1 1Сам. 30:16, 17 Сталася ж па смерці Саўла, што Давід вярнуўся па перамозе над Амалекам і спыніўся на два дні ў Сікэлазе.
2А на трэці дзень з’явіўся нейкі чалавек з лагера Саўла ў падзёртым адзенні і з пасыпанай пылам галавой; і ён, калі падышоў да Давіда, упаў на твар свой і пакланіўся да зямлі.
3І Давід запытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён адказаў яму: «Я ўцёк з лагера ізраэльскага».
4І сказаў яму Давід: «Што ж сталася? Скажы мне». Ён кажа: «Людзі паўцякалі з месца бою, і многія з народа, упаўшы, загінулі; таксама Саўл і сын яго Ёнатан загінулі».
5І спытаўся Давід у юнака, які яму расказваў: «Адкуль ты ведаеш, што памёр Саўл і сын яго, Ёнатан?»
6 1Сам. 31:1-6; 1Пар. 10:1-6 І юнак, які прынёс яму гэтыя весткі, сказаў: «Я выпадкова ўзышоў на гару Гэльбоэ, і Саўл ляжаў на сваёй дзідзе. А ўжо коннікі і калясніцы даганялі яго,
7і ён, аглянуўшыся і ўбачыўшы мяне, паклікаў мяне. Калі я яму адказаў: “Вось я”,
8ён спытаўся ў мяне: “Хто ты?” І я сказаў яму: “Я з амалекцаў”.
9І ён сказаў мне: “Падыдзі да мяне і забі мяне, бо туга смяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ўва мне”.
10І я, падышоўшы да яго, забіў яго; бо ведаў, што не зможа ён жыць па сваім падзенні. І ўзяў я вянец з галавы яго, і бранзалет з рукі яго, і прынёс іх сюды, да цябе, гаспадара майго».
11Давід, схапіўшыся за шаты свае, раздзёр іх, і ўсе людзі, якія былі з ім;
12і галасілі яны, і плакалі, і пасцілі аж да вечара дзеля Саўла, і дзеля Ёнатана, сына яго, і дзеля народа Госпада, і дзеля дому Ізраэля, бо яны загінулі ад меча.
13І сказаў Давід юнаку, які аб гэтым паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын чалавека, прыбыльца з Амалека».
14І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку сваю, каб забіць намашчэнца Госпадава?»
15Дык Давід, паклікаўшы аднаго з юнакоў, загадаў: «Падыдзі і забі яго». І той ударыў яго, і ён памёр.
16І сказаў яму Давід: «Кроў твая — на галаву тваю; бо сказанае табою сведчыла супраць цябе, калі ты казаў: “Я забіў намашчэнца Госпадавага”».
17А Давід аплакваў Саўла і сына яго Ёнатана гэтым жалобным галашэннем,
18 Еш. 10:13 і загадаў, каб навучылі сыноў Юды гімну луку, як і было запісана ў Кнізе Справядлівага, і сказаў ён:
19«Слаўныя твае, Ізраэлю, загінулі на гарах тваіх, як жа маглі загінуць такія мужныя?!
20Не расказвайце гэтага ў Геце і не абвяшчайце аб гэтым на вуліцах Аскалона, каб часам не ўзвесяліліся з-за гэтага дочкі філістынскія, каб не радаваліся дочкі неабрэзаных.
21Горы Гэльбоэ! Хай не спадзе на вас ані раса, ані дождж і хай не будзе ў вас палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт мужных, шчыт Саўла, быццам не быў ён памазаны алеем.
22Без крыві забітых, без тлушчу мужных лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма.
23Саўла і Ёнатана, што любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, смерць таксама не разлучыла іх, хутчэйшых за арлоў і дужэйшых за львоў.
24Дочкі ізраэльскія, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у раскошныя пурпуровыя шаты, які даваў залатыя аздабленні для ўпрыгожвання вашага.
25Як жа маглі загінуць у баі такія мужныя! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх.
26О, як шкадую цябе, брат мой Ёнатан: ты быў мне вельмі дарагі; любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую.
27Як палеглі героі і загінула зброя баявая!»
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
