1Таму заслужана былі пакараны падобнымі да іх стварэннямі і мноствам звяроў былі замучаны.
2 Вых. 16:9-13; Ліч. 11:10-32 Замест гэтай кары народу Свайму дабро ўчыніў, дзеля прагнасці пацехі Сваёй, незвычайную страву прыгатаваў Ты ім на ежу – перапёлак,
3каб тыя, хоць хацелі есці, дзеля агіднасці тых жывёл, што былі ім пасланы, страцілі нават натуральнае жаданне ежы; а тыя, хутка стаўшы беднымі, каб мелі ежу незвычайную.
4Бо трэба было, каб і на тых тыранаў прыйшла загуба, а тым жа – толькі паказаць, як ворагі іх знішчаліся.
5 Ліч. 21:4-9 Бо калі прыйшла на іх страшэнная шалёнасць гадаў, прападалі яны ад укусаў крутлівых гадзін; аднак гнеў Твой трываў не вечна,
6але для павучэння хутка былі ўстрывожаны, маючы знак збаўлення для прыпамінання загаду Твайго закону.
7Бо хто навяртаўся, аздараўляўся не праз тое, што бачыў, але праз Цябе, Збаўцу ўсіх.
8Гэтым жа паказаў Ты ворагам нашым, што Ты – Той, Хто вызваляе ад усякага ліха.
9 Вых. 8:16-18; 10:4-15 Бо пазабівалі іх укусы саранчы і мух і не знайшлося лекаў для душы іх, бо былі вартыя такім чынам быць знішчанымі;
10сыноў жа Тваіх не перамаглі зубы атрутных змей; бо міласэрнасць Твая апярэджвала і аздараўляла іх.
11У памяць бо слоў Тваіх былі пакусаныя і мігам аздараўляліся, каб не папасці ў глыбокае забыццё, не быць пазбаўленымі Тваёй дабраты.
12 Пс. 107:20 Бо так не аздараўляла іх ані трава, ані прыпаркі, але Слова Тваё, Госпадзе, якое ўсё аздараўляе.
13 Паўт. Зак. 32:39; 1Сам. 2:6 Ты бо маеш уладу над жыццём і смерцю, Ты ўводзіш у брамы цемры і Ты выводзіш.
14А чалавек забівае вось у злачыннасці сваёй, і не можа вярнуць дух, што выйшаў, ані забранай душы не можа вызваліць.
15Але немагчыма выкруціцца з Тваёй рукі:
16 Вых. 9:24, 25 бо бязбожныя, якія ведаць Цябе не хацелі, моцаю рукі Тваёй былі пакараны, замучаны незвычайнымі дажджамі, і градамі, і страшнымі ветраломамі ды знішчаны агнём.
17Бо што было вельмі дзіўнае: у вадзе, якая ўсё тушыць, агонь меў яшчэ больш моцы; бо мсціўца – гэта святло справядлівых.
18Па нейкім бо часе агонь прытухаў, каб не згарэлі звяры, насланыя на бязбожных, але каб яны, гэта бачачы, пераканаліся, што судом Божым пераследуюцца яны.
19А часам нават у вадзе гарэў звыш моцы агонь, каб вынішчыць плады на спаганенай зямлі.
20 Вых. 16:1-36; Пс. 78:25 Замест гэтага народ Свой карміў Ты ежай анёлаў і даў ім хлеб з неба, які меў у сабе ўсю асалоду і задавальняў усякі густ.
21Бо маёмасць Твая даказвала спагадлівасць Тваю да дзяцей і, заспакойваючы волю прымаючага, ператваралася ў тое, чаго хто хацеў.
22Снег і лёд вытрымлівалі агонь і не раставалі, каб зразумелі, што плады ворагаў нішчыў агонь, што гарэў пры градзе і пры ліўнях з маланкамі;
23той жа вось агонь, каб наеліся справядлівыя, таксама губляў сваю сілу.
24Бо стварэнне Табе, Творцы, падначалена; накіроўваецца на пакаранне несправядлівых і больш ласкавым становіцца для дабрадзейнасці тых, хто веруе ў Цябе.
25Дзеля таго і тады, ва ўсё змяняючыся, служыла з ласкі Тваёй як карміцелька ўсіх, па волі тых, хто патрабаваў ад Цябе,
26 Паўт. Зак. 8:3 каб зразумелі дзеці Твае, якіх Ты, Госпадзе, умілаваў, што не плён пладоў корміць чалавека, але слова Тваё беражэ веруючых у Цябе.
27 Вых. 16:21 Бо тое, чаго агонь не мог знішчыць, раставала хутка, сагрэтае кволым промнем сонечным,
28каб ведалі, што трэба апярэджваць сонца, дабраслаўляючы Цябе, і шанаваць Цябе на світанні.
29Надзея бо няўдзячнага – як лёд зімовы: растае ды расплываецца як вада бескарысная.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
