Кніга Тобіі 10 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І ад таго дня Табіэль штодзень лічыў час, за колькі сходзіць і за колькі вернецца сын яго. І калі дні мінулі, і сын яго не вяртаўся,

2сказаў сабе: «Можа, затрыманы ён там? Або, можа, Габаэль памёр, і няма нікога, хто б яму аддаў грошы?»

3І стаў ён непакоіцца.

4І Ганна, жонка яго, сказала: «Загінуў сын мой, і ўжо няма яго сярод жывых. Чаму ён пазніцца?» І пачала плакаць і галасіць дзеля свайго сына, і сказала:

5«Гора мне, сынок, што я пусціла цябе ў дарогу, святло маіх вачэй!»

6А Табіэль ёй казаў: «Маўчы, не непакойся, сястрыца; жывы сын наш, але, напэўна, нейкая перашкода ўзнікла ў іх там, бо і чалавек, які з ім пайшоў, верны, і ён з братоў нашых. Не сумуй дзеля яго, сястрыца, яшчэ прыйдзе ён».

7І яна адказала: «Ты не гаворыш мне праўды, не зводзь мяне! Загінуў сын мой». І выходзіла штодзень, і паглядала на дарогу, якою выйшаў сын яе, і нічога не ела; і, калі заходзіла сонца, вярталася ды плакала са смутку ўсю ноч і не спала. І калі мінула чатырнаццаць дзён вяселля, якія прысягнуў Рагуэль учыніць дачцэ сваёй, прыйшоў да яго Тобія і сказаў: «Адпусці мяне. Бо ведаю, што бацька мой і маці мая не вераць, што яшчэ пабачаць мяне. Дык цяпер прашу, бацьку, адпусці мяне і яе да бацькі майго; я табе казаў ужо, у якім стане пакінуў яго».

8І Рагуэль сказаў Тобіі: «Пабудзь, сынок, пабудзь у мяне, і я вестуноў пашлю да Табіэля, бацькі твайго, і яны раскажуць яму пра цябе».

9І ён сказаў яму: «О не! Адпусці мяне адсюль, прашу, да бацькі майго».

10І Рагуэль устаў, даў Тобіі жонку яго, Сару, і палову сваёй маёмасці: паслугачоў і паслугачак, валоў і авечак, аслоў і вярблюдаў, адзенне, і грошы, і прылады.

11І адпусціў іх, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Будзь здароў, сынок, ды ідзі ў здароўі! Хай Госпад неба добра кіруе дарогамі вашымі; і хай пабачу ў вас дзяцей перш, чым памру».

12І пацалаваў дачку сваю Сару, і сказаў ёй: «Дачушка, паважай свайго свёкра і свякроў сваю, бо яны адсёння з’яўляюцца бацькамі тваімі, як тыя, што цябе нарадзілі. Ідзі ў супакоі, дачушка! Каб толькі ў жыцці сваім чуў я пра цябе ўсё добрае». І яшчэ пацалаваў яе і адпусціў іх. І Эдна сказала Тобіі: «Сынок і мілы браток, хай Госпад неба прывядзе яшчэ цябе, і каб пабачыла я дзетак тваіх і дачушкі маёй Сары, пакуль не памру, каб пацешылася я перад Госпадам. Я табе даручаю дачушку маю, быццам у апеку, каб не засмучаў яе ва ўсе дні жыцця твайго. Ідзі, сынок, у супакоі. Я адсюль маці твая, а Сара – сястра твая. Хай пашле шчасце ўсім нам Ён ва ўсе дні жыцця нашага». І пацалавала іх абодвух, і адпусціла іх у здароўі.

13І адышоў Тобія ад Рагуэля ў радасці і ў дабраславенні Госпада неба і зямлі, Валадара ўсяго, бо Ён кіраваў дарогай яго. І дабраславіў Рагуэля і Эдну, жонку яго, і сказаў ім: «Хай маю ласку паважаць вас як бацькоў маіх ва ўсе дні жыцця вашага».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help