Кніга Эздры Раздзел 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Тады цар Дарый загадаў, і праверылі ў рукапісах скарбоўні, што ў Бабілоне,

2і знойдзены быў у Экбатане, у рэзідэнцыі Мідыйскай правінцыі, адзін скрутак, і так было ў ім напісана: «На памяць.

3У першы год цара Кіра цар Кір вырашыў пра дом Божы, што ў Ерузаліме: хай будзе адбудаваны дом, дзе будуць складаць крывавыя ахвяры і цэласпаленні; вышыня яго — шэсцьдзесят локцяў, і шырыня яго — шэсцьдзесят локцяў,

4з камянёў квадратных хай будзе тры рады, і адзін рад — з дрэва; а выдаткі на гэта хай будуць выдзелены ад царскага дома.

5 Эздр. 5:14, 15 Але і посуд святыні Божай, залаты і срэбраны, які Набукаданосар узяў са святыні ў Ерузаліме і прывёз у Бабілон, хай будзе дастаўлены і аддадзены ў святыню, што ў Ерузаліме, і пастаўлены на сваё месца ў святыні Божай».

6[І Дарый загадаў:] «Дык цяпер Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, Старбузанай з дарадчыкамі сваімі, і кіраўнікі, што за ракою, трымайцеся далёка ад гэтага месца,

7дазвольце ім будаваць гэтую святыню Божую; хай кіраўнік юдэяў і старшыны іх будуюць гэты дом Божы на месцы яго.

8Але і мною дадзены загад, як вы маеце дзейнічаць з гэтымі старшынамі юдэйскімі, якія будуюць гэты дом Божы: каб з маёмасці царскай, гэта значыць, з падаткаў, якія плацяцца з зямлі за ракою, безадкладна і старанна пакрываліся выдаткі гэтых людзей.

9І калі ў чым будзе патрэба па патрабаванні святароў у Ерузаліме: ці ў цялятах, і баранах, і ягнятах на цэласпаленне нябеснаму Богу, ці ў пшаніцы, солі, віне і аліўкавым алеі — давайце ім без падману штодзень.

10І хай складаюць яны ахвяры, прыемныя нябеснаму Богу, і моляцца за жыццё цара ды сыноў яго.

11Такім чынам, мною даецца загад, каб для кожнага чалавека, які зменіць гэтую пастанову, узялі з яго дома бервяно і каб быў ён падняты і прыбіты да яго; а дом яго хай будзе разбураны.

12А Бог, Які захацеў, каб імя Яго было там, хай знішчыць усе царствы і народ, які выцягне руку сваю, каб занядбаць і разбурыць гэты дом Божы, што ў Ерузаліме. Я, Дарый, даў загад, я жадаю, каб ён быў дакладна выкананы».

13Тады Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, і кіраўнікі, і дарадчыкі яго дакладна зрабілі паводле таго, што загадаў цар Дарый.

14 Аг. 1:1; Зах. 1:1 А старшыны юдэйскія будавалі і мелі поспех, згодна з прароцтвам Агея прарока і Захарыі, сына Адо, і скончылі яны будаваць па загадзе Бога Ізраэля і па распараджэнні Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, цароў персаў,

15і скончаны быў гэты дом Божы трэцяга дня месяца Адар, у шосты год царавання цара Дарыя.

16А сыны Ізраэля, святары, і левіты, і іншыя перасяленцы, святкавалі з радасцю асвячэнне гэтага дома Божага.

17І на асвячэнне гэтага дома Божага ахвяравалі сто бычкоў, дзвесце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў за грэх усяго Ізраэля, па ліку дванаццаці пакаленняў Ізраэля.

18І паставілі святароў па іх чэргах, і левітаў па іх чэргах на службу Божую ў Ерузаліме, як напісана ў кнізе Майсея.

19 Вых. 12:1-20 А чатырнаццатага дня першага месяца сыны Ізраэля, перасяленцы, справілі Пасху.

20Усе левіты ачысціліся; і ўсе яны, ачысціўшыся; зарэзалі пасхальнае ягня для ўсіх перасяленцаў, і для братоў сваіх, і для святароў, і для сябе.

21І спажылі ягня сыны Ізраэля, якія вярнуліся з перасялення, а таксама ўсе тыя, што ад нячыстасці народаў зямлі перайшлі да іх, каб шукаць Госпада, Бога Ізраэля.

22І сем дзён з радасцю святкавалі ўрачыстасць праснакоў, бо суцешыў іх Госпад і звярнуў да іх сэрца цара Асірыі, каб дапамагчы іх рукам у пабудове дома Госпада, Бога Ізраэля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help