Кніга Даніэля Раздзел 13 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 У Бабілоне пражываў адзін чалавек на імя Ёакім;

2і ён узяў жонку на імя Зузана, дачку Гэльцыі, вельмі прыгожую і богабаязную:

3бацькі бо яе былі справядлівыя і выхавалі дачку сваю згодна з законам Майсея.

4Ёакім жа быў вельмі багаты і меў зямлю блізка ад свайго дома; і прыходзіла да яго многа юдэяў, бо яго паважалі больш за ўсіх.

5І ў тым годзе выбралі двух старых паміж людзей на суддзяў, аб якіх сказаў Госпад: «Выйшла злачыннасць з Бабілона з пасярод суддзяў-старцаў, якія лічыліся за правадыроў народа».

6Яны ж наведвалі дом Ёакіма, і да іх прыходзілі ўсе, якія мелі справы судовыя.

7Калі ж каля поўдня людзі разыходзіліся, прыходзіла Зузана і праходжвалася па зямлі свайго мужа.

8І абодва старыя бачылі яе штодзень, калі яна прыходзіла і гуляла, і ахапіла іх пажадлівасць,

9і страцілі свой розум, і адвярнулі свае вочы, каб не глядзець больш у неба і не звяртаць увагу на справядлівыя суды.

10Такім чынам, абодва былі ахоплены страсцю да яе і хавалі ўзаемна перад сабою сваё мучэнне;

11саромеліся бо прызнацца ў сваёй пажадлівасці, жадаючы легчы з ёю,

12ды так стараліся штодзень яе пабачыць. І сказаў адзін аднаму:

13«Вяртаемся дамоў, бо ўжо пара палуднаваць». Ды разышліся кожны ў свой бок.

14І паколькі абодва звярнулі з дарогі, то сустрэліся на гэтым самым месцы, і, пытаючыся ўзаемна пра прычыну, прызналіся ў сваёй пажадлівасці; і тады дагаварыліся супольна аб часе, калі змогуць спаткаць яе адну.

15Сталася ж, калі чакалі зручнага дня, аднойчы выйшла Зузана, як і ў папярэднія дні, толькі з дзвюма служанкамі, жадаючы пакупацца ў садзе; было бо вельмі спякотна.

16І не было там нікога, за выключэннем двух старых, якія, схаваўшыся, за ёй наглядалі.

17І сказала яна служанкам: «Прынясіце мне аліўкавага алею і духмянасцей, і дзверы саду замкніце, каб магла я пакупацца».

18І зрабілі, як яна загадала, і, замкнуўшы дзверы саду, выйшлі бакавымі дзвярамі, каб прынесці тое, што ім было загадана: і не ведалі, што старыя схаваліся ўнутры.

19Калі ж служанкі выйшлі, абодва старыя падняліся і пабеглі да яе, кажучы:

20«Бачыш, дзверы саду замкнёны, і ніхто нас не бачыць, і мы жадаем цябе; дык згадзіся з намі.

21Бо калі адмовішся, засведчым супраць цябе, што быў з табою юнак і дзеля гэтага адаслала ты служанак ад сябе».

22Уздыхнула Зузана і сказала: «Трапіла я ў цяжкую сітуацыю з усіх бакоў: бо калі гэта зраблю — пагражае мне смерць; калі ж не зраблю — не ўцяку ад вашых рук;

23але лепш мне нявіннай трапіць у вашы рукі, чым грашыць перад абліччам Госпада».

24Ды закрычала Зузана моцным голасам; крыкнулі ж таксама абодва старыя супраць яе,

25і адзін з іх пабег адчыніць дзверы саду.

26Дык калі дамашнія паслугачы пачулі крык у садзе, пабеглі праз бакавыя дзверы, каб паглядзець, што з ёй сталася.

27Калі ж старыя расказалі сваё, паслугачы вельмі збянтэжыліся, ніколі бо такіх слоў не чулі пра яе.

28І на наступны дзень, калі сабраўся народ у мужа яе Ёакіма, прыбылі і два старыя, поўныя ліхіх намераў адносна Зузаны, каб яе асудзіць на смерць;

29ды сказалі людзям: «Пашліце па Зузану, дачку Хэльцыі, жонку Ёакіма»; і паклікалі яе.

30Ды прыйшла са сваімі бацькамі, і дзецьмі, ды ўсімі сваімі сваякамі.

31Зузана ж была вельмі далікатная і прыгожая абліччам.

32І крывадушнікі загадалі ёй, каб яна агалілася, — бо была яна апранутая, — каб палюбавацца яе прыгажосцю.

33Такім чынам, усе яе блізкія, а таксама ўсе, што яе бачылі, — плакалі.

