1Малітва Абакука, прарока, на мелодыю ламентацыі.
2«Пачуў я, о Госпадзе, чутку ад Цябе і ўшанаваў я, Госпадзе, справу Тваю. Ажыццяві яе сярод гадоў, дай пазнаць сярод гадоў. Калі загневаешся — помні пра міласэрнасць Сваю!
3Бог прыйдзе з Тэмана, і Святы — з гары Паран. [Сэлах]. Слава Яго пакрывае нябёсы, і зямля поўная хвалы Яго.
4Бляск Яго — як святло, прамені — з рук Яго: у іх схавана магутнасць Яго.
5Перад Ім пойдзе смерць, і за нагамі Яго вырушыць пошасць.
6Ён стаў — і дрыжыць зямля, глянуў — і палохае народы. І распадаюцца горы векавыя, старадаўнія ўзгоркі ападаюць ад шляхоў Яго спрадвечных.
7Сумнымі ўбачыў я палаткі Хусана, трывожацца палаткі зямлі Мадыян.
8Ці ж на рэкі гневаешся, Госпадзе, або на рэкі абурэнне Тваё, або на мора раз’ятранасць Твая? Бо садзішся на коней Сваіх, на калясніцы Свае пераможныя.
9Моцна нацягнеш Ты лук Свой, стрэламі запоўніў калчан Свой. — [Сэлах]. На ручаі разрэжаш зямлю,
10убачылі Цябе і затрэсліся горы. Хмары вылілі воды, бяздонне выдала голас свой, увысь падняла рукі свае.
11Сонца і месяц сталі на свае месцы, адступаюць яны перад святлом стрэлаў Тваіх, перад бляскам зіхацення дзіды Тваёй.
12Разгневаны, будзеш таптаць зямлю, у абурэнні знішчыш народы.
13Выступіў Ты дзеля збаўлення Свайго народа, дзеля збаўлення з намашчэнцам Сваім. Ты разбурыў галаву дома бязбожнага, агаліў падмурак аж да голай скалы. — [Сэлах].
14Прабіваеш стрэламі Сваімі галаву ваяроў яго, надыходзячых, як віхор, на загубу маю; радасць іх, як таго, хто скрыта губіць беднага.
15Адкрыў дарогу ў моры коням Сваім, праз балота водаў многіх.
16Пачуў я, і ўскіпела нутро маё, на вестку задрыжэлі вусны мае. Боль пранік у косці мае, і пада мной захісталіся ногі мае. Буду спакойны ў дзень трывогі, калі нахлыне яна на народ мой праз тых, хто нападае на нас.
17Хоць бы дрэва фігавае не расцвіло, і вінаграднікі не далі плоду, і падмануў плод аліўкавых дрэў, ды палі не далі ежы; хоць бы знікла ў аўчарні жывёла, і быдла ў хлявах,
18я, аднак, буду цешыцца ў Госпадзе і буду радавацца ў Богу, Збаўцы маім.
19 2Сам. 22:34; Пс. 18:34 Госпад Бог — сіла мая, і зробіць ногі мае, як у аленя, ды ўзвядзе мяне на вышыні мае». Кіраўніку хора — на гук струнаў.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
