1Затым Тобія ў адказ сказаў свайму бацьку: «Усё, што ты мне загадаў, бацьку, зраблю.
2А як змагу гэтыя грошы атрымаць ад яго? Ён мяне не ведае, ані я яго не ведаю. Які знак дам яму, каб мяне пазнаў, і паверыў, і аддаў мне тыя грошы? Дый не ведаю дарог у Мідыю, каб ісці туды».
3Тады сказаў Табіэль у адказ сыну свайму Тобію: «Ён пакінуў мне свой подпіс і я даў яму свой подпіс ды падзяліў на дзве часткі і ўзялі кожны па адной з іх, і я даў яму адну частку з грашыма. І вось, цяпер мінае дваццаць гадоў, калі пакінуў у яго гэтыя грошы. І цяпер, сынок, пашукай сабе надзейнага чалавека, які пойдзе разам з табой, і дамо яму плату, як вернешся. І пакуль яшчэ я жывы, забяры грошы ад яго».
4І выйшаў Тобія шукаць чалавека, які пайшоў бы з ім у Мідыю і які б ведаў дарогу. І знайшоў ён Рафаэля анёла, які стаяў перад ім, і ён не ведаў, што той анёл Божы.
5І ён загаварыў да яго: «Адкуль ты, юнача?» І ён адказаў яму: «Я з сыноў Ізраэля, братоў тваіх, і прыйшоў сюды, каб наняцца». Дык сказаў яму Тобія: «Ці ведаеш дарогу, якая ідзе ў Мідыю?»
6 Геб. 13:2 Ён адказаў: «Чаму ж не, шмат разоў быў там і ведаю, прытым ведаю ўсе дарогі і некалькі разоў бываў у Мідыі і прабываў у Габаэля, брата нашага, які пражывае ў Рагэсе ў Мідыі, і ад Эктабаны да Рагэса патрэбны добрых два дні дарогі. Рагэс бо стаіць на гары, а Эктабана – сярод поля».
7Ды сказаў яму Тобія: «Пачакай мяне, юнача, пакуль я пайду і бацьку свайму скажу. Мне бо ты патрэбны, каб ішоў са мной, і дам табе тваю плату».
8І ён сказаў яму: «Добра, пачакаю, толькі не марудзь».
9І Тобія пайшоў і паведаміў Табіэлю, бацьку свайму, і сказаў яму: «Вось, знайшоў я чалавека з братоў нашых, з сыноў Ізраэля, які пойдзе са мной». І ён сказаў яму: «Запрасі да мяне чалавека, каб я ведаў, з якога роду і з якога пакалення ён і ці надзейны, каб меў ісці з табой, сынку».
10Ды выйшаў Тобія, і паклікаў яго, і сказаў яму: «Юнача, бацька цябе запрашае». Ды ўвайшоў да яго, а Табіэль прывітаў яго першы. І ён сказаў яму: «Хай будзе табе вялікая радасць!» І Табіэль спытаўся ў яго: «Якая мае мне быць яшчэ радасць? Чалавек я бескарысны дзеля вачэй, і не бачу святла неба, але ў цемры жыву, як памерлыя, якія не бачаць ужо святла. Жыву я між мёртвых. Голас людзей чую, але іх не бачу». І сказаў яму ён: «Будзь моцны духам; хутка будзеш Богам вылечаны. Будзь мужны!» І сказаў яму ў адказ Табіэль: «Сын мой Тобія хоча ісці ў Мідыю. Ці не мог бы ты ісці з ім і праводзіць яго? І дам табе тваю плату, браце». І ён адказаў яму: «Змагу ісці з ім, бо ведаю ўсе дарогі, і некалькі разоў хадзіў у Мідыю ды абыходзіў усе закуткі яе і горы і ведаю ўсе праходы».
11І спытаўся ў яго: «Браце, з якой сям’і ты ды з якога пакалення? Раскажы мне, браце».
12І ён адказаў: «Нашто табе патрэбна пакаленне?» І ён спытаўся ў яго: «Хачу ведаць папраўдзе – чый ты і імя тваё». І ён адказаў:
13«Я Азарыя, вялікага Ананіі сын, з тваіх братоў».
14І сказаў яму Тобія: «Вітаю цябе, і бывай здароў, браце, і не гневайся, бо я хацеў ведаць праўду і тваю сям’ю. Ты брат мой, з роду добрага і найлепшага! Ведаў я Ананію і Натана, двух сыноў Сэмэі вялікага; і яны са мною хадзілі ў Ерузалім і са мной там пакланяліся і не сышлі з дарогі. Браты твае – людзі надта добрыя; з добрага роду ты. Дык з радасцю вяртайся!»
15І Табіэль сказаў: «Я табе як плату дам драхму на дзень, і ўтрыманне такое самае, як сыну свайму;
16дык ідзі з ім, і я дадам табе да платы».
17І ён яму сказаў: «Пайду з ім, так што не бойся, здаровыя пойдзем і здаровыя вернемся да цябе, бо дарога бяспечная». І сказаў яму ён: «Хай будзе дабраславенне на табе, браток!» І паклікаў сына свайго і сказаў яму: «Сынок, прыгатуй усё ў дарогу і ідзі са сваім братам. Бог жа, Які ў небе, хай абароніць вас там і верне вас здаровымі да мяне; ды хай анёл Яго праводзіць вас, сынок, у здароўі». І ён выйшаў, каб ісці ў сваю дарогу, і пацалаваў бацьку свайго і маці. І сказаў яму Табіэль: «Ідзі здаровы!»
18І маці яго заплакала і сказала Табіэлю: «Нашто паслаў ты сына майго? Ці ж ён не падпора рук нашых? Ці ж ён не хадзіў перад намі то тут, то там?
19Хай грошы не прыкладаюцца да грошай, але смеццем будуць дзеля сына нашага.
20Колькі нам Госпадам дадзена жыць, заўсёды хапала нам».
21І ён сказаў ёй: «Не сумуй, наш сын здаровы пойдзе і здаровым вернецца да нас, і ў той дзень вочы твае ўбачаць яго, калі прыйдзе да цябе здаровы.
22Не сумуй і не бойся за іх, сястрыца. Бо анёл добры пойдзе з ім, і падарожжа добра складзецца, і вернецца ён здаровы».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
