1Любіце справядлівасць, суддзі зямлі, разумейце Госпада ў Яго дабраце, шукайце Яго з прастатою сэрца,
2бо дае Ён знайсці Сябе тым, хто не выпрабоўвае Яго, і выяўляе Сябе перад тымі, хто мае веру ў Яго.
3Крывадушныя бо думкі аддзяляюць ад Бога, а выпрабоўваемая Моц карае нямудрых.
4У ліхую бо душу не ўвойдзе мудрасць, і не абжывецца ў целе, спадняволеным грахамі.
5Дух бо святы настаўлення ўцячэ перад хлуснёй, і ўхіліцца ад неразумных думак, і выгане яго надыходзячая злачыннасць.
6Мудрасць бо ёсць дух, мілуючы людзей, і не пакіне блюзнерцу без кары дзеля яго вуснаў, бо Бог ёсць сведка яго сцёгнаў, і праўдзівы вартаўнік яго сэрца, ды слухач яго мовы;
7бо Дух Госпадаў напаўняе сусвет, і Той, Хто пранікае ва ўсё, ведае ўсякую мову.
8Таму той, хто гаворыць нягодна, не зможа схавацца, і не абміне яго караючы суд.
9Намеры бо бязбожнага будуць даследаваны, а словы яго дойдуць да Госпада для асуджэння ліхіх яго ўчынкаў,
10бо вуха руплівае чуе ўсё і гук мармытанняў не скрываецца.
11Дык сцеражыцеся мармытання, якое нічым не дапамагае, і трымайце язык ад ліхой мовы, бо схаванае слова не пройдзе надарма; а лжывыя вусны забіваюць душу.
12Не прыспяшайце смерці распусным вашым жыццём і не рыхтуйце сабе загубы справамі сваіх рук!
13 Эзэк. 18:32 Бо Бог не стварыў смерці ды не цешыцца з гібелі жывых;
14бо Ён стварыў усё для быцця і роды гэтага свету для здароўя; і няма ў іх смяротнага яду, і няма валадарства пекла на гэтай зямлі:
15справядлівасць бо бессмяротная.
16Бязбожныя ж сцягваюць яе на сябе словамі і дзейнасцю, думаючы, што яна прыяцелька; чахнуць і заключаюць з ёю прымірэнне, бо заслугоўваюць быць яе ўдзельнікамі.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
