Першая кніга Хронікаў Раздзел 21 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Сам. 24:1-25 Ды паўстаў шатан супраць Ізраэля і заахвоціў Давіда палічыць Ізраэль.

2І загадаў Давід Ёабу і князям народа: «Ідзіце і палічыце Ізраэль ад Бээр-Сэбы аж па Дан ды прадстаўце мне лік, каб я ведаў».

3І Ёаб адказаў: «Хай павялічыць Госпад народ свой у сто разоў, чым цяпер. Ці ж, гаспадару мой, цар, не ўсе паслугачы твае? Чаму гаспадар мой дамагаецца таго, што будзе прызнана як грэх для Ізраэля?»

4Але загад цара больш значыў; дык пайшоў Ёаб, і абышоў увесь Ізраэль, ды вярнуўся ў Ерузалім.

5Затым падаў Давіду лічбу перапісанага насельніцтва, і ўвесь Ізраэль налічыў мільён і сто тысяч мужчын, што могуць трымаць меч; а ў Юдзе — чатырыста семдзесят тысяч мужчын ваяроў;

6бо пакалення Леві і Бэньяміна Ёаб не палічыў разам з імі, таму што загад цара ён выконваў пад прымусам.

7Не падабаўся Богу гэты загад, і Ён пакараў Ізраэль.

8І прызнаўся Давід Богу: «Надта я зграшыў тым, што я зрабіў; малю, адпусці правіннасць паслугача Свайго, бо надта неразумна паступіў».

9І загадаў Госпад Гаду Празарліўцу сказаць Давіду:

10«Ідзі і скажы Давіду вось што: “Гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, каб гэта Я зрабіў табе”».

11І калі Гад прыбыў да Давіда, сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Выберы, што хочаш:

12або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш бегчы ты ад непрыяцеляў тваіх і не зможаш выратавацца ад меча іх, або тры дні меч Госпадаў і пошасць будзе панаваць на зямлі ды анёл Госпадаў будзе забіваць ва ўсіх граніцах Ізраэля. Дык цяпер глядзі, што маю адказаць Таму, Хто паслаў мяне”».

13Ды сказаў Давід Гаду: «Адусюль сціскаюць мяне беды, але лепш мне трапіць у рукі Госпада, бо Ён вельмі міласэрны, чым трапіць у рукі людзей».

14Дык паслаў Госпад пошасць на Ізраэль, і пала ў Ізраэлі семдзесят тысяч людзей.

15Паслаў таксама Бог анёла ў Ерузалім, каб знішчыць яго. І калі ён нішчыў, глянуў Госпад і злітаваўся дзеля вялікага няшчасця, ды загадаў анёлу нішчыцелю: «Хопіць, спыні ўжо руку сваю». Затым анёл Госпадаў стаў каля току Арнана Евусея.

16І Давід, падняўшы вочы свае, убачыў анёла Госпадава, які стаяў між зямлёй і небам, і ў руцэ яго быў меч, выцягнуты над Ерузалімам; Давід тады, і старэйшыны, апранутыя ў зрэбніцы, упалі ніц на зямлю.

17І сказаў Давід Богу: «Ці ж не я той, хто загадаў палічыць народ? Гэта я зграшыў, гэта я дапусціўся ліха, а што зрабіў гэты статак? Госпадзе, Божа мой, малю, хай Твая рука абернецца на мяне і на дом бацькі майго; а хай народ Твой не будзе пакараны».

18Анёл жа Госпадаў загадаў Гаду сказаць Давіду, каб пайшоў і пабудаваў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея.

19Дык пайшоў Давід па слове Гада, які гаварыў у імя Госпада.

20Затым Арнан, азірнуўшыся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго схаваліся з ім; бо ён у гэты час малаціў на таку пшаніцу.

21Такім чынам, калі Давід прыйшоў да Арнана, убачыў яго Арнан, і выйшаў яму насустрач ад тока, і пакланіўся яму, упаўшы ніц на зямлю.

22І сказаў яму Давід: «Адпусці мне месца тока твайго, каб я пабудаваў на ім ахвярнік Госпаду, так што, колькі будзе каштаваць, атрымаеш срэбра, і хай спыніцца кара народа».

23Сказаў затым Арнан Давіду: «Вазьмі ды хай робіць гаспадар мой, цар, што яму падабаецца; але і валоў даю на цэласпаленні, і матавілы на дровы, дый пшаніцу на ахвяру з ежы; усё гэта ахвотна даю».

24І сказаў яму цар Давід: «Ніякім чынам, але я дам, колькі каштуе, срэбрам; мне нельга браць ад цябе ды так ускладаць Госпаду ахвяры цэласпалення, узятыя задарма».

25Дык даў Давід Арнану за поле шэсцьсот сікляў найчысцейшага золата,

26і пабудаваў там ахвярнік Госпаду, і ўсклаў ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і прызваў Госпада. І выслухаў яго, спаслаўшы агонь з неба на ахвярнік цэласпалення,

27і загадаў Госпад анёлу схаваць меч свой у ножны.

28Такім чынам, у той час Давід, бачачы, што Госпад выслухаў яго на таку Арнана Евусея, усклаў там ахвяры.

29 2Пар. 1:3 Палатка ж Госпадава, якую Майсей пабудаваў у пустыні, і ахвярнік цэласпалення, былі тады на ўзвышшы ў Габаоне;

30і Давід не адважыўся туды ісці, каб там памаліцца Богу; бо быў надта напалоханы, бачачы меч анёла Госпадава.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help