Акеса, з Тэкуа,

27Абіязэр з Анатота, і Сабахай з Гусы,

28Сэлмон з Агога, Магарай Нэтафатыт,

29Хэлед, сын Бааны, Нэтафатыт, і Ітай, сын Рэбая, з Габы сыноў Бэньяміна.

30Баная з Паратона, Гэдай з Нагале-Гааса,

31Абібаал Арбатыт, Азмавэт з Бахурыма,

32Эліяба з Саалбона, Ясэн з Гуна,

33Ёнатан, сын Самы, з Арара, Агіям, сын Сарара, з Арара,

34Эліпалет, сын Аасбая, Маахатыта, Эліям, сын Ахітатэла, з Гіло,

35Гэсра з Кармэля, Парай з Араба,

36Ігал, сын Натана, з Собы, Бані з Гада,

37Сэлек з Амона, Нагарай з Бэрота, збраяносец Ёаба, сына Сэруі,

38Хіра Ятрэй, таксама Гарэб Ятрэй,

39Урыя Хетэй. Усіх трыццаць сем.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help