Кніга Ярэміі Раздзел 50 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Іс. 13:1–14:23; 47:1-15 Слова, якое прамовіў Госпад пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз Ярэмію прарока:

2 Іс. 46:1 «Паведамце між народамі і хай яны пачуюць, падыміце сцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Бабілон здабыты! Бэл асаромлены! Мэрадах пераможаны! Асаромлены балваны іх, паразбіваны ідалы іх!”

3Бо, вось, ідзе супраць яго народ з Поўначы, які заменіць зямлю іх на пустыню, і ніхто не будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, усе падымуцца і сыдуць.

4 Ос. 3:5; 6:1 У тыя дні ды ў той час, — кажа Госпад, — прыйдуць сыны Ізраэля самі ды сыны Юды разам, і будуць ісці, плачучы, ды шукаць будуць Госпада, Бога свайго.

5Будуць яны пытацца пра Сіён, і аблічча сваё — на дарогу да яго: “Хадземце, злучымся з Госпадам запаветам вечным, які ніколі не будзе знішчаны забыццём”.

6 Ярэм. 10:21 Народ Мой стаўся статкам згубленым, пастыры іх звялі іх і прымусілі бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку хадзілі яны і забыліся пра свае лежбішчы.

7Усе, хто знаходзілі іх, з’ядалі іх, і ворагі іх казалі: “Не правініліся мы, бо яны зграшылі супраць Госпада, прыстанішча справядлівасці і надзеі бацькоў іх — Госпада”.

8 Іс. 48:20; Ярэм. 51:6; Адкр. 18:4 Выходзьце з Бабілона, пакіньце зямлю Халдэйскую і будзьце, як казлы, на чале статка.

9Бо, вось, Я ўзбуджу і навяду на Бабілон грамаду вялікіх народаў з зямлі паўночнай; і яны стануць войскам супраць яго, і будзе ён здабыты. Стрэлы іх, як у адборнага лучніка, не вернуцца дарэмна.

10І пойдзе Халдэя на разрабаванне, і насыцяцца ўсе яе нішчыцелі, — кажа Госпад. —

11Пакуль вы весяліцеся і напышліва прамаўляеце, рабаўнікі спадчыны Маёй, пакуль вы скачаце, як цяляты па траве, і ржаце, як магутныя коні,

12збянтэжылася надзвычай маці ваша, сталася пасмешышчам тая, што вас нарадзіла; вось, будзе яна апошняй сярод народаў: пустыняй, бездарожжам і сухім стэпам.

13 Ярэм. 18:16; 19:8 Дзеля гневу Госпадавага будзе яна неабжытай, але ўся станецца пустыняю; кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго.

14Станьце войскам супраць Бабілона навокал усе, што нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо зграшыў ён перад Госпадам.

15Гаманіце супраць яго; куды б ні працягнуў ён руку, падаюць слупы яго, разбураныя муры яго, бо гэта — помста Госпадава; спаганяйце помсту на ім: як ён рабіў, зрабіце яму.

16Нішчыце ў Бабілоне сейбіта і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад пагрозлівым мечам кожны вернецца да народа свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.

17Ізраэль — заблуканая авечка, ільвы палявалі на яе. Першы еў яе цар асірыйцаў, а апошні, Набукаданосар, цар Бабілона, паламаў ёй косці.

18Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пакараю цара Бабілона і зямлю яго, як пакараў цара асірыйцаў.

19І прывяду Я Ізраэля зноў на пашы яго, і будзе ён пасвіцца на Кармэлі і на Басане, і на гары Эфраіма, і ў Галаадзе насыціцца душа яго”.

20“У тыя дні і ў той час, — кажа Госпад, — будуць шукаць правіну ў Ізраэля, але не будзе яе, і граху ў Юды не знойдуць, бо літасцівы буду да тых, якіх пакіну.

21Выступі супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пакода! Руйнуй і забівай, пераследуючы іх, — кажа Госпад, — і зрабі паводле ўсяго таго, што Я табе загадаў!»

22Гармідар ваенны на зямлі і вялікае знішчэнне.

23Як пабіты і зламаны молат усяе зямлі! Як стаўся пустыняю Бабілон сярод народаў!

