1Здарылася ж, што калі Госпад хацеў узяць Іллю на неба ў віхуры, ішлі Ілля і Элісей з Галгала,
2і сказаў Ілля Элісею: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне аж у Бэтэль». Элісей адказаў яму: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Бэтэль,
3і выйшлі сыны прарокаў, якія былі ў Бэтэлі, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён адказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».
4І сказаў яму Ілля: «Элісей, застанься тут, бо Госпад паслаў мяне ў Ерыхон». Але ён адказаў: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Калі прыйшлі яны ў Ерыхон,
5падышлі сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён кажа: «Ведаю, а вы маўчыце!»
6І сказаў яму Ілля: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдана». Ён кажа: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Дык пайшлі яны абодва разам,
7і пяцьдзесят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць паводдаль. А яны абодва стаялі каля Ярдана.
8Тады Ілля зняў плашч свой, і скруціў яго, і ўдарыў ім па вадзе, якая раздзялілася ў адзін і ў другі бок, і перайшлі абодва па сухому.
9 Паўт. Зак. 21:17 І, калі перайшлі, Ілля сказаў Элісею: «Прасі, чаго хочаш, каб я зрабіў табе, пакуль не буду забраны ад цябе». А Элісей сказаў: «Прашу, хай дух, які ў табе, будзе на мне ўдвая!»
10Ён адказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі, аднак, убачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе тое, пра што просіш; а калі не ўбачыш, — не будзе».
11І, калі яны ішлі і, ідучы, размаўлялі, раптам з’явілася агністая калясніца і агністыя коні і раздзялілі абодвух, і Ілля ў віхуры падняўся на неба.
12 2Цар. 13:14 А Элісей глядзеў і крычаў: «Айцец мой! Айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго». І болей яго ўжо не бачыў, і, схапіўшы шаты свае, раздзёр іх на дзве часткі.
13Потым падняў ён плашч Іллі, які зваліўся з яго, і вярнуўся і стаў на беразе Ярдана.
14І плашчом Іллі, які зваліўся з яго, ударыў па вадзе і сказаў: «Дзе зараз Госпад, Бог Іллі?» І ўдарыў па вадзе, і яна раздзялілася туды і сюды, і Элісей перайшоў.
15І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Іллі супачыў на Элісеі». І прыйшлі насустрач яму, і пакланіліся яму, упаўшы тварам на зямлю,
16і сказалі яму: «Вось паміж паслугачоў тваіх знаходзяцца пяцьдзесят мужных чалавек, якія могуць пайсці і пашукаць гаспадара твайго, ці, часам, не падняў яго Дух Госпадаў і не спусціў на адной з гор або ў якой лагчыне». Ён сказаў: «Не пасылайце!»
17А яны вымушалі яго, пакуль не надакучылі так, што Элісей сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзесят чалавек. Паколькі яны шукалі Іллю тры дні і не знайшлі,
18то вярнуліся да яго. А ён быў у Ерыхоне і сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце”»?
19Таксама сказалі жыхары горада Элісею: «Вось, месца гэтага горада вельмі добрае, як сам ты, гаспадару, бачыш; але вада вельмі дрэнная і зямля не дае пладоў».
20А ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце ў яе солі». Калі яны прынеслі яму,
21ён пайшоў да крыніцы вады, укінуў у яе соль і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Аздаравіў Я ваду гэтую, і не будзе ў ёй больш ані смерці, ані неўрадлівасці”».
22Такім чынам, аздароўлена была вада аж да сёння паводле слова Элісея, якое ён сказаў.
23Адтуль жа пайшоў ён у Бэтэль. Калі ж ішоў ён дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з горада і смяяліся з яго пагардліва, кажучы: «Ідзі, лысы; ідзі, лысы!»
24Калі ён аглянуўся, убачыў іх і пракляў іх у імя Госпада; і выйшлі дзве мядзведзіцы з лесу, і разарвалі з іх сорак два хлопцы.
25Адтуль жа пайшоў ён на гару Кармэль і адтуль вярнуўся ў Самарыю.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
