Кніга Ісаі Раздзел 14 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Але пашкадуе Госпад Якуба і зноў абярэ Сабе з Ізраэля, ды ўчыніць, каб яны спачывалі на зямлі сваёй; далучыцца да іх чужынец ды прыстане да дому Якуба.

2І прымуць іх народы, і завядуць іх на месца іх; і атрымае іх ва ўласнасць дом Ізраэля на зямлі Госпада як слуг і служанак; і будуць яны паднявольваць тых, хто іх паднявольвалі, і падначаляць прыгнятальнікаў сваіх.

3І будзе гэта ў той дзень, калі Госпад дасць табе супакой па служэнні тваім, па прыгнёце тваім ды па няволі цяжкай, у якой ты раней служыў,

4прамовіш ты гэтую прыпавесць супраць цара Бабілона і скажаш: «Як жа гэта знік прыгнятальнік, скончыўся ўціск?»

5 Пс. 125:3; Іс. 9:4 Паламаў Госпад палку бязбожнікаў, жазло валадароў,

6што калаціла людзей ударамі несупынна, што ў шаленстве падначальвала народы ў бясконцых пераследах.

7Супакоілася і маўчыць уся зямля, цешыцца і скача.

8 2Цар. 19:23 Нават елкі цешацца дзеля цябе і кедры лібанскія: «З таго часу, як заснуў ты, ніхто не прыходзіць секчы нас».

9Апраметная ўстрывожылася з нізоў, сустракаючы прыход твой; абуджае дзеля цябе цені памерлых, усім князям зямным загадала ўзняцца з іх пасадаў, усім валадарам народаў.

10Усе разам адгукнуцца яны і скажуць табе: «І ты скалечаны, як і мы, падобным стаўся ты да нас».

11Укінута ў пекла пыха твая, і гукі арфаў тваіх. Чарвяк сцелецца пад табою, і покрыва тваё — чэрві.

12 Адкр. 8:10; 9:1 Як жа гэта зваліўся ты з неба, святланосны, сыне заранкі? Зрынуты на зямлю ты, які скідваў народы,

13 Мц. 11:23; Лк. 10:15 ты, які казаў у сваім сэрцы: «Узнясуся на неба, вышэй за зоры Божыя ўзвышу пасад мой, сядзець буду на гары сходу, на схіле поўначы.

14Узыду на вышыню воблакаў, падобны буду да Найвышэйшага».

15Ды аднак жа скінуты ты ў пекла, на самае дно ямы!

16Тыя, хто ўбачаць цябе, звернуць на цябе ўвагу і пачнуць прыглядацца да цябе: «Ці не той гэта чалавек, які ўстрывожыў зямлю, які страсянуў царствы,

17які ўвесь свет зрабіў пустыняю, а гарады яго зруйнаваў, не адкрыў турму для вязняў яго?»

18Усе валадары народаў, усе адпачываюць у славе, кожны ў сваёй грабніцы.

19А ты выкінуты з сваёй магілы, як абрыдлы парастак, загорнуты разам з тымі, якія забіты мечам і сышлі да каменняў магілы, — быццам труп патаптаны!

20Ты не будзеш мець удзелу з імі ў пахаванні, бо ты спустошыў сваю зямлю, ты загубіў свой народ; не азавецца ў вяках семя ліхадзеяў.

21«Падрыхтуйце сыноў яго на зарэзанне праз злачыннасць іх бацькоў; хай не падымуцца, каб не ўспадкаемілі зямлю ды не напоўнілі сусвету людскога».

22«І паўстану Я супраць іх, — кажа Госпад Магуццяў, — і выгублю імя Бабілона і рэшту, а таксама род і нашчадкаў, — кажа Госпад, —

23і аддам яго ва ўласнасць вожыкаў і на дрыгву, ды вымету яго венікам знішчэння», — кажа Госпад Магуццяў.

24 Іс. 10:5-34; Навум 1:1–3:19; Саф. 2:13-15 Прысягнуў Госпад Магуццяў, кажучы: «Сапраўды, як задумаў, так станецца, ды як вырашыў, так здзейсніцца.

25Сатру Асірыю на Маёй зямлі і стапчу яе на Маіх гарах. Тады будзе скінута з іх ярмо яе ды цяжар яе будзе зняты з іх спіны».

26Вось рашэнне, якое было прынята адносна ўсёй зямлі, і вось рука, выцягнутая над усімі народамі.

27Бо Госпад Магуццяў так вырашыў, дык хто ж зможа адмяніць? І рука Яго выцягнута, — дык хто ж яе адверне?

28 2Цар. 16:20; 2Пар. 28:27 У годзе, у якім памёр цар Ахаз, было зроблена такое прадказанне:

29 Ярэм. 47:1-7; Эзэк. 25:15-17; Ёэль 3:4-8; Ам. 1:6-8; Саф. 2:4-7; Зах. 9:5-7 2Цар. 18:8 «Не цешся ты, уся Філістэя, што зламанае жазло карніка твайго, бо з зародка змяі выйдзе васіліск, і семя яго — лятучы дракон.

30І будуць пасвіцца першародныя ўбогіх, і бедныя здаверана адпачнуць; і ўчыню Я, што корань твой памрэ ад голаду, і рэшткі твае павынішчу.

31Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся Філістэя! Бо з поўначы нахлынае дым; няма ўцекачоў у дружынах яго.

32І што адкажуць пасланцам паганаў? Гэта Госпад заснаваў Сіён, і ў яго ўцяклі бедныя з Яго народа».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help