1 Іс. 14:29-31; 23:1-18; Ярэм. 47:1-7; Эзэк. 25:15–28:26; Ам. 1:6-10; Саф. 2:4-7; Зах. 9:1-7; Мц. 11:21, 22; Лк. 10:13, 14 Бо, вось жа, у тыя дні і ў той час, калі Я змяню лёс Юды і Ерузаліма,
2Я збяру ўсе народы і завяду іх у даліну Язафата, і там учыню суд над імі за народ Мой і за спадчыну Маю, ізраэльцаў, якіх яны раскідалі паміж народамі, а зямлю Маю падзялілі.
3І пра народ Мой кідалі жэрабя, і аддавалі юнака за блудніцу, а дзяўчыну прадавалі за віно, каб пілі.
4І што Мне вы, Тыр і Сідон, і ўсе акругі філістынскія? Ці вы хочаце адпомсціць Мне? Калі вы Мне такую помсту чыніце, вельмі хутка Я вашу помсту павярну на галаву вашу.
5Забралі вы срэбра Маё і золата, і забралі каштоўнасці Мае, і занеслі ў святыні вашы.
6Сыноў Юды і сыноў Ерузаліма прадавалі вы сынам Грэцыі, каб аддаліць іх ад межаў сваіх.
7Вось жа, Я выведу іх з месца, у якое вы іх прадалі, і помсту вашу павярну на галаву вашу.
8І прадам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, а яны прададуць іх сабэйцам, народу, які жыве далёка, бо так сказаў Госпад».
9Абвясціце гэта між народамі, прыгатуйцеся да святой вайны, склічце волатаў! Хай прыходзяць і хай выступаюць усе ваяры.
10Перакуйце плугі вашы на мечы, і сярпы вашы — на дзіды; хай слабы кажа: «Я моцны».
11Збярыцеся і прыйдзіце, усе народы сумежныя, ды збярыцеся там! Вядзі, Госпадзе, Тваіх волатаў.
12Хай паўстануць народы і сыдуць у даліну Язафата, там бо сяду Я, каб судзіць усе сумежныя народы.
13Пашліце сярпы, бо наспела жніво, ідзіце і таўчыце, бо поўная тоўчня і выліваецца з тоўчні, бо вялікая ліхота іх.
14Народы, народы ў даліне Прысуду, бо блізкі дзень Госпада ў даліне Прысуду.
15Сонца і месяц пацямнелі, і зоркі страцілі бляск свой.
16І Госпад загрыміць з Сіёна, і з Ерузаліма падыме голас Свой; і ўзварухнуцца нябёсы і зямля, Госпад жа будзе прытулкам народу Свайму і цвярдыняй для сыноў Ізраэля.
17«Дык пазнаеце тады, што Я — Госпад, Бог ваш, Які жыве на Сіёне, гары Маёй святой; і Ерузалім будзе месцам святым, і чужынцы больш не будуць праходзіць праз яго.
18І станецца таго дня: горы будуць сцякаць вінаградным сокам, і ўзгоркі аплываць будуць малаком, і па ўсіх ручаях Юдэі пабягуць воды, а з дома Госпада выцячэ крыніца і напоіць даліну Сэтым.
19Егіпет пойдзе на спусташэнне, і Эдом станецца бязлюднай пустыняй, таму што ліха чынілі адносна сыноў Юды і пралівалі кроў бязвінную ў зямлі іх.
20А зямля Юдэйская будзе заселеная вечна, а Ерузалім — з пакалення ў пакаленне.
21І адпомшчу за кроў іх, не пакіну без пакарання, і Госпад зажыве на Сіёне».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
