1На дванаццаты год Ахаза, цара Юдэі, Осія, сын Элы, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзевяць гадоў.
2І дапускаўся ён таго, што ліхім было перад Госпадам, але не так, як цары Ізраэля, якія былі перад ім.
3Выйшаў супраць яго Салманасар, цар асірыйцаў; і Осія падпарадкаваўся яму і плаціў яму даніну.
4Але цар асірыйцаў выкрыў, што Осія думае паўстаць, бо ён паслаў вестуноў да Суа, цара Егіпецкага, і перастаў перасылаць даніну цару асірыйцаў, як кожны год звычайна рабіў; схапіў ён яго і, звязанага, замкнуў у вязніцы.
5 2Цар. 18:9-11 І прайшоў ён усю краіну, і, прыйшоўшы пад Самарыю, абклаў яе на тры гады.
6На дзевяты год Осіі, цар асірыйцаў здабыў Самарыю і перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян.
7Бо сталася гэта, калі сыны Ізраэля грашылі перад Госпадам, Богам сваім, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з рукі фараона, цара Егіпта: яны пакланяліся багам чужым.
8І сталі хадзіць па звычаях народаў, якіх прагнаў Госпад перад сынамі Ізраэля, і цароў Ізраэля, якія рабілі тое самае.
9І зневажалі сыны Ізраэля ўчынкамі ліхімі Госпада, Бога свайго, і пабудавалі сабе ўзгоркі ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада.
10 1Цар. 14:23 І паставілі яны сабе слупы і выявы на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам.
11І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх Госпад прагнаў перад абліччам іх, і дапускаліся найгоршых учынкаў, прагняўляючы Госпада,
12 Вых. 20:4, 23; Паўт. Зак. 5:7 і служылі паганым ідалам, пра якіх Госпад гаварыў ім, каб не рабілі гэтага.
13І перасцярог Госпад Ізраэль і Юдэю праз усіх Сваіх прарокаў ды ўсіх прадказальнікаў, напамінаючы: «Звярніце з дарог сваіх найгоршых і пільнуйце прыказанні Мае і пастановы паводле ўсяго закону, які Я даў бацькам вашым і які паслаў вам праз паслугачоў Сваіх, прарокаў».
14Яны не паслухалі, але цвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іх, якія не захацелі верыць Госпаду, Богу свайму.
15І адкінулі яны прыказанні Яго і запавет, які Ён заключыў з бацькамі іх, і сведчанні, якімі Ён звязаў іх, і пайшлі за марнасцямі і агіднасцю, і пайшлі за народамі, якія былі навокал іх, пра якіх загадаў ім Госпад, каб не рабілі яны так, як тыя рабілі.
16 1Цар. 12:28 І занядбалі яны ўсе прыказанні Госпада, Бога свайго, і зрабілі сабе двух літых цяльцоў, і слуп, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу,
17 Паўт. Зак. 18:10 і пасвячалі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь; і займаліся варажбою і чарамі, і дапускаліся таго, што чынілі ліхое перад Госпадам і прагняўлялі Яго.
18І моцна загневаўся Госпад на Ізраэль, і адкінуў іх ад Свайго аблічча, і нікога не засталося, толькі адно пакаленне Юды.
19Але і сама Юдэя не пільнавала прыказанняў Госпада, Бога свайго; а хадзіла ў грахах ізраэльцаў, як яны рабілі.
20Тады Госпад адкінуў усё пакаленне Ізраэля, і вынішчыў іх, і аддаў у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад Свайго аблічча ўжо з таго часу,
21 1Цар. 12:16-20 калі Ізраэль адарваўся ад дому Давіда, і выбраў сабе царом Ерабаама, сына Набата; бо Ерабаам адарваў Ізраэль ад Госпада і дазволіў ім грашыць грахом вялікім.
22І сыны Ізраэля хадзілі ва ўсіх грахах Ерабаама, якіх ён дапускаўся; не пакідалі іх,
23аж пакуль Госпад не адкінуў Ізраэль ад Свайго аблічча, як прадказаў праз усіх паслугачоў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраэль з яго зямлі ў Асур аж да гэтага дня.
24А цар асірыйцаў перасяліў людзей з Бабілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраэля, яны прыйшлі ў Самарыю і абжыліся ў яе гарадах.
25 Святар. 26:22 І, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся Госпада. І Госпад напусціў на іх ільвоў, якія забівалі іх.
26І паведамлена было цару асірыйцаў: «Народы, якія ты перасяліў і прымусіў жыць у гарадах Самарыі, не ведаюць законы Бога той зямлі; і Ён напусціў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны не ведаюць законы Бога той зямлі».
27А цар асірыйцаў загадаў, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са святароў, якіх адтуль забралі ў няволю, і хай ён ідзе і жыве з імі, і хай вучыць іх законам Бога той зямлі».
28Такім чынам, калі адзін з тых святароў, якіх забралі ў няволю з Самарыі, абжыўся ў Бэтэлі, ён вучыў іх, як яны маюць пакланяцца Госпаду.
29І кожны народ зрабіў свайго бога; і паставілі іх у святынях на ўзгорках, якія пабудавалі самаране; кожны народ у сваім горадзе, дзе пражываў.
30Бо так людзі з Бабілона зрабілі Сакот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргала, і людзі з Эмата — Ашыму;
31а гевеі зрабілі Нэбхаза і Тартака, а сэпарваімцы палілі агнём дзяцей сваіх на хвалу Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэпарваіма.
32І ўсё ж служылі яны Госпаду. А спаміж сваіх зрабілі яны сабе святароў на ўзгорках, і паставілі іх у храмах на ўзгорках;
33і калі служылі яны Госпаду, то таксама служылі багам сваім па звычаі тых народаў, ад якіх былі яны пераселеныя ў Самарыю.
34 Род. 32:28; 35:10 Аж да сённяшняга дня робяць яны па старым звычаі: не баяцца Госпада і не пільнуюць пастаноў, і прыказанняў, і закону, і загаду, якія даў Госпад сынам Якуба, якога назваў Ізраэлем.
35 Вых. 20:5; Паўт. Зак. 5:9 І заключыў Госпад з імі запавет і загадаў ім, кажучы: «Не ўслаўляйце багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім,
36 Паўт. Зак. 6:13 але Госпада, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукой магутнаю, Яго бойцеся, Яго ўслаўляйце і Яму ахвяры складайце.
37Таксама пастановы, і загады, і закон, і прыказанні, якія Ён напісаў вам, пільнуйце, каб спаўняць гэта ва ўсе дні; і чужых багоў не бойцеся.
38І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і не бойцеся чужых багоў,
39але Госпада, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых».
40Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё па даўнейшым сваім звычаі.
41Такім чынам, гэтыя народы баяліся Госпада, але ўсё ж служылі ідалам сваім; бо і дзеці іх, і дзеці дзяцей іх робяць так, як бацькі іх, аж да сённяшняга дня.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.