Кніга Юдыт 7 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1На наступны ж дзень Галафэрн загадаў усяму войску свайму ды ўсяму свайму народу, якія прыйшлі яму на дапамогу, рыхтавацца да Бэтуліі, і заняць уваход у горы, і распачаць вайну з сынамі Ізраэля.

2І ў той дзень прыгатаваліся ўсе баявыя іх людзі, і войска іх ваяроў было ў сто семдзесят тысяч пешых, і дванаццаць тысяч коннікаў, акрамя абозу і людзей, якія ішлі пешшу за імі, – надта вялікае мноства.

3І расклаліся лагерам на раўніне каля крыніцы побач з Бэтуліяй, і размясціліся ў шырыню насупраць Датайна аж да Абэлмайна і ў даўжыню ад Бэтуліі аж па Хіямон, што знаходзіцца насупраць Ездралона.

4Калі ж сыны Ізраэля ўбачылі мноства іх, вельмі ўстрывожыліся і казалі адзін аднаму: «Цяпер яны спустошаць паверхню ўсёй зямлі, не вытрымаюць напору іх ані высокія горы, ані ўзгоркі, ані лагчыны».

5І ўзяў кожны сваю баявую зброю, і, распаліўшы агні ў вежах муроў сваіх, правартавалі ўсю тую ноч.

6На другі ж дзень Галафэрн прывёў усю сваю конніцу на вочы сыноў Ізраэля, якія былі ў Бэтуліі,

7і наведаў уваход у іх горад, і абгледзеў крыніцы водаў, і заняў іх. І размясціў каля іх лагер ваяроў, і сам вярнуўся да свайго народа.

8І падышлі да яго ўсе князі Эзава, і ўсе кіраўнікі маабскага народа, і намеснікі Прымор’я, і казалі:

9«Паслухай, валадару наш, параду, каб не спаткала паражэнне войска тваё.

10 1Цар. 20:23 Народ бо гэты сыноў Ізраэля верыць не сваім дзідам, але высокім гарам, на якіх жывуць; бо нялёгка ўзабрацца на вяршыні іх гор.

11Ды цяпер не ваюй, валадару, з імі, як звычайна ваюецца, і не падзе ніводзін чалавек з твайго народа;

12але заставайся ў сваім лагеры, зберагаючы кожнага ваяра войска свайго, і хай твае паслугачы зоймуць крыніцу вады, якая выцякае з падножжа гары,

13бо з яе чэрпаюць ваду ўсе жыхары Бэтуліі. І вымарыць іх смага, і здадуць свой горад, і мы і войска тваё ўзыдзем на бліжэйшыя вяршыні гор і абкладзём іх вартай, каб з горада не збег аніводзін чалавек.

14Ды будуць мучыцца яны смагаю і голадам, яны самі, і жонкі іх, і дзеці іх, і, пакуль прыйдзе на іх меч, пападаюць на вуліцах жыхарства свайго,

15і адплаціш ім злою адплатаю за тое, што ўзбунтаваліся і не выйшлі ў супакоі табе насустрач».

16І спадабаліся іх словы Галафэрну і ўсім паслугачам яго, і рашыўся так рабіць, як яны раілі.

17І вырушыла войска сыноў Мааба, і з імі пяць тысяч сыноў Асірыі, і размясціліся лагерам у даліне, і занялі крыніцы водаў сыноў Ізраэля.

18І сыны Амона і сыны Эзава ўзышлі на горы і насупраць Датайна размясцілі лагер. І ад іх паслалі людзей на поўдзень і на ўсход насупраць Эгрэбэля, што каля Хуса над ручаём Махмур. І рэшта асірыйскіх войскаў паставіла лагер на раўніне і закрыла ўсю паверхню зямлі; і палатак, і абозаў іх размясцілася там у вялікай колькасці, і былі яны ў вельмі вялікім мностве.

19І сыны Ізраэля прызвалі Госпада, Бога свайго, бо падалі духам, бо акружылі іх адусюль усе іх ворагі, і не маглі ўцячы ад іх.

20І ў акружэнні іх, усяго асірыйскага войска: пешых, і калясніц, і конніцы іх прабылі яны трыццаць чатыры дні. І пусцелі ва ўсіх жыхароў Бэтуліі ўсе іх пасудзіны з вадою,

21і пусцелі вадаёмы іх, і не мелі, з чаго напіцца даволі вады нават адзін дзень, бо выдзялялі ім ваду для піцця.

22Ды турбаваліся дзеці іх, і жанчыны, і юнакі млелі ад смагі і падалі на вуліцах горада і пры ўваходзе ў брамы, і не мелі яны ўжо сілы.

23І сабраўся ўвесь народ да Осіі і да князёў горада: юнакі, і жанчыны, і дзеці, – і моцным голасам закрычалі, і казалі перад усімі старэйшынамі:

24«Хай рассудзіць Бог між вамі і намі, бо зрабілі вы нам вялікую крыўду таму, што не прапанавалі асірыйцам супакою.

25І цяпер няма каму нас ратаваць, але Бог прадаў нас у іх рукі, каб пападалі перад імі ў смазе і вялікай гібелі.

26Ды цяпер паклічце іх і аддайце ўвесь горад у няволю народу Галафэрна і ўсяму яго войску.

27Бо лепей для нас стацца ім здабычай; будзем бо ім рабамі і рабынямі, і хай жыве душа наша, ды не будзем бачыць смерці дзетак нашых, жанчын нашых і сыноў нашых, як будуць яны ўміраць перад вачамі нашымі.

28Заклінаем вас небам і зямлёю, і богам іх, і Госпадам нашых бацькоў, Які помсціць нам за грахі нашы і за грахі продкаў нашых, каб не зрабіў у гэты дзень паводле слоў гэтых».

29І падняўся лямант вялікі, адзінадушны паміж усіх, сярод сходу, і яны моцным голасам прызвалі Госпада Бога.

30І сказаў ім Осія: «Не трывожцеся, браты, і пратрымаемся яшчэ пяць дзён, у якія Госпад, Бог наш, акажа нам Сваю міласэрнасць; не пакіне бо Ён нас на знішчэнне.

31Калі ж гэтыя пяць дзён пройдуць і не прыйдзе нам дапамога, то паступлю паводле слоў вашых».

32І разаслаў народ, кожнага ў яго лагер, і пайшлі яны на муры і ў вежы горада, і жанчын і дзяцей адпусцілі да іх дамоў; і былі яны ў надта вялікай пакорлівасці.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help