Кніга Эзэкіэля Раздзел 37 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Супачыла на мне рука Госпада, і вывеў Ён мяне ў духу Госпада, і паставіў мяне сярод даліны, якая была поўная костак.

2І абвёў Ён мяне па іх вакол: а вось, было іх на паверхні даліны вельмі многа, і былі яны дужа сухія.

3І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, як лічыш, ці косткі гэтыя вернуцца зноў да жыцця?» А я сказаў: «Госпадзе Божа, Ты ведаеш».

4І сказаў Ён мне: «Праракуй над гэтымі косткамі і кажы ім: “Сухія косткі, слухайце слова Госпада!”

5Вось што кажа Госпад Бог гэтым косткам: “Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,

6і звяжу вас жыламі, і зраблю, што абрасцеце вы целам, ды абцягну вас скурай, і дам вам дух, і будзеце жыць, і зразумееце, што Я — Госпад”».

7І я праракаваў, як Ён мне загадаў. А калі я праракаваў, падняўся шум, і вось, грукат; і косткі набліжаліся да костак: кожная да сустава свайго.

8І ўбачыў я, і вось, на костках з’явіліся жылы і цела, і на іх была нацягнута скура, але духа яны яшчэ не мелі.

9І сказаў Ён мне: «Праракуй да духа; праракуй, сын чалавечы, і кажы духу: вось што кажа Госпад Бог: “Ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі”».

10 Адкр. 11:11 І я праракаваў, як загадаў Ён мне, і ўвайшоў у іх дух; і ажылі, і сталі на ногі свае, — войска дужа вялікае.

11І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — гэта ўвесь дом Ізраэля. Яны кажуць: “Высахлі косткі нашы, і прапала надзея наша, і загінулі мы”.

12Дзеля таго праракуй і кажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я адкрыю вашы магілы і выведу вас з магіл вашых, народ Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраэля;

13і зразумееце вы, што Я — Госпад, калі Я адкрыю магілы вашы ды выведу вас з магіл вашых, народ Мой.

14І дам Я вам Духа Майго, і вы ажывяце, і завяду вас у зямлю вашу, і будзеце ведаць, што Я — Госпад. Я сказаў і спаўняю”, — кажа Госпад Бог».

15І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

16«І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе кавалак дрэва і напішы на ім: “Юдэі і ізраэльцам, яе сябрам”. І вазьмі другі кавалак дрэва і напішы на ім: “Язэпу, дрэву Эфраіма, і ўсяму дому Ізраэля, яго сябрам”.

17І злучы іх сабе адно з адным, у адзін кавалак дрэва; і ў руцэ тваёй будуць яны адзіным цэлым.

18А калі ў цябе будуць пытацца твае землякі, кажучы: “Ці не скажаш ты нам, што праз гэта маеш на думцы?”

19скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, што ў руцэ Эфраіма, і пакаленні Ізраэля, пакаленні, якія злучаны з ім, ды прыкладу іх разам да дрэва Юды, ды зраблю іх адным дрэвам, і ў руцэ Маёй яны будуць адным”.

20А кавалкі дрэва, на якіх будзеш пісаць, будуць перад іх вачамі ў тваёй руцэ.

21І скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму ізраэльцаў пасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і збяру іх з усіх бакоў, і ўвяду іх у Сваю зямлю,

22і зраблю іх адным народам у зямлі, у гарах Ізраэля; і адзін цар будзе над усімі валадарыць, ды ўжо не будуць яны ўтвараць два народы, і ўжо не будуць падзеленыя на два царствы.

23І не будуць яны апаганьвацца сваімі ідаламі, і агіднасцямі сваімі, і ўсякімі злачыннасцямі сваімі, і Я вызвалю іх ад усякай іх нявернасці, якой яны зграшылі, і ачышчу іх, і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.

24 Эзэк. 34:23-25 І паслугач Мой, Давід, будзе царом над імі, ды ўсе яны будуць мець аднаго пастыра; жыць будуць паводле Маіх законаў, і прыказанні Мае берагчы будуць, і будуць выконваць іх.

25І будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму, Якубу, на якой жылі бацькі іх; і на ёй жыць будуць яны і сыны іх, і сыны сыноў іх аж у вечнасць, і Давід, паслугач Мой, будзе іх валадаром навек.

26І заключу з імі запавет міру, будзе гэта вечны запавет з імі; і ўмацую іх, і памножу; і Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды,

27 Святар. 26:11, 12; 2Кар. 6:16; Адкр. 21:3 і будзе месцапрабыванне Маё між імі, і Я буду іх Богам, і яны будуць Маім народам;

28і пагане даведаюцца, што Я — Госпад, Які асвячае Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help