Кніга Суддзяў Раздзел 7 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Дык Ерабаал, або Гедэон, устаўшы пасля ночы, ды ўвесь народ з ім прыйшлі лагерам да крыніцы, якая завецца Харад. Лагер жа мадыянцаў быў на паўночным баку ўзгорка Марэг у даліне.

2І сказаў Госпад Гедэону: «Залішне народу пры табе, каб у яго рукі выдаў Я мадыянцаў; бо Ізраэль можа прысвоіць сабе славу, кажучы: “Сваімі сіламі вызвалены я”.

3 Паўт. Зак. 20:8 Скажы народу і аб’яві ўсім, хто слухае: “Хто баіцца і палахлівы, хай той вернецца”». І сышлі яны з гары Галаад, і вярнулася з народу дваццаць дзве тысячы, а засталося толькі дзесяць тысяч.

4І сказаў зноў Госпад Гедэону: «Яшчэ лішне народу; завядзі яго да вады, і там Я яго выпрабую; і аб кім табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісці забараню, той няхай вернецца».

5І калі ён павёў народ да вады, сказаў Госпад Гедэону: «Хто языком будзе хлябтаць ваду, як звычайна сабакі хлебчуць, тых пастаў асобна; а хто ўкленчыўшы будзе піць ваду, таго пастаў на другі бок».

6Такім чынам, тых, якія пілі ваду, падносячы яе да вуснаў рукой, было трыста чалавек; а ўсё астатняе мноства піло ўкленчыўшы.

7І кажа Госпад Гедэону: «Трыма сотнямі людзей, якія пілі ваду, Я вызвалю вас і аддам мадыянцаў у руку тваю; а ўсё астатняе мноства хай вернецца ў свае дамы».

8І ўзялі яны згодна сваёй колькасці ежу і трубы, а ўсяму астатняму мноству загадаў ён вярнуцца ў свае палаткі, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Лагер жа мадыянцаў быў пад ім у даліне.

9Той жа ноччу Госпад сказаў яму: «Устань і ідзі ў лагер, бо Я аддаю яго ў твае рукі.

10Калі ж баішся ісці адзін, хай ідзе з табою Фара, паслугач твой.

11І калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш у лагер ворагаў». Такім чынам, спусціўся ён і паслугач яго Фара ў тую частку лагера, дзе была ўзброеная варта.

12 Суд. 6:5 А мадыянцы, і Амалек, і ўсе ўсходнія народы размясціліся ў даліне, шматлікія, як саранча. Таксама вярблюдаў было без ліку, як пяску, што ляжыць на берагах мора.

13Калі туды прыйшоў Гедэон, хтосьці расказваў сон суразмоўніку свайму і гаварыў: «Я, вось, бачыў сон, і здавалася мне, што ячны хлеб, спечаны ў прыску, прыкаціўся і спусціўся да лагера мадыянцаў, і, калі дакаціўся да палаткі, ударыў яе, і перавярнуў яе, і цалкам зраўняў з зямлёю».

14І адказаў той, каму расказваў: «Гэта не што іншае, як меч Гедэона, сына Ёаса, ізраэльца; аддаў Бог у рукі яго мадыянцаў і ўвесь лагер іх».

15І калі Гедэон пачуў аповед пра сон і яго тлумачэнне, пакланіўся Богу і, вярнуўшыся ў лагер, загадаў: «Устаньце, бо Госпад аддаў у рукі вашыя лагер мадыянцаў».

16І падзяліў ён трыста чалавек на тры часткі, і даў у рукі іх трубы і пустыя збаны з паходнямі ўсярэдзіне, і сказаў ім:

17«Глядзіце на мяне і рабіце тое ж самае, што я; я дайду да крайняй часткі лагера, і што я буду рабіць, тое і вы рабіце.

18Калі затрубіць труба, што ў руцэ маёй і ўсіх тых, хто са мною, вы таксама трубіце кругом лагера і крычыце: “За Госпада і за Гедэона!”»

19І дайшоў Гедэон і сто мужчын, якія былі з ім, да крайняй часткі лагера ў пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў, і затрубілі яны ў трубы, і разбілі збаны.

20І калі затрубілі ў трубы тры дружыны і разбілі збаны, узялі ў левую руку паходні, а ў правую — трубы, каб імі трубіць, і крычалі: «За Госпада і за Гедэона!»

21І кожны — на сваім месцы вакол лагера ворагаў. Такім чынам, увесь лагер быў напалоханы і кінуўся ўцякаць з лямантам і крыкамі.

22І працягвалі тыя трыста чалавек трубіць у трубы. І напусціў Госпад меч на ўвесь лагер, і забівалі яны адзін аднаго, уцякаючы да Бэтсэты, Сарэды і берага Абэл-Мэхолы ў Тэбаце.

23Сабраліся ж ізраэльцы з пакаленняў Нэфталі і Асэра і з усяго пакалення Манасы і гналіся за мадыянцамі.

24Гедэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, абвяшчаючы: «Выступайце супраць мадыянцаў і займіце воды да Бэтбэры і Ярдана». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэтбэры.

25І захапілі яны двух князёў мадыянскіх: Арэба і Зэба, і забілі Арэба на скале Арэб, а Зэба — у давільні Зэб; і гналіся далей за мадыянцамі, а галовы Арэба і Зэба прынеслі Гедэону за раку Ярдан.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help