1А над бязбожнымі трываў неміласэрны гнеў аж да канца; бо прадбачыў ён і будучыню іх:
2 Вых. 11:1; 14:5-9 бо калі яны дазволілі ім пайсці і выслалі з вялікай трывогай, то пашкадавалі аб гэтым і пагналіся за імі.
3Бо яшчэ пагружаны былі ў жалобу і плакалі над магіламі памерлых, а вырашылі іншы неразумны намер і гналіся, як за ўцекачамі, за тымі, якіх, молячыся, павыганялі.
4Бо падпіхвала іх да гэтага канца заслужаная доля; і забыліся аб тым, што здарылася, каб споўніла яна кару, якой не хапала плягам,
5і каб народ Твой споўніў слаўнае падарожжа, яны ж каб знайшлі смерць нечуваную.
6Усякае бо стварэнне зноў ператваралася ад пачатку ў сваёй натуры, паслухмянае Тваім загадам, каб дзяцей Тваіх ухаваць без шкоды.
7 Вых. 14:19-22 Бо воблака ахінала лагер іх, а дзе стаяла раней вада, паказалася сухая зямля, з Чырвонага мора – свабодная дарога, і з бурлівай вады – зялёнае поле,
8па якім прайшлі ўсе, каго хавала Твая рука, убачыўшы цуды Твае дзіўныя.
9Яны пасвіліся, як коні на пашы, і гулялі, як ягняткі, славячы Цябе, Госпадзе, Які вызваліў іх.
10 Вых. 8:2, 12-15 Бо яшчэ памяталі сваё прабыванне, як зямля замест другіх жывёлін радзіла камароў і замест рыб рака выкінула мноства жаб.
11 Ліч. 11:31 А напрыканцы ўбачылі яны новы род птушак, калі, ахопленыя прагнасцю, прасілі прыемнай ежы:
12 Вых. 16:13 бо для супакаення жадання наляцелі на іх з мора перапёлкі.
13Ды кары прыйшлі на грэшнікаў не без папярэджваючых знакаў – раптоўных перуноў: справядліва бо цярпелі за свае ліхоты; бо мелі даволі вялікую нянавісць да чужынцаў.
14Тыя ж не прынялі чужынцаў незнаёмых, а гэтыя ўзялі ў няволю дабрадзейных чужынцаў.
15 Род. 45:17-20; 47:1-12 І не толькі гэта: але будзе яшчэ іншы суд на іх за тое, што яны варожа прымалі чужых;
16 Род. 19:11 а гэтыя, з радасцю іх прыняўшы, карыстаючыся роўнымі правамі, сталі ўціскаць самымі жудаснымі работамі.
17Паражоныя ж яны былі слепатой, як тыя пры дзвярах справядлівага, калі непраглядная цемра іх ахапіла і кожны шукаў увахода ў дзверы свае.
18Самыя стыхіі змяніліся, як у псалтэрыёне гукі змяняюць свой характар, заўсёды, аднак, застаючыся тымі самымі гукамі; лёгка гэта можна бачыць праз дакладнае нагляданне за мінулым.
19Бо зямныя звяры змяніліся ў вадзяных, і вадзяныя выходзілі на сушу,
20агонь у вадзе ўтрымліваў сваю сілу, і вада губляла ўласцівасць тушэння.
21І наадварот: полымя не паліла цел кволых жывёл, пасярод яго ходзячых, ані нішчыла тое, што нішчылася лёгка – ежу несмяротную, падобную да лёду.
22Ва ўсім бо ўзвысіў Ты народ Свой, Госпадзе, і ўславіў, ды не забыўся, дапамагаючы яму ў кожны час і на кожным месцы.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
