1-я Кніга Макабэяў 1 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І сталася: пасля таго як Аляксандр Вялікі, сын Піліпа, мацэдонец, які першы цараваў у Грэцыі, выйшаў з зямлі Кетым, перамог Дарыя, цара персаў і мідыйцаў,

2ваяваў ён многа, заняў многа ўмацаваных мясцовасцей ды забіў цароў зямлі;

3і так прайшоў аж да межаў зямлі, і набраў здабычы ад многіх народаў, і змоўкла перад ім зямля, і сэрца яго ўзганарылася і ўбілася ў пыху.

4І ён сабраў надта вялікае войска і авалодаў дзяржавамі народаў ды іх валадарамі, і яны сталі яго даннікамі.

5І затым злёг ён у пасцель і зразумеў, што памірае;

6ды паклікаў знатных паслугачоў сваіх, якія ад юнацтва разам з ім былі ўзгадаваны, і раздзяліў між імі царства сваё, яшчэ жывы.

7І цараваў Аляксандр дванаццаць гадоў, і памёр.

8Тады сталі царамі паслугачы яго, кожны на сваім месцы;

9і па смерці яго ўсе яны паўскладалі сабе на галовы вянцы, а па іх – сыны іх на многія гады. І памножылася ліха на зямлі.

10І паміж іх выйшаў корань сапсаванасці – Антыёх Эпіфан, сын цара Антыёха, які быў заложнікам у Рыме і стаў царом у сто трыццаць сёмым годзе царавання грэкаў.

11У тыя дні выйшлі з Ізраэля ліхія сыны, і яны ўгаварылі многіх людзей, кажучы: «Хадзем і заключым супакой з навакольнымі плямёнамі, бо ад таго часу, як адвярнуліся мы ад іх, напаткала нас многа бед».

12І парада гэтая здалася ім добрай;

13і некаторыя з народа заахвоціліся і пайшлі да цара, а ён даў ім уладу, каб чынілі справядлівасць, як у паганаў.

14І пабудавалі ў Ерузаліме гімнасій па паганскіх законах;

15і ўхіліліся ад абразання ды адступіліся ад святога прымірэння, і звязаліся з паганамі, і запрадаліся ім, каб чыніць тое, што блага.

16І калі Антыёх убачыў, што царства яго ўмацавалася, і пачаў панаваць над зямлёю Егіпецкай, каб быць царом над двума царствамі,

17 2Мак. 5:1 дык увайшоў у Егіпет з вялікім войскам, і з калясніцамі, і са сланамі, і з коннікамі, і з мноствам караблёў;

18і ўступіў у вайну супраць Пталемея, цара Егіпецкага, і Пталемей збаяўся аблічча яго і ўцёк, і пала многа параненых.

19І авалодалі яны ўмацаванымі гарадамі ў зямлі Егіпта, ды ён абрабаваў зямлю Егіпецкую.

20 2Мак. 5:11 І па перамозе над Егіптам у сто сорак трэцім годзе Антыёх вярнуўся ды з вялікім войскам адправіўся на Ізраэль, супраць Ерузаліма;

21 2Мак. 5:15, 16, 21 і ў сваёй пыхлівасці ўварваўся ў святыню ды ўзяў залаты ахвярнік, і каганец, і ўсе пасудзіны яго,

22і стол пакладны, і пасудзіны на вадкія ахвяры, і чары, і залатыя ахвярныя пасудзіны, і завесу, і вянкі, і залатое аздабленне, якое было на фасадзе святыні; дый усё паламаў.

23Узяў срэбра, і золата, і пасудзіны, якія пажадаў; і ўзяў схаваныя скарбы, якія знайшоў;

24і, узяўшы ўсё, адышоў у сваю зямлю, і ўчыніў разню людзей, і прамаўляў з вялікай пыхай.

25І ўзнік вялікі плач у Ізраэлі ды па ўсіх яго сялібах;

26і наракалі князі і старэйшыны, дзяўчыны і юнакі страцілі сілу, ды знікла прыгажосць у жанчын;

27кожны жаніх пачаў лямантаваць, і тая, што сядзела на шлюбным ложку, паддалася смутку;

28і зямля ўзварухнулася пад сваімі жыхарамі, і ўвесь дом Якуба пакрыўся сорамам.

29І пасля двух гадоў часу паслаў цар да гарадоў Юды кіраўніка падатказбіральнікаў, і прыбыў у Ерузалім з вялікім войскам;

30і падступна прамовіў да іх у словах супакою, і яны паверылі яму. А ён раптам напаў на горад і знішчыў яго паражэннем вялікім, і выгубіў шмат народа Ізраэля.

