Кніга Выслоўяў Саламонавых Раздзел 15 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Мяккі адказ уціхамірвае гнеў, а жорсткая размова выклікае лютасць.

2Язык мудрых лье веды, вусны бязглуздых выкрыкваюць бязглуздасць.

3Ва ўсялякім месцы вочы Госпада. Яны бачаць ліхіх і добрых.

4Язык лагодны — дрэва жыцця, а двухсэнсавасць на ім зняважыць дух.

5Бязглузды кпіць з настаўлення бацькі свайго, а хто беражэ папрокі — будзе разумнейшы.

6У доме справядлівага вельмі многа багацця, а ў набытках бязбожніка — хваляванне.

7Вусны мудрых распаўсюдзяць веды; сэрца бязглуздых — не будзе вернае.

8 Высл. 21:27 Ахвяры бязбожнікаў — агідныя для Госпада; абяцанні справядлівых — мілыя Яму.

9Агіднасць для Госпада — дарога бязбожніка; хто ідзе ўслед за справядлівасцю — будзе любімы Ім.

10Лютая кара таму, хто пагарджае вернай дарогай; хто ненавідзіць папрокі — памрэ.

11 Ёў 26:6 Пекла і пагібель — перад вачамі Госпада, а тым больш — сэрцы сыноў чалавечых!

12Насмешнік не любіць таго, хто яго абвінавачвае, і да людзей мудрых не ходзіць.

13Сэрца радаснае весяліць твар, у смутку душы дух падае.

14Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны бязглуздых жывяцца бязглуздасцю.

15Усе дні ў бедных — ліхія, а вясёлы ў сэрцы — быццам заўсёды на застоллі.

16Лепш трохі са страхам Госпада, чым вялікія скарбы — з трывогай.

17 Высл. 17:1 Лепш мера гародніны з любоўю, чым адкормленае цяля — з нянавісцю.

18Чалавек запальчывы выклікае сваркі; а той, хто з’яўляецца цярплівым, уціхамірвае спрэчкі.

19Дарога гультаёў быццам агароджа цярновая, дарога разважлівых — гладкая.

20 Высл. 10:1; 23:24 Мудры сын радуе бацьку; а бязглузды чалавек адцураецца маці сваёй.

21Бязглуздасць — радасць для таго, хто не мае розуму; а чалавек разважлівы накіроўвае прама крокі свае.

22 Высл. 11:14 Дзе няма парады — разбягаюцца намеры, а здзяйсняюцца — дзе многа дарадчыкаў.

23Весяліцца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і спрыяльная размова — найлепшая.

24Сцежка жыцця вядзе ўгару для чалавека вучонага, каб ухіліцца ад пекла ўнізе.

25Госпад разбурыць дом пыхлівых, а межы ўдавы ўмацуе.

26Агіднасць для Госпада — намеры ліхія, а чыстая размова — найпрыгажэйшая.

27 1Цім. 6:9 Развальвае дом свой той, хто прыслужвае прагнасці, а хто ненавідзіць падарункі — жыць будзе.

28Розум справядлівага абдумвае, што адказаць; вусны бязбожнікаў зласловяць.

29 Ян. 9:31 Ад бязбожнікаў Госпад далёка, а размовы справядлівых Ён выслухае.

30Святло вачэй радуе душу, добрая слава ўдобрывае косці.

31Вуха, якое слухае папрокі жыцця, застанецца сярод мудрых.

32Хто адкідае настаўленне — адцураецца душы сваёй; а хто слухае папрокі — уладар сэрца.

33Страх Госпадаў — настаўленне мудрасці, а славе папярэднічае пакора.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help