Першая кніга Цароў Раздзел 10 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Царыца Сабы, пачуўшы пра славу Саламона — у гонар імя Госпада, — прыбыла пераканацца ў яго мудрасці.

2І ўвайшла яна ў Ерузалім з вялікай світай і багаццем, з вярблюдамі, якія неслі духмянасці, і вялікае мноства золата, і каштоўныя камяні, прыбыла яна да Саламона і гаварыла з ім пра ўсё, што мела яна ў сваім сэрцы.

3І Саламон растлумачыў ёй усё, што яна яму казала: і не было слова, якое было б невядомым цару і на што ён не мог адказаць ёй.

4А царыца Сабы, бачачы вялікую мудрасць Саламона і дом, які ён збудаваў,

5і багацце стравы яго стала, і дамы паслугачоў, і рад памочнікаў, і адзенне іх, і чарнікаў, і цэласпаленні, якія ён ускладаў Госпаду ў святыні, была ў захапленні

6і сказала цару: «Праўдзівай была тая гаворка, якую я чула ў зямлі сваёй, пра справы твае і пра мудрасць тваю!

7І я не верыла тым, хто расказваў мне пра гэта, пакуль сама не прыйшла і не ўбачыла вачамі сваімі і не пераканалася, што нават паловы не сказалі мне; большая твая мудрасць і багацці, чым тая слава, пра якую я чула.

8Шчасныя людзі твае і шчасныя паслугачы твае, — тыя, якія стаяць заўсёды перад табою і чуюць мудрасць тваю!

9Хай будзе дабраславёны Госпад, Бог твой, Якому спадабаўся ты і Які пасадзіў цябе на пасад Ізраэля, таму што будзе любіць Госпад Ізраэль вечна, і Ён паставіў цябе царом, каб ты чыніў суд і справядлівасць».

10Дык дала яна цару сто дваццаць талентаў золата, і вельмі шмат духмянасцей, і каштоўных камянёў; і не было ніколі болей падаравана вострых духмяных прыпраў, чым падаравала царыца Сабы цару Саламону.

11 2Пар. 9:10, 11 Але і караблі Гірама, тыя, якія прывозілі з Афіра золата, таксама прывозілі з Афіра вельмі многа чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.

12І з дрэва чырвонага цар зрабіў праход для святыні Госпада і для палаца царскага, і гуслі і арфы для спевакоў. І ніколі не было дастаўлена столькі чырвонага дрэва, і не бачана такога па сённяшні дзень.

13А цар Саламон даў царыцы Сабы ўсё, што яна хацела і прасіла ў яго, звыш таго, чым ён адарыў яе з царскай шчодрасцю. Павярнулася яна і пайшла ў зямлю сваю са сваімі паслугачамі.

14 2Пар. 9:13-28 А вага золата, якое штогод дастаўлялася Саламону, была шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць талентаў золата,

15апрача таго, што прыходзіла праз падаткі ад падданых і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў арабскіх, і ад усіх кіраўнікоў краіны.

16І зрабіў цар Саламон дзвесце шчытоў з чыстага золата, шэсцьсот сікляў золата даў ён для кожнага шчыта,

17і трыста меншых шчытоў з добрага золата; на кожны такі шчыт пайшло тры міны золата; і паставіў іх цар у доме з лесу лібанскага.

18Потым зрабіў цар вялікі пасад з косці слановай, і абцягнуў яго цёмна-жоўтым золатам.

19Да пасада вялі шэсць прыступак, і верх пасада быў ззаду круглы, і пара парэнчаў, што знаходзіліся з абодвух бакоў пасада, і пры парэнчах стаялі два львы;

20і на шасці прыступках з абодвух бакоў стаяла дванаццаць ільвянят; ні ў адным царстве не было зроблена нічога падобнага.

21Але і ўсе пасудзіны, з якіх піў цар Саламон, былі залатыя, і з найчысцейшага золата быў увесь посуд у доме з лесу лібанскага; нічога не было са срэбра, бо не мела яно ніякай каштоўнасці ў часы Саламона,

22таму што караблі Тарсіса, якія належалі цару разам з караблямі Гірама, раз у тры гады, прывозілі морам золата, і срэбра, і слановую косць, і малпаў, і паўлінаў.

23 1Цар. 3:12, 13; 4:29; 5:12 Таму цар Саламон багаццем і мудрасцю перавышаў усіх цароў зямлі.

24І ўся зямля хацела пабачыць аблічча Саламона і паслухаць мудрасць яго, якую даў Бог у сэрца яго.

25І кожны з іх прыносіў яму дары: срэбны і залаты посуд, адзенне, зброю, а таксама вострыя духмяныя прыправы, і коней, і мулаў кожны год.

26 2Пар. 1:14-17 1Цар. 4:26 І набраў Саламон калясніц і коннікаў, і меў ён тысячу чатырыста калясніц і дванаццаць тысяч коннікаў; і размясціў ён іх па гарадах калясніц і з царом у Ерузаліме.

27І зрабіў ён так, што срэбра было ў Ерузаліме, што камянёў; і даў столькі кедраў, колькі сікамор расце ў Сэфэлі.

28 Паўт. Зак. 17:16 І прыводзілі Саламону коней з Егіпта і з Коа, бо купцы царскія куплялі коней у Коа па вызначаным кошце.

29І калясніца, якая выходзіла з Егіпта, каштавала шэсцьсот сікляў срэбра, і конь — сто пяцьдзесят; такім чынам, праз іх рукі прадавалася гэта ўсім царам Сірыі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help