Другая кніга Цароў Раздзел 9 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1А прарок Элісей паклікаў аднаго з сыноў прарокаў і сказаў яму: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі гэтую пасудзіну з алеем у руку сваю, і ідзі ў Рамот у Галаадзе.

2Калі прыйдзеш туды, убачыш Егу, сына Язафата, сына Намсі, і, увайшоўшы, возьмеш яго пасярод братоў яго, і ўвядзеш ва ўнутраны пакой.

3І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву яму, і скажаш: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара Ізраэля”. І адчыніш дзверы, і ўцячэш адтуль без затрымкі».

4І пайшоў у Рамот у Галаадзе той юнак, паслугач прарока,

5і прыйшоў. А вось, сядзелі разам кіраўнікі войска, і ён сказаў: «Маю табе, кіраўнік, сказаць слова». І Егу сказаў: «Каму з усіх нас?» А ён сказаў: «Табе, о кіраўнік».

6 1Цар. 19:16 І ён устаў, і ўвайшоў у пакой. А юнак выліў алей яму на галаву і сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я намашчаю цябе на цара над народам Госпадавым, над Ізраэлем.

7 1Цар. 21:21-23 Ты знішчыш дом Ахаба, гаспадара твайго, каб адпомсціць за кроў паслугачоў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх паслугачоў Госпада, якія загінулі ад рукі Езабэлі.

8І знішчу Я ўвесь дом Ахаба, і Я заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, і маладога, і дарослага ў Ізраэлі.

9І зраблю Я з домам Ахаба, як з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі.

10 1Цар. 21:23 Таксама Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэль, і не будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзверы, і ўцёк.

11А Егу выйшаў да паслугачоў гаспадара свайго, якія запыталіся ў яго: «Ці добра ўсё? Чаго прыходзіў да цябе гэты шаленец?» Ён адказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і што ён гаварыў?»

12Але яны адказалі: «Гэта хлусня! Раскажы нам!» Ён сказаў ім: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара над Ізраэлем”».

13Дык кожны з іх зняў паспешна плашч свой і разаслаў ля ног яго на прыступках, і затрубілі яны ў трубу, і закрычалі: «Егу — цар!»

14 2Пар. 22:5, 6 Такім чынам, Егу, сын Язафата, сына Намсі, паўстаў супраць Ярама. А сам Ярам і ўвесь Ізраэль у той час баранілі Рамот у Галаадзе ад Газаэля, цара Сірыі,

15 2Цар. 8:29 і вярнуўся Ярам, каб вылечыць у Езрагэлі раны, якія прычынілі яму сірыйцы ў баі супраць Газаэля, цара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі вы згодны са мною, хай ніводзін не выходзіць з горада, каб занесці вестку ў Езрагэль».

16І ўстаў ён, і накіраваўся ў Езрагэль; бо Ярам ляжаў там, і Ахазія, цар Юдэі, прыбыў наведаць Ярама.

17Такім чынам, вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрагэлі, убачыў дружыну Егу, калі ён ішоў, і закрычаў: «Бачу людзей». І Ярам сказаў: «Вазьмі конніка, і пашлі насустрач ім, і хай ён спытае, падышоўшы: “Ці ўсё добра?”»

18І паехаў коннік насустрач ім, і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною». Вартаўнік таксама паведаміў, кажучы: «Прыбыў да іх пасланец і не вяртаецца».

19Зноў Ярам паслаў другога конніка, і той пад’ехаў да іх і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» А Егу адказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною».

20А вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыбыў ён да іх і не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сын Намсі; бо ён шалёна ездзіць».

21 2Пар. 22:7-9 І Ярам загадаў: «Запрагай калясніцу!» І запрэглі калясніцу яго, і Ярам, цар Ізраэля, і Ахазія, цар Юдэі, кожны ў сваёй калясніцы паехалі. І накіраваліся яны насустрач Егу, і напаткалі яго на полі Набота з Езрагэля.

22І калі Ярам убачыў Егу, сказаў: «Ці ўсё добра, Егу?» А той адказаў: «Што добрага? Калі яшчэ працягваецца распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва яе!»

23А Ярам павярнуў дружыну сваю і кінуўся ўцякаць, крычучы Ахазію: «Здрада, Ахазія!»

24А Егу рукою нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж лапаткамі. І страла прайшла праз яго сэрца; і адразу ж ён схіліўся ў калясніцы сваёй.

25І Егу сказаў кіраўніку свайму, Бадакару: «Вазьмі і кінь яго на полі Набота з Езрагэля! Бо ўзгадай: я і ты былі з імі, калі абодва ехалі за яго бацькам, Ахабам, калі Госпад выказаў на іх прысуд:

26 1Цар. 21:19 “Сапраўды, — кажа Госпад, — учора бачыў Я кроў, кроў Набота і кроў сыноў яго, аддам табе на гэтым полі”, — кажа Госпад. Дык вазьмі цяпер і кінь яго на полі па слове Госпада».

27А Ахазія, цар Юдэі, бачачы гэта, уцякаў дарогай на Бэтган; і дагнаў яго Егу, і загадаў: «І гэтага таксама забіце!» І паранілі яго ў калясніцы яго на ўзгорку Гавэр, што пры Іблааме, але ён уцёк у Магеду і там памёр.

28І паслугачы яго ўсклалі яго на калясніцу яго і прывезлі ў Ерузалім; і пахавалі яго ў магіле разам з бацькамі яго ў горадзе Давіда.

29На адзінаццаты год Ярама, сына Ахаба, Ахазія стаў царом Юдэі.

30Увайшоў Егу ў Езрагэль, а Езабэль, пачуўшы пра яго прыход, падмалявала вочы свае сурмою, і аздобіла галаву сваю, і заўважыла праз акно,

31 1Цар. 16:9, 10 калі Егу ўваходзіў праз браму, і крыкнула: «Ці ўсё добра, Замбры, які забіў свайго гаспадара?»

32І Егу ўзняў твар свой у бок акна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры еўнухі.

33А ён сказаў ім: «Скіньце яе ўніз!» І выкінулі яе, і крывёй залілася сцяна і коні, якія яе тапталі.

34І, калі ўвайшоў Егу, каб есці і піць, ён сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую і пахавайце яе, бо яна царская дачка».

35І калі выйшлі, каб пахаваць яе, не знайшлі нічога, толькі чэрап, і ногі, і далоні.

36 1Цар. 21:23 І, вярнуўшыся, расказалі пра гэта яму. І сказаў Егу: «Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго Іллю з Тэсбы, кажучы: “На полі Езрагэль сабакі будуць есці цела Езабэлі;

37і труп Езабэлі будзе, як гной на паверхні зямлі ў полі ў Езрагэля, так што не можна будзе сказаць: “Гэта тая самая Езабэль!”»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help