31І забраў награбленае дабро горада, ды спаліў яго агнём, ды разбурыў дамы яго і муры вакол яго;

32і павялі ў палон жанчын, і дзяцей, і захапілі жывёлу.

33І горад Давідаў агарадзілі высокім і моцным мурам і моцнымі вежамі; і стаў ён іх крэпасцю.

34І там памясцілі грэшны народ, ліхіх людзей, і яны ўмацаваліся ў ёй;

35і там запасліся зброяй і правіянтам, і памясцілі там нарабаваныя ў Ерузаліме рэчы; і сталі яны вялікаю пасткаю.

36Ды сталася гэта засадаю для святыні і дэманам ліхім для Ізраэля назаўсёды;

37і пралілі яны нявінную кроў вакол святыні ды святыню спаганілі.

38Дзеля іх паўцякалі жыхары з Ерузаліма ды стаў ён сялібай чужынцаў і стаў ён чужым свайму роду; нават ураджэнцы пакінулі яго.

39Святыня яго апусцела, як пустыня, святочныя дні яго абярнуліся ў галашэнне, суботы яго – у пасмешышча, слава яго – у нішто.

40Замест славы яго памножылася ганьба яго, і ўзвышэнне яго ў жалобу абярнулася.

41І цар Антыёх напісаў усяму свайму царству, каб усе народы былі адным,

42ды каб кожны пакінуў свой закон. Ды ўсе народы прынялі гэты загад цара Антыёха;

43прытым многія згадзіліся на культ яго, і ўсклалі ахвяры ідалам, і апаганьвалі шабат.

44 2Мак. 6:1-9 Ды цар паслаў праз вестуноў у Ерузалім і ў гарады Юды лісты, каб яны дзейнічалі паводле законаў паганскіх земляў,

45і забаранілі ўскладаць у святыні Божай ахвяры цэласпалення, і ахвяры крывавыя, а таксама ахвяры прымірэння, ды каб апаганьвалі суботы і ўрачыстыя дні,

46дый каб зневажалі святое з святых,

47каб будавалі ахвярнікі, і храмы, і ідалаў, і каб ускладалі ў ахвяру свіное мяса і нячыстых жывёл,

48ды каб пакідалі сыноў сваіх неабрэзанымі, ды каб душы іх апаганьвалі ўсім нячыстым і агіднасцю,

49такім чынам, каб забыліся пра закон ды змянілі ўсе пастановы;

50і той, хто не зробіць паводле загаду цара Антыёха, смерцю будзе пакараны.

51Паводле ўсіх гэтых слоў напісаў ён усяму царству свайму і над усім народам паставіў наглядчыкаў, і гарадам Юды загадаў аднаму за адным складаць ахвяры ідалам.

52І паміж народа многія далучыліся да іх, усе, якія пакінулі закон Госпадаў ды дапускаліся зла на зямлі;

53і яны сталіся прычынай таго, што ізраэльцы мусілі хавацца ў мясцовасцях выдаленых і скрытых, для ўцекачоў.

54 Дан. 9:27; 11:31 У пятнаццаты дзень месяца Каслеў сто сорак пятага года на ахвярніку цэласпалення ён пабудаваў «агіднасць спусташэння», і ў суседніх гарадах Юды пабудавалі ахвярнікі,

55і перад дзвярамі дамоў і на вуліцах складалі ахвяры.

56І кнігі закону, якія знайшлі, раздзерлі на кавалкі і спалілі іх агнём;

57і калі ў каго знаходзілі кнігу запавету ды калі хто трымаўся закону, таго па загадзе цара забівалі.

58Гэтак з месяца ў месяц прымянялі сілу супраць Ізраэля, супраць кожнага, каго знаходзілі ў гарадах.

59І ў дваццаць пяты дзень месяца ўскладалі ахвяры на ахвярніку, які пабудавалі па-над ахвярнікам;

60тады па загадзе забівалі жанчын, якія абразалі сваіх сыноў, –

61і вешалі дзетак на шыях іх; – і дамы іх, і тых, хто абразаў іх, забівалі.

62І многія ў Ізраэлі рашыліся і набраліся сілы ў сабе, каб не есці нячыстага,

63і выбралі смерць, каб не апаганіцца ежай ды не зганьбіць прымірэння святога, і паміралі.

64Ды стаўся вялікі гнеў над Ізраэлем.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help