Кніга Ісаі Раздзел 30 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1«Гора вам, сыны бунтаўнікі, — кажа Госпад, — таму што спаўняеце намеры, ды не ад Мяне, і заключаеце пагадненне, але не ў Маім духу, каб далучыць грэх да граху!

2І выбіраецеся ў дарогу ў Егіпет, ды вуснаў Маіх не пытаецеся, спадзеючыся на падтрымку сілы фараона і надзеючыся на засень Егіпта.

3 Ярэм. 2:36 Сіла фараона будзе вам на канфуз, а надзея на засень Егіпта будзе вам на ганьбу.

4Бо хоць князі твае былі ў Танеі, а паслы твае дайшлі аж да Ханэса,

5 Ярэм. 2:36 усе яны будуць пасаромлены народам, які не можа быць карысным для іх, не будзе ён ані на ўспамогу, ані на карысць, але на канфуз і на ганьбу».

6Прысуд на жывёлу Нагэбу. Праз зямлю гора і прыгнёту, ільвіцы і рыкаючага льва, гадзіны ды лятучага дракона — нясуць на плячах жывёлін багацці свае ды на хрыбтах вярблюдаў скарбы свае да народа, які ім ніяк не зможа быць карысны.

7Егіпет бо надарма і напуста будзе падаваць успамогу; таму называю яго Рагаб — бяздзейсны.

8Цяпер пайдзі, напішы на табліцы і ў прысутнасці іх і старанна апішы гэта ў кніжцы, каб было на будучыню, на вечнае сведчанне.

9Бо народ — бунтаўнічы, ды сыны — лгуны, сыны, якія не хочуць слухаць закон Госпада.

10Яны кажуць яснавідцам: «Не глядзіце!» А прадбачлівым прарокам: «Не прадказвайце нам тых рэчаў, якія праўдзівыя, але кажыце нам тое, што падабаецца, праракуйце нам падманныя рэчы.

11Сыдзіце з дарогі, збочце са сцежкі, прыміце з віду нашага Святога Ізраэлева».

12Таму вось што кажа Святы Ізраэлеў: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а надзею ўсклалі на крывадушнасць і пераваротнасць, ды на іх вы абаперліся,

13таму злачынства гэтае будзе для вас, як шчыліна, што ідзе зверху, месца разлому ў высокай сцяне, якой раскол нечаканы, неспадзяваны, адбываецца вокамгненна.

14І растаўчэцца, як разбіваецца гляк ганчарскі разбіццём без ніякага шкадавання, і не знойдзецца ў яго частках чарапка, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады з ямы».

15Бо гэта сказаў Госпад Бог, Святы Ізраэлеў: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша». Але вы не хацелі,

16аднак сказалі: «Ніякім чынам, але на конях уцячом», — дык уцячыце; ды: «На хуткіх памчымся», — таму будуць хуткія і тыя, што за вамі пагоняцца.

17Тысяча спалохаецца перад пагрозаю аднаго, а ад пагрозы пецярых будзеце ўцякаць, пакуль не застанецца вас, як жэрдка на версе гары ды як след на ўзгорку.

18 Пс. 2:12; 34:9; Высл. 16:20; Ярэм. 17:7 Таму чакае Госпад, каб злітавацца над вамі, і з той прычыны будзе ўзвялічвацца, шкадуючы вас, што Госпад — Бог справядлівасці, шчасныя ўсе, якія чакаюць Яго.

19Бо ты, народзе на Сіёне, які жывеш у Ерузаліме, плачаш, ды не будзеш плакаць; літуецца, і будзе літавацца над табою, на голас просьбы тваёй, як толькі пачуе, адкажа табе.

20І дасць вам Госпад хлеб прыгнёту і ваду бяды, але ўжо больш не аддаліцца ад цябе твой вучыцель, і вочы твае будуць бачыць настаўніка свайго.

21А вушы твае будуць чуць за сабой слова Таго, Хто нагадвае: «Вось, гэта дарога, ідзіце па ёй», калі б часам збочылі ўправа ці ўлева.

22Тады брыдзіцца будзеш аббіццём тваіх срэбраных балванаў ды адзеннем тваёй залатой статуі; выкінеш гэта, як брудны падклад. «Выйдзі прэч», — скажаш яму.

23 Паўт. Зак. 11:14 І дасць Ён дождж на пасеў твой, які засееш на зямлі, а хлеб пладоў зямлі будзе вельмі багаты і тлусты, будзе пасвіцца ў той дзень жывёла твая, ягня, на шырокіх выганах,

24і валы твае, і аслы, што абрабляюць зямлю, будуць карміцца сачыстай мяшанкай, што правеяна лапатай і веялкай.

25Па кожнай высокай гары і па кожным узнятым узгорку пацякуць ручаі імклівых водаў у дзень разні вялікай, калі будуць падаць вежы.

26І будзе святло месяца як святло сонца, а святло сонечнае будзе сямікратным, быццам святло сямі дзён — у дзень, калі Госпад перавяжа раны Свайго народа і залечыць сінякі ад удараў.

27 Вых. 24:17; Паўт. Зак. 4:24 Вось жа, імя Госпада прыходзіць здалёк, абуральны гнеў Яго і страшны Яго гром, вусны Яго перапоўнены абурэннем, і язык Яго — як агонь паглынальны.

28Дыханне Яго — як ручай паводкавы, якога вір дасягае шыі, — на прасейванне народаў праз пагібельнае сіта, акілзы гаротныя ў сківіцах народаў.

29Песня будзе ў вас, як пры святкаванні начной урачыстасці, і радасць сэрца — як у таго, хто спяшаецца да гукаў флейты на гару Госпада, да Скалы Ізраэля.

30 Іс. 29:6 І дасць пачуць Госпад веліч Свайго голасу, і моц пляча Свайго акажа ва ўзрыве гневу і ў полымі агню пажыраючага, у віхуры, у навальніцы ды ў каменяпадзе.

31Голасу Госпадава напалохаецца асірыец, дубцом адлупцаваны.

32І будзе кожны ўдар палкі пабівання, які Госпад спусціць на яго, пад тымпан і цытру; і ў войнах узнятых будзе з імі змагацца.

33Бо ад учора прыгатавана Тафэт, прыгатавана, глыбокая і шырокая, у кастры яе агонь і шмат дрэва; дыханне Госпада, як ручай серы, яе распаліць.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help