Кніга Лічбаў Раздзел 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:

2«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі мужчына або жанчына складуць зарок назіру, каб пасвяціць сябе Госпаду,

3 Лк. 1:15 хай яны ўстрымаюцца ад віна і ўсяго, што можа ап’яніць; хай не п’юць яны воцату з віна і ўсякага іншага пітва, што выціскаецца з вінаграду; хай не ядуць свежага вінаграду і сушанага

4ва ўсе дні, у якія згодна з зарокам яны прысвячаюць сябе Госпаду; хай не ядуць нічога, што можа быць у вінаградніку: ад няспелага вінаграду аж да выцісканага.

5Увесь час аддзялення яго хай нажніцы не дакрануцца да галавы яго аж да заканчэння часу, на які ён прысвячае сябе Госпаду; хай будзе ён святы ды мае даць свабоду валасам расці на галаве.

6Увесь час прысвячэння свайго не павінен ён падыходзіць да нябожчыка;

7і хай пры пахаванні нават бацькі, маці, брата або сястры не апаганіцца, бо прысвячэнне Богу яго — на галаве яго.

8Ва ўсе дні аддзялення свайго хай святым будзе для Госпада.

9А калі хто раптам пры ім памрэ, апаганіцца галава прысвячэння яго; так што хай зараз жа паголіць галаву ў дзень ачышчэння свайго, гэта значыць у сёмы дзень.

10У восьмы ж дзень хай прынясе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў святару да ўваходу ў палатку сустрэчы,

11і хай аднаго прынясе святар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення, і хай ачысціць яго, бо зграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень хай асвяціць галаву яго,

12і хай прысвяціць ён Госпаду дні аддзялення свайго, прыносячы ў ахвяру ягня аднагадовае за злачынства; такім чынам, аднак, каб дні папярэднія былі несапраўднымі, бо прысвячэнне яго абняславілася.

13 Дзеі 21:23, 24 Гэта — закон прысвячэння; калі дні, якія ён вызначыў згодна з зарокам, пройдуць, хай прывядуць яго да ўваходу ў палатку сустрэчы,

14а ён хай прынясе сваю ахвяру Госпаду — адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпалення, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, ды аднаго барана без заганы ў ахвяру прымірэння,

15таксама кошык хлябоў прэсных, запраўленых алеем, з мукі пшанічнай, і праснакі без рошчыны, запраўленыя алеем, і ахвяру з ежы, і ахвяру да ўзлівання — кожную асобна.

16Святар хай занясе гэта перад Госпадам і ўскладзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпалення;

17а барана хай прынясе Госпаду ў ахвяру прымірэння разам з кошыкам праснакоў; і хай ускладзе святар ахвяру з ежы і ахвяру ўзлівання.

18Тады хай паголіць назір ля ўваходу ў палатку сустрэчы валасы свайго прысвячэння, і возьме валасы свае, і кіне іх у агонь, што гарыць пад ахвярай прымірэння;

19і хай возьме святар звараную лапатку барана, і адзін хлеб без рошчыны з каша, і адну прэсную аладку, і хай аддасць іх у рукі назіра, пасля таго як будзе паголена галава яго;

20 Вых. 29:27 і хай святар дары ўзніме перад Госпадам; гэта бо дар святы, які належыць святару, апрача грудзіны ўздымання і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасля гэтага назір можа піць віно.

21Гэта — закон адносна назіра, які прысвяціў ахвяру сваю Госпаду ў час прысвячэння свайго, апрача таго, што набывае рука яго. Згодна са сваім зарокам, што даў ён, павінен ён так рабіць паводле закону прысвячэння свайго”».

22І казаў Госпад Майсею, гаворачы:

23«Скажы Аарону і сынам яго: “Так дабраслаўляйце сыноў Ізраэля і кажыце:

24“Хай дабраславіць цябе Госпад і захоўвае цябе!

25 Пс. 31:17 Хай асвеціць цябе Госпад святлом твару Свайго і хай злітуецца Ён над табою!

26Хай зверне Госпад аблічча Сваё да цябе і хай дасць табе супакой!”

27І хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду іх дабраслаўляць».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help