Ламентацыі Ярэміі Раздзел 2 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1О, як зацямніў Госпад у гневе Сваім дачку Сіёна! Скінуў з неба на зямлю славу Ізраэля і не прыпомніў падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.

2Спустошыў Госпад, не пашкадаваў усе выганы Якуба; разваліў у гневе Сваім умацаванні дачкі Юды; скінуў на зямлю і спаганіў валадарства і князёў яго.

3Зламаў у разгары гневу Свайго усе рогі Ізраэля; адвярнуў ад аблічча ворага правіцу Сваю, а ў Якубе распаліў нібыта полымя агню, які паглынае ўсё навокал.

4Напяў лук Свой, як непрыяцель, умацаваў руку Сваю, як вораг, і забіў усё, што прыгожым было на віду ў палатцы дачкі Сіёна; выліў, быццам агонь, гнеў Свой.

5Госпад стаўся як вораг, праглынуў Ізраэля, праглынуў усе пабудовы яго, знішчыў вежы яго ды памножыў у дачкі Юды боль і смутак.

6І знішчыў сваю агароджу, як сад, палатку Сваю разбурыў. У няпамяць аддаў Госпад на Сіёне ўрачыстасць і шабат і ў запале гневу Свайго пагардзіў царом і святаром.

7Адпіхнуў Госпад ахвярнік Свой, ухіліў пашану ад святыні Сваёй, аддаў у рукі ворага муры дамоў Сваіх. Паднялі крык у доме Госпадавым, як у дзень урачыстасці.

8Задумаў Госпад разбурыць муры дачкі Сіёна; выцягнуў вяроўку, не адвярнуў рукі Сваёй ад знішчэння ды ў смутак прывёў; падмурак і мур сумесна заваліліся.

9Упалі на зямлю і брамы яго, знішчыў і паламаў запоры яго, яго цар і князі ў паганаў, не існуе закон, ды прарокі яго не атрымліваюць аб’яў ад Госпада.

10Селі моўчкі на зямлі старэйшыя дочкі Сіёна, попелам пасыпалі галовы свае, адзеліся ў зрэбніцы, пахілілі галовы свае да зямлі дзяўчаты ерузалімскія.

11Змарнелі вочы мае ад слёз, трасецца нутро маё; вылілася на зямлю жоўць мая дзеля гора дачкі «народа Майго», калі памлелі дзіця і немаўля на плошчах горада.

12У маці сваіх пыталі: «Дзе пшаніца і віно?» Калі самлелі, быццам пакалечаныя, на плошчах горада, калі выпускалі душы свае на грудзях маці сваіх.

13Каму прымяркую цябе або з кім параўнаю цябе, дачка Ерузаліма? Да каго прыпадобню цябе, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сіёна? Вялікай бо ёсць, як мора, загуба твая; хто цябе вылечыць?

14Прарокі твае мелі бачанні для цябе пустыя і недарэчныя, не адкрывалі тваю правіннасць, каб змяніць лёс твой, адкрывалі ж яны табе прароцтвы зманныя і зводныя.

15Пляскалі ў далоні дзеля цябе ўсе праходзячыя дарогай; свісталі ды ківалі галовамі сваімі дзеля дачкі Ерузаліма: «Дык гэта мае быць горад, які называлі цудам прыгажосці, радасцю ўсяго свету?»

16 Ламен. 3:46 Раскрылі на цябе вусны свае ўсе твае ворагі; свісталі, скрыгаталі зубамі ды казалі: «Праглынулі мы, вось жа ёсць дзень, якога мы чакалі: дасягнулі яго, бачым».

17Здзейсніў Госпад, што намеціў; споўніў слова сваё, што прадказваў у днях даўнасці: знішчыў, не пашкадаваў. І парадаваў ворага праз цябе, і павысіў рог ворагаў тваіх.

18Хай кліча сэрца тваё да Госпада над мурамі дачкі Сіёна; вылівай слёзы, быццам ручай, днём і ноччу, не давай сабе супакою, ды хай не маўчыць зрэнка вока твайго.

19Паўстань, лямантуй уночы, на пачатку варты ранняй, вылівай, як ваду, сэрца сваё ў прысутнасці Госпада; падымай да Яго рукі свае, за душу дзетак тваіх, якія млелі ад голаду на рагу вуліц усіх.

20«Зірні, Госпадзе, і ўзваж, каму ты калі так зрабіў: ці жанчыны маюць есці плод лона свайго — пешчаных рупліва немаўлят? Ці ў святыні Госпадавай мае быць забіты святар ды прарок?

21Ляжалі на зямлі звонку юнак і старац, мае дзяўчаты і мае юнакі палі ад меча; забіў Ты іх у дзень Свайго гневу, знішчыў іх і не пашкадаваў.

22Склікаў я, быццам на свята, тых, што трывожылі мяне навокал. Ніхто ў дзень гневу Госпадава не ўцёк, не застаўся ніхто: каго песціў я і гадаваў — вораг Мой знішчыў іх».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help