Кніга Ярэміі Раздзел 39 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Цар. 25:1-12; Ярэм. 52:4-16 На дзевяты год Сэдэцыі, цара Юдэйскага, у дзесятым месяцы прыбыў Набукаданосар, цар Бабілона, і ўсё войска яго супраць Ерузаліма, і абклалі яго.

2На адзінаццаты год Сэдэцыі, у чацвёртым месяцы, дзевятага дня горад быў адчынены.

3І ўвайшлі тады ўсе князі цара Бабілона і селі ў Сярэдняй браме: Нэргал-Сарэцэр з Самегар-Нэба, Сарсахім, кіраўнік еўнухаў, Нэргал-Сарэцэр, кіраўнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Бабілона.

4І калі ўбачыў іх Сэдэцыя, цар Юдэйскі, і ўсе ваяры, — то кінуліся наўцёкі, і выйшлі ноччу з горада па дарозе праз царскі сад і праз браму, якая была паміж двух муроў, ды выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы.

5Але войска халдэйскае пагналася за імі і дагнала Сэдэцыю ў лагчыне Ерыхона. І, схапіўшы, прывялі ў Рэблу, што ў зямлі Эмат, да Набукаданосара, цара Бабілона, і той абвясціў на яго прысуд.

6І цар Бабілона забіў сыноў Сэдэцыі ў Рэблі на яго вачах, таксама ўсіх магнатаў юдэйскіх забіў цар Бабілона.

7А пасля вырваў вочы Сэдэцыі, закаваў яго ў падвоеныя кайданы, каб завесці яго ў Бабілон.

8І спалілі халдэі дом цара, таксама дамы народа, а муры Ерузаліма зруйнавалі.

9А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да яго, і ўсіх, хто застаўся з майстроў, Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, павёў у няволю ў Бабілон.

10А частку ўбогіх людзей, у якіх не было аніякай маёмасці, пакінуў Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, у зямлі Юды, і даў ім вінаграднікі і палі ў той дзень.

11Адносна ж Ярэміі загадаў Набукаданосар, цар Бабілона, Набузардану, кіраўніку целаахоўнікаў, кажучы:

12«Вазьмі яго, і ўскладзі на яго вочы свае, і не рабі яму нічога благога, і выконвай тое, што ён захоча».

13І Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і Набусазбан, кіраўнік еўнухаў, і Нэргал-Сарэцэр, кіраўнік магаў, і ўсе князі цара Бабілона,

14паслалі прывесці Ярэмію з панадворку варты і перадалі яго Гадаліі, сыну Ахікама, сына Сафана, каб той адпусціў яго дадому. Такім чынам абжыўся ён сярод народа.

15А да Ярэміі, калі быў ён яшчэ ўвязнены на панадворку варты, было слова Госпада наступнае:

16«Ідзі, так скажы Абэд-Мэлеку з Этыёпіі: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я здзейсню Свае словы супраць гэтага горада на ліха, а не на дабро;

17у гэты ж дзень, калі збудзецца гэта на тваіх вачах, Я вызвалю цябе, — кажа Госпад, — і ты не будзеш выдадзены ў рукі людзей, якіх ты баішся.

18Але, вырваўшы, вызвалю цябе, і не ўпадзеш ты ад меча, але будзе ў цябе душа твая за здабычу, бо на Мяне ты ўсклаў спадзяванне,”» — кажа Госпад.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help