1Адносна Сіёна не буду маўчаць і адносна Ерузаліма не спачну, пакуль не ўзыдзе, як святло, справядлівасць Яго і збаўленне Яго не засвеціць, як светач.
2 Адкр. 2:17 Тады народы ўбачаць справядлівасць тваю, і ўсе цары — хвалу тваю; і будуць клікаць цябе імем новым, якім назавуць цябе вусны Госпадавы.
3І ты станеш вянцом славы ў руцэ Госпада і вянцом валадарства ў руцэ Бога твайго.
4І не будзеш болей называцца «пакінутай», а зямлі тваёй не назавуць болей «спустошанай», але назавуць цябе «маё ўпадабанне ў ёй», а зямлю тваю — «замужняя». Бо ўпадабаў цябе Госпад, і зямля твая будзе ў шлюбе.
5Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так возьмуць цябе сыны твае, і як сужэнец цешыцца з сужэнкі, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.
6«На мурах тваіх, Ерузалім, паставіў Я варту, увесь дзень і ўсю ноч, ніколі маўчаць не будуць». Вы, што прыпамінаеце Госпада, не маўчыце,
7і яму не давайце супакою, пакуль не адновіць і не зробіць Ерузалім хвалою на зямлі.
8Прысягнуў Госпад правіцай сваёю, ды рукой Магутнасці сваёй: «Не дам больш пшаніцы тваёй на ежу непрыяцелям тваім, і не будуць піць сыны чужынца віна твайго, над якім ты працаваў.
9Бо тыя, што сабралі яе, будуць есці і будуць хваліць Госпада, а тыя, хто сабраў вінаград, піць будуць віно на панадворку Маёй святыні.
10Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце дарогу народу! Прастуйце, прастуйце гасцінец, прыміце каменні! Падыміце знак для народаў!»
11Вось што даў Госпад пачуць на граніцах зямлі: «Скажыце дачцы сіёнскай: “Вось жа, прыходзіць збаўленне тваё, вось плата Яго разам з Ім і ўзнагарода Яго перад ёю”».
12І называць іх будуць «народам святым», «адкупленымі Госпадам». А табе дадуць імя «Шуканая», «Горад непакінуты».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