34А два старыя, падняўшыся з натоўпу, усклалі рукі на яе галаву;

35яна, плачучы, паглядзела ў неба: бо сэрца яе было поўнае надзеі ў Госпадзе.

36І старыя сказалі: «Калі прагульваліся мы адны ў садзе, яна ўвайшла з дзвюма служанкамі, і замкнула дзверы саду, і адправіла служанак;

37і прыйшоў да яе юнак, які схаваўся, і лёг з ёю.

38Затым мы, знаходзячыся ў канцы саду і бачачы злачынства, падбеглі да іх.

39І ўбачылі мы іх разам. І яго не змаглі мы схапіць, бо быў дужэйшы за нас і, адчыніўшы дзверы, уцёк.

40Калі ж мы яе схапілі, спыталі, кім быў той юнак, і не захацела нам назваць. Мы сведкі гэтае справы».

41Паверыў ім натоўп як старцам і суддзям народа, і асудзілі яе на смерць.

42Закрычала ж Зузана моцным голасам і сказала: «Спрадвечны Божа, Ты пазнаеш тое, што скрытае, Ты ведаеш усё, перш чым станецца,

43Ты ведаеш, што вынеслі фальшывае сведчанне супраць мяне; і вось, я паміраю, хоць не зрабіла нічога з таго, у чым яны крывадушна мяне вінавацяць».

44Госпад жа выслухаў яе просьбу.

45І калі вялі яе на смерць, узбудзіў Бог Святы Дух у юнаку на імя Даніэль;

46і крыкнуў ён моцным голасам: «Чысты я ад яе крыві!»

47І ўвесь народ звярнуўся да яго, пытаючыся: «Што значаць гэтыя словы, якія ты сказаў?»

48Ён, стаўшы сярод іх, сказаў: «Ці ж вы такія неразумныя, сыны Ізраэля?! Не разабраўшыся ці праўды не пазнаўшы, асуджаеце дачку Ізраэля!

49Вярніцеся на суд, бо яны сказалі фальшывае сведчанне супраць яе».

50Такім чынам, увесь народ хутка вярнуўся; ды сказалі старыя яму: «Хадзі і сядай паміж нас, і дакажы нам, бо Бог даў табе гонар старшынства!»

51І Даніэль сказаў людзям: «Аддзяліце іх далёка адзін ад аднаго, і я рассуджу іх».

52Такім чынам, калі былі яны ўжо аддзелены адзін ад аднаго, паклікаў ён аднаго з іх і сказаў яму: «Састарэўся ты ў пераваротнасці, цяпер выходзяць наверх грахі твае, якіх дапускаўся раней,

53выдаючы несправядлівыя прысуды, асуджаючы бязвінных і вызваляючы вінаватых, хоць Госпад сказаў: “Нявіннага і справядлівага не забівай”.

54Дык цяпер, калі ты яе ўбачыў, скажы, пад якім дрэвам ты бачыў іх, калі яны размаўлялі між сабою?» Ён адказаў: «Пад масцікавым дрэвам».

55А Даніэль сказаў: «Правільна салгаў на галаву сваю; вось бо анёл Божы, атрымаўшы прысуд ад Бога, раздзярэ цябе напалам!»

56І, адаслаўшы яго, загадаў прывесці другога і сказаў яму: «Семя хананейскае, а не Юды, прыгажосць звяла цябе і пажадлівасць перавярнула сэрца тваё.

57Так рабілі вы з дочкамі ізраэльскімі, і яны, баючыся, займаліся з вамі, але не, дачка Юды стрымала вашу разбэшчанасць.

58Дык цяпер скажы мне, пад якім дрэвам заўважыў ты іх, калі яны размаўлялі між сабой?» Ён адказаў: «Пад дубам».

59А Даніэль сказаў яму: «Правільна салгаў і ты на галаву сваю; чакае бо цябе анёл Божы, трымаючы меч, каб рассячы цябе папалам і вас загубіць».

60Такім чынам, увесь сход загаманіў моцна і дабраславіў Бога, Які збаўляе тых, хто ўскладае надзею на Яго.

61Ды накінуліся на двух старых — бо даказаў ім Даніэль вуснамі іх, што сказалі яны фальшывае сведчанне, — і зрабілі з імі, як яны зло рабілі блізкім.

62Так што зрабілі яны паводле закону Майсеевага; і забілі іх, і ў дзень той зберажона была непавінная кроў.

63Хэльцыя ж і яго жонка хвалілі Бога за дачку сваю Зузану разам з мужам яе Ёакімам ды ўсімі сваякамі, бо нічога не даказалі ў ёй ганебнага.

64Даніэль жа з таго дня і ў будучым праславіўся ў сваім народзе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help