Другая кніга Самуэля Раздзел 16 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Сам. 9:9, 10 І калі Давід сышоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, паслугач Мэрыбаала, з наладаванымі двума асламі, на якіх нагрузілі дзвесце хлябоў, і сто звязак разынак, і сто пучкоў летніх пладоў, і бурдзюк віна.

2І спытаўся цар у Сібы: «Што яны жадаюць сабе за гэта?» І Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дома цара; і хлябы, і плады летнія — на ежу паслугачам тваім; а віно — каб піў той, хто зняможацца ў пустыні!»

3 2Сам. 19:26, 27 І пытаўся цар: «Дзе сын гаспадара твайго?» І Сіба адказаў цару: «Ён застаўся ў Ерузаліме, кажучы: “Сёння верне мне дом Ізраэля царства бацькі майго”».

4І сказаў цар Сібе: «Вось, тваё ўсё, што належала Мэрыбаалу». І Сіба сказаў: «Прашу, хай знайду я ласку ў цябе, гаспадар мой, цар».

5І прыйшоў цар Давід у Бахурым, і, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дому Саўлава, на імя Сямэй, сын Гэра, і ішоў, на хаду праклінаючы яго,

6і кідаў камяні ў Давіда і ва ўсіх паслугачоў цара Давіда. А ўвесь народ і ўсе ваяры наймагутнейшыя ішлі побач з царом з правага і з левага боку.

7А Сямэй, калі праклінаў цара, гаварыў так: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек і чалавек Бэліяла!

8Аддаў табе Госпад усю кроў дому Саўла, бо забраў ты царства ў яго. Таму аддаў Госпад царства ў рукі Абсалома, сына твайго; і вось, прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — крывавы чалавек».

9І сказаў Абісай, сын Сэруі, цару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, цара? Пайду і адсяку яму галаву».

10І цар сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі? Калі ён праклінае і калі яму Госпад загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”»

11І сказаў цар Абісаю і ўсім сваім паслугачам: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыццё маё; тым больш зараз гэты сын Бэньяміна. Не перашкаджайце яму праклінаць па загадзе Госпадавым.

12Можа, Госпад гляне на смутак мой і аддасць мне дабром за сённяшні праклён».

13І ішоў Давід і людзі яго дарогаю далей; а Сямэй ішоў па горнай градзе збоку, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй.

14І прыйшоў цар і ўвесь народ яго, змучаныя, аж да водаў, і там адпачылі.

15А Абсалом і ўвесь народ яго, людзі Ізраэля, увайшлі ў Ерузалім, і Ахітатэл быў разам з ім.

16А калі Хусай, арахеец, сябар Давіда, прыйшоў да Абсалома, то сказаў яму: «Хай жыве цар! Хай жыве цар!»

17Сказаў яму Абсалом: «Ці такая твая ласка да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»

18Адказаў Хусай Абсалому: «Ніякім чынам; бо каго выбраў Госпад, і гэты народ, і ўвесь Ізраэль, таму чалавеку я і належу і з тым я застануся.

19А да таго ж, каму я маю служыць? Ці ж не сыну царскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны і табе».

20І сказаў Абсалом Ахітатэлу: «Дайце параду: што маем рабіць?»

21І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Увайдзі да наложніц бацькі свайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом; каб, калі пачуе ўвесь Ізраэль, што ты абняславіў бацьку свайго, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх».

22 2Сам. 12:11, 12 І паставілі палатку Абсалому на даху; і ён на вачах усяго Ізраэля ўвайшоў да наложніц бацькі свайго.

23А парада Ахітатэла, якую ён даваў у гэты час, была быццам слова Бога; такая была ўсякая парада Ахітатэла, і калі быў ён з Давідам, так і калі быў з Абсаломам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help