1 Святар. 22:20 Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, на якіх ёсць пляма або якая-небудзь загана, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.
2Калі знойдуцца ў асяроддзі тваім, унутры адной з брам тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і пераступяць запавет Яго,
3 Вых. 22:20 і пойдуць служыць чужым багам, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,
4і аб гэтым паведамяць табе, то выслухай і старанна даследуй справу, і калі выявіш, што гэта праўда, што такая брыдота здарылася ў Ізраэлі,
5завядзі таго мужчыну або жанчыну, якія дапусціліся гэтай надзвычай злачыннай справы, да брамы горада твайго і ўкамянуй.
6 Ліч. 35:30; Паўт. Зак. 19:15; Мц. 18:16; Ян. 8:17; 2Кар. 13:1; 1Цім. 5:19; Геб. 10:28 Паводле слоў двух або трох сведкаў хай загіне той, хто мае быць забіты; ніхто не можа быць пакараны смерцю па словах аднаго сведкі.
7 1Кар. 5:13 Рука сведкаў будзе першай, каб забіць яго, а потым хай уздымецца рука ўсяго народа, каб ты выдаліў ліха з асяроддзя твайго.
8Калі ўнутры брам тваіх ты ўбачыш, што ў судовых справах цяжка адназначна рассудзіць паміж крывёю і крывёю, спрэчкай і спрэчкай, бойкай і бойкай, то ўстань і ідзі на месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
9і прыйдзі да святароў з роду левіцкага і да суддзі, які будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе рашэнне наконт прысуду.
10І зрабі, як яны скажуць табе з месца, якое выбраў Госпад, і будзь пільны, каб выканаць так, як яны навучаць цябе
11паводле загаду, які яны загадаюць, і паводле рашэння, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані ўправа, ані ўлева.
12Хто з пыхлівасці не хацеў бы паслухаць волі святара, які ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэння суддзі, — будзе пакараны смерцю той чалавек, каб ты выдаліў ліха з Ізраэля.
13 Паўт. Зак. 13:11; 19:20 А ўвесь народ, чуючы гэта, хай баіцца, каб ніхто больш не раздуваўся ад пыхі.
14 1Сам. 8:5 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою цара, як маюць усе народы вакол нас”,
15таго толькі паставіш над сабой царом, каго Госпад, Бог твой, выбера пасярод братоў тваіх. Не зможаш ты зрабіць царом чалавека другога народа, які не ёсць тваім братам.
16 1Цар. 10:28; 2Пар. 1:16; 9:28 Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Егіпет, каб павялічыць колькасць коней, тым больш што Госпад загадаў вам, каб ніколі больш гэтаю дарогаю не вярталіся.
17 1Цар. 10:14-22, 27; 11:1-8; 2Пар. 1:15; 9:27 Хай не будзе ён мець мноства жонак, каб не адхілялася сэрца яго, ды вялікай колькасці срэбра і золата.
18Калі сядзе ён на пасадзе царства свайго, няхай спіша сабе са скрутка асобнік гэтага закону, узяўшы яго ў святароў з пакалення левіцкага,
19і мае яго пры сабе і чытае яго праз усе дні жыцця свайго, каб навучыўся шанаваць Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага закону і гэтыя прыказанні, ды тое, што загадана ў законе.
20Хай не ўздымаецца сэрца яго да пыхі над братамі сваімі, хай не ўхіляецца ён ад загадаў ані ўправа, ані ўлева, каб доўга цараваў сам і дзеці яго пасярод Ізраэля.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
