Кніга Суддзяў Раздзел 4 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Па смерці Эгуда сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада,

2і аддаў іх Госпад у рукі Явіна, цара Ханаана, які цараваў у Асоры. І кіраўніком войска ён меў Сісару, сам ён жыў у Гарасэт-Гагаіме.

3І прызывалі сыны Ізраэля Госпада, бо Явін меў дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі і дваццаць гадоў бязлітасна ўціскаў ізраэльцаў.

4А ў гэты час судзіла Ізраэль Дэбора, прарочыца, жонка Лапідота.

5І яна спраўляла суд пад пальмаю Дэборы, між Рамаю і Бэтэлем, на гары Эфраім; і прыходзілі да яе сыны Ізраэля на суд.

6Яна паслала паклікаць Барака, сына Абінаама, з Кадэса Нэфталімава і сказаць яму: «Вось што загадаў табе Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Забулона.

7А я прывяду да цябе да ручая Кісон кіраўніка войска Явіна Сісару і яго калясніцы, і ўсё мноства яго, і аддам яго ў рукі твае”».

8І адказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, я пайду; а калі не пажадаеш ісці са мной, я не пайду».

9Яна сказала яму: «Хаця я пайду з табою, але на гэтай дарозе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жанчыны аддасць Госпад Сісару». Дык прыгатавалася Дэбора і разам з Баракам вырушыла ў Кадэс.

10Барак, сабраўшы сыноў Забулона і Нэфталі ў Кадэсе, вырушыў з дзесяццю тысячамі ваяроў, маючы ў таварыстве сваім Дэбору.

11А Хабэр кінэй, аддзяліўся ад іншых кінэяў, братоў сваіх, сыноў Хабаба, цесця Майсея, і стаў лагерам каля дуба ў Саананіме каля Кадэса.

12І даведаўся Сісара, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор,

13і сабраў Сісара дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі, і ўсе свае дружыны, якія меў, ад Гарасэт-Гагаіма да ручая Кісон.

14І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасць Госпад у рукі твае Сісару. Сам Госпад пойдзе перад табою». Такім чынам, сышоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысяч ваяроў.

15І Госпад навёў жах на Сісару, і на ўсе калясніцы яго, і на ўсё мноства войска яго перад вастрыём меча Барака, так што сам Сісара, выскачыўшы з калясніцы, уцякаў пешшу.

16Барак жа гнаў уцякаючыя калясніцы і войска аж да Гарасэт-Гагаіма, і ўсё мноства войска Сісары загінула.

17А Сісара ўцякаў пешшу і прыбег да палаткі Ягэлі, жонкі Хабэра кінэя; бо быў мір між Явінам, царом Асора, і домам Хабэра кінэя.

18Такім чынам, Ягэль, выйшаўшы насустрач Сісару, сказала яму: «Увайдзі да мяне, гаспадар мой; увайдзі, не бойся». Ён увайшоў у палатку яе, і яна накрыла яго кілімам.

19 Суд. 5:25 Ён папрасіў яе: «Дай мне, прашу, крыху вады, бо вельмі смягну». Яна адкрыла бурдзюк з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.

20І Сісара папрасіў яе: «Пастой каля ўваходу ў палатку, і, калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсць тут хто?” — ты адкажы: “Нікога няма”».

21Тады Ягэль, жонка Хабэра, узяла калок ад палаткі, узяўшы разам молат; і ўвайшла таемна і ціха да яго, і ўсклала на скронь галавы яго калок, і, ударыўшы яго молатам, убіла калок у галаву аж да зямлі; а ён аслабеў і памёр, злучыўшы сон са смерцю.

22А тут Барак, гонячыся за Сісарам, прыйшоў; і Ягэль выйшла да яго і сказала яму: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісару, што ляжаў нежывы і з калком, убітым у скронь яго.

23Такім чынам, у той дзень прынізіў Бог Явіна, цара Ханаана, перад сынамі Ізраэля,

24якія мацнелі штодзень і цвёрдай рукой уціскалі Явіна, цара Ханаана, пакуль не знішчылі яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help