Кніга Выслоўяў Саламонавых Раздзел 30 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Словы Агура, сына Яка з Масы. Выказванне гэтага чалавека да Ітыэля, да Ітыэля і Укала.

2Вось, я найбольшы невук з людзей і мудрасці чалавечай няма ў мяне;

3і не навучыўся я мудрасці, і не пазнаў ведаў святых.

4Хто ўзыходзіць на неба і сыходзіць? Хто збірае вецер у руках сваіх? Хто сабраў воды, быццам у вопратку? Хто паставіў усе межы зямлі? Якое імя Яго і якое імя Яго сына, ці ведаеш ты?

5Кожнае слова Бога — гэта надзейны шчыт для тых, хто ўскладае на яго надзею.

6Не дадавай нічога да слоў Яго, каб Ён не выкрыў цябе і каб не стаўся ты лгуном.

7Прашу ад цябе дзвюх рэчаў, не адмаўляй мне, раней, чым памру:

8надоўга адхілі ад мяне марнасць і хлуслівыя словы, не давай мне беднасці і багацця, толькі ўдзяляй мне штораз на пражыццё хлебны паёк,

9каб, наеўшыся, не быў я спакушаны адрачэннем і не сказаў: «Хто гэта — Госпад?», або, беднасцю прымушаны, каб не краў я і каб не лгаў я імем Бога майго.

10Не дакарай паслугача перад яго гаспадаром, каб часам не пракляў ён цябе і каб не быў ты пакараны.

11Ёсць род, што бацьку свайго праклінае і што не дабраслаўляе маці сваю.

12Ёсць род, які здаецца сабе чыстым, але не адмыты ад бруду свайго.

13Ёсць род — як узвысіліся вочы яго і ўзняліся ўгару павекі яго!

14Ёсць род, які мае мечы замест зубоў, а сківіцы яго — нажы, каб пажэрці бедных з зямлі і ўбогіх — з людзей.

15П’яўка мае дзве дачкі: «Прынясі, прынясі». Тры рэчы ёсць ненасытныя, і чатыры, што ніколі не кажуць: «Досыць!»:

16пекла і бясплоднае чэрава, зямля, што не насычаецца вадою, агонь, што ніколі не кажа: «Даволі!»

17Вока, што кпіць з бацькі і што адцураецца паслушэнства маці — хай крумкачы з-за ракі выдзеўбаюць яго і хай з’ядуць яго дзеці арла.

18Тры рэчы занадта складаныя для мяне, а чатыры я зусім не ведаю:

19дарогу арла па небе, дарогу змяі па скале, дарогу карабля ў сярэдзіне мора, дарогу мужчыны да маладзенькай дзяўчыны.

20Так паступае жанчына-чужаложніца, што з’ела, абцёрла вусны і кажа: «Я нічога благога на зрабіла».

21Пад трыма рэчамі дрыжыць зямля, а чатырох перанесці не можа:

22пад слугою, калі ён будзе правіць; пад бязглуздым, калі ён будзе насычаны ежай;

23пад пагарджанай жанчынай, калі яе возьмуць за жонку; і пад служанкай, калі яна будзе спадчынніцай гаспадыні сваёй.

24Ёсць на зямлі чатыры самыя малыя істоты, але яны мудрэйшыя за мудрых:

25мурашкі — народ не моцны, які рыхтуе сабе ежу ў жніво;

26горныя мышы — народ слабы, які ставіць жыллё сваё на скале;

27саранча — не мае цара і выступае ўся яна чарадою;

28яшчарка — караскаецца на лапках, а спыняецца ў пакоях цара.

29Ёсць тры рэчы, што ходзяць добра, і чатыры, што крочаць шчасліва:

30леў, самы моцны са звяроў, не пабаіцца сустрэчы ні з кім;

31певень, што падперазаўся, і баран, і цар, які мае з сабою войска.

32Калі ты зрабіў глупства, ды ўзнёсся сам над сабой; ці падумаў ліхое — ускладзі руку на вусны свае!

33Бо хто добра ўзбівае малако — атрымлівае масла, а хто моцна высмарквае ноздры — выклікае кроў, а хто выклікае гнеў — выклікае сваркі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help