Кніга Ярэміі Раздзел 5 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1“Абыдзіце кругом вуліцы Ерузаліма, агледзьце і прасачыце, і пашукайце на плошчах яго, ці знойдзеце чалавека, ці ёсць такі, хто чыніў бы па справядлівасці ды шукаў праўды, і Я буду да яго літасцівы.

2Нават калі яны скажуць: “Жыве Госпад!”, — пэўна, прысягаюць яны фальшыва”.

3Госпадзе, ці ж вочы Твае не пазіраюць на праўду? Ты апанаваў іх горам, а яны не бядуюць, знішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць павучанне; закамянілі твары свае горш за скалу, не хочуць навярнуцца.

4Але я сказаў: “Вось, гэта жабракі чыняць неразумна, бо не ведаюць шляхоў Госпада, прысуду Бога свайго.

5Дык пайду я да людзей заможных ды скажу ім, яны бо ведаюць шлях Госпада і прысуд Бога свайго”». Але яны таксама паламалі ярмо, парвалі путы.

6Дзеля таго нішчыць іх леў з лесу, воўк пустыні выгубляе іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо павялічыліся грахі іх, узмацніліся іх адступніцтвы.

7«Дзеля чаго змагу быць да цябе літасцівы? Дзеці твае пакінулі Мяне ды прысягнулі тым, якія не ёсць багамі. Насыціў Я іх, а яны чужаложылі, грамадою сцякаліся ў дом распусніцы.

8Сталіся яны коньмі адкормленымі і неакілзанымі, кожны ржэ на жонку бліжняга свайго.

9 Ярэм. 5:29; 9:9 “Ці ж за гэта Я не пакараю, — кажа Госпад, — і ці ж народу такому не адпомсціць душа Мая?

10Узыдзіце на муры яго і разбурайце, але поўнага знішчэння не рабіце, знішчыце парасткі яго, бо не Госпадавы яны.

11Бо адхіліліся ад Мяне крывадушна дом Ізраэля і дом Юды”, — кажа Госпад.

12Выракліся яны Госпада і сказалі: “Няма Яго: не прыйдзе на нас няшчасце, не ўбачым ані меча, ані голаду”».

13Прарокі будуць, як вецер, і няма ў іх адказу. І гэтак ім станецца.

14Таму вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «За тое, што вы сказалі слова гэтае, вось, Я раблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дрэвам, і паглыне іх.

15 Паўт. Зак. 28:49 Вось, Я навяду на вас, дом Ізраэля, народ далёкі, — кажа Госпад, — народ дужы, народ старадаўні, народ, якога мовы ты не будзеш ведаць і не зразумееш, што ён гаворыць.

16Яго калчан — быццам грабніца адкрытая; усе яны магутныя.

17І з’есць ён жніво тваё і хлеб твой, паглыне сыноў тваіх і дачок тваіх, з’есць тваю дробную і буйную жывёлу, з’есць твае вінаграднікі і дрэвы фігавыя, знішчыць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся.

18 Ярэм. 4:27 Аднак у тыя дні, — кажа Госпад, — не зраблю вам поўнае загубы.

19 Ярэм. 16:10, 11 А калі вы скажаце: “Чаму зрабіў нам усё гэта Госпад, Бог наш?” — ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у сваёй зямлі, так будзеце служыць чужынцам у зямлі не сваёй”.

20Паведаміце аб гэтым дому Якуба і дайце пачуць у Юдэі, кажыце:

21 Іс. 6:9, 10; Эзэк. 12:2; Мц. 13:14; Мк. 8:18; Рым. 11:8 “Паслухай, народ без розуму і без сэрца, якія, маючы вочы, не бачаць, маючы вушы, не чуюць.

22 Ёў 38:8-11 Ці ж вы не будзеце шанаваць Мяне, — кажа Госпад, — і не затрымціце перад абліччам Маім? Я абмежаваў мора пяском на загад вечны, якога яно не абміне; і хвалявацца будуць, але не змогуць, і ўздымацца будуць хвалі, але не пераступяць яго”.

23Сэрца ў гэтага народа сталася ўпартым і бунтоўным; адступіліся яны і адышліся,

24ды не сказалі ў сэрцы сваім: “Давайце шанаваць Госпада, Бога нашага, Які дае нам у свой час дождж ранні і позні, захоўвае для нас сталыя тыдні жніва”.

25Беззаконне ваша ўхіліла гэта, і грахі вашы пазбавілі вас дабра,

26бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць, як птушкаловы, якія, угнуўшыся, стаўляюць пасткі, каб лавіць людзей.

27Як клетка поўная птушак, так іх дамы поўныя падману, і так становяцца яны велічнымі і багатымі,

28 Іс. 1:23 сытымі і тлустымі, ды перайшлі яны ўсе меры ліха. Не разбіраюць яны справу, справу сіраты, каб толькі мець сабе поспех, і справы ўбогіх не разглядаюць.

29 Ярэм. 5:9; 9:9 Ці ж за гэта Я не пакараю іх, — кажа Госпад, — і ці ж не адпомсціць душа Мая такому народу, як гэты?

30Дзіўнае і жудаснае дзеецца на зямлі:

31прарокі праракавалі лжыва, святары пляскалі ў далоні свае, і народ Мой палюбіў гэта. Дык што будзеце рабіць, калі прыйдзе гэтаму канец?»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help