Кніга Лічбаў Раздзел 24 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І калі Балаам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэль, не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але, павярнуўшы аблічча сваё да пустыні

2і падняўшы вочы, убачыў Ізраэль, што стаяў лагерам па сваіх пакаленнях, і, калі агарнуў яго Дух Божы,

3сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,

4кажа той, хто чуе слова Божае, той, перад кім з’яўляецца Усемагутны, той, хто падае, але так вочы яго адкрываюцца.

5О, як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю!

6Раскінуліся яны, як даліны, як сады, што арошаны рэкамі, як дрэвы алоэ, якія Госпад пасадзіў, як кедры паблізу водаў.

7Хай цячэ вада з вёдзер яго і хай зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Хай цар яго ўзвысіцца над Агагам, і хай узнімецца царства яго.

8Бог вывеў яго з Егіпта, Ён для яго, як рогі буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, а косці іх паламае і струшчыць стрэламі сваімі.

9Ён ляжыць і спіць, як леў і як ільвіца, хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраславіць цябе, той і сам будзе дабраславёны, хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!»

10І, разгневаны на Балаама, Балак, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў сваіх паклікаў я цябе, а іх ты ўжо трэці раз дабраславіў!

11Вяртайся цяпер да свайго дому! Хацеў я цябе багата ўзнагародзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай узнагароды».

12Балаам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я:

13“Нават калі Балак дасць мне поўны свой дом срэбра і золата, не змагу працівіцца слову Госпада; ані што добрае, ані што ліхое не выкажу з сэрца свайго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу?”

14І цяпер, адыходзячы да народа майго, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы».

15І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы;

16кажа той, хто чуе словы Божыя, хто ведае думку Найвышэйшага і бачыць з’яўленні Усемагутнага, які, падаючы, мае адкрытыя вочы.

17Бачу яго, але яшчэ не цяпер; аглядаю яго, але не паблізу. Узыходзіць зорка з Якуба і паўстае скіпетр з Ізраэля; і ён струшчыць галаву Мааба і зруйнуе ўсіх сыноў Сэта.

18І Эдом будзе ўласнасцю яго, і Сэір стане ўласнасцю яго ад ворагаў яго; Ізраэль будзе рабіць вялікія справы.

19Ад Якуба будзе валадар і знішчыць ён рэшткі з народа».

20І, калі ўбачыў ён Амалека, абвясціў прароцтва сваё, ён сказаў: «Амалек — першы з народаў, рэшткі яго знікнуць».

21Убачыў таксама кінэяў, і абвясціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё і на скале пабудавана тваё гняздо;

22але і яно прызначана на знішчэнне, калі Асур зняволіць цябе».

23І абвясціў прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Гора! Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?

24Прыплывуць караблі з Кітыма, і перамогуць асірыйцаў, і спустошаць Гебэр, але ўрэшце і самі загінуць».

25І ўстаў Балаам і вярнуўся на сваё месца; Балак жа дарогай, якой прыйшоў, пайшоў назад.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help