24«Наставіў Я на цябе сіло і схапіў цябе, Бабілон, а ты не ведаў. І знайшлі цябе і схапілі, бо ты правакаваў Госпада.

25Адкрыў Госпад скарбоўню Сваю і дастаў начынне гневу Свайго, бо справа ёсць у Госпада, Бога Магуццяў, у зямлі Халдэйскай.

26Прыходзьце да яе з усіх канцоў, адкрыйце ўсе яе кладоўкі, і раскідайце яе ў груды каменняў, як снапы, і выбіце яе, каб ніхто не застаўся.

27Выбіце ўсіх яе валоў, хай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надышоў іх дзень, час наведання іх.

28Гоман уцекачоў і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясціць на Сіёне пра помсту Госпада, Бога нашага, пра помсту за Яго святыню.

29 Адкр. 18:6 Склічце лучнікаў супраць Бабілона. Вы ўсе, хто нацягвае лукі; расстаўце лагер вакол яго, каб ніхто не выйшаў, і аддайце яму належна за яго справы і ўсё, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён паўстаў супраць Госпада, супраць Святога Ізраэлева!

30 Ярэм. 49:26 “Дзеля таго пападаюць юнакі яго на плошчах яго; і ў той дзень змоўкнуць усе ваяры яго, — кажа Госпад.

31 Ярэм. 46:21 Вось, Я супраць цябе, пыха, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — бо прыйшоў дзень твой, час пакарання цябе.

32І спатыкнецца пыха, і ўпадзе, і не будзе каму яе падняць, і запалю Я агонь па яго гарадах, і ён праглыне ўсё навакол”.

33Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сыны Ізраэля церпяць знявагу, а разам з імі сыны Юды. Усе, якія зняволілі іх, трымаюць і не хочуць адпусціць іх”.

34Але вызваліцель іх моцны, Госпад Магуццяў імя Яго. Справядліва будзе Ён бараніць справу іх, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілона.

35“Меч на халдэяў, — кажа Госпад, — і на жыхароў Бабілона, і на князёў і на мудрацоў яго!

36Меч на варажбітоў яго, і яны стануцца дурнымі, меч на мужных яго, і яны будуць баяцца!

37Меч на яго коней і на яго калясніцы, і на ўсю грамаду людзей, якая ёсць пасярод яго; і будуць яны, як жанчыны! Меч на скарбы яго, і будуць яны разрабаваныя.

38Суша будзе на воды яго, яны перасохнуць, бо гэта зямля ідалаў, бо яны шалеюць ад страшыдлаў сваіх.

39 Адкр. 18:2 Таму жыць там будуць звяры пустыні з шакаламі, паселяцца ў ім страўсы, і не будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакалення ў пакаленне.

40 Род. 19:24, 25; Ярэм. 49:18 Як збурыў Бог Садом і Гамору, і суседнія з імі гарады, — кажа Госпад, — і не абжывецца там ніхто і не будзе качаваць там ніводзін сын чалавечы.

41 Ярэм. 6:22 Вось жа, прыходзіць з поўначы народ, народ вялікі, і многія цары ўстаюць з канцоў зямлі.

42Трымаюць яны лук і шаблю, жорсткія яны і неміласэрныя, і голас іх будзе шумець, быццам мора, і будуць сядзець яны на конях, і, як адзін чалавек, гатовыя яны да бою супраць цябе, дачка Бабілона!

43Пачуў цар Бабілона вестку пра іх, і аслабелі рукі яго; і жах ахапіў яго, і боль, як у парадзіхі.

44 Ярэм. 49:19-21 Вось, выйдзе ён, як леў, з гушчару над Ярданам на паплавы вечна зялёныя, бо Я ў момант прымушу яго ўцякаць адтуль, а пастаўлю над ім таго, які будзе выбраны. Хто ж бо падобны да Мяне? І хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?”»

45Дзеля таго паслухайце намер Госпада, што задумаў Ён супраць Бабілона, і думкі Яго, якія мае Ён адносна зямлі Халдэйскай: дакладна выцягнуць нават найменшых са статка, і дакладна спустошаны будуць у іх пашы іх.

46Пры вестцы аб захопе Бабілона дрыжыць зямля, і крык чуецца сярод народаў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help