1 1Сам. 28:3 У гэты час памёр Самуэль; і сабраліся ўсе ізраэльцы, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме яго ў Раме. І Давід, устаўшы, пайшоў у пустыню Паран.
2І быў нейкі чалавек у пустыні Маон, які меў сваё ўладанне ў Кармэлі; і быў той чалавек дужа багаты, і было ў яго авечак тры тысячы і тысяча коз. І здарылася, што ён стрыг статак свой у Кармэлі.
3Імя таго чалавека было Набал, і імя жонкі яго — Абігайль. І жанчына тая была найразважнейшая і прыгожая; а муж яе быў жорсткі і з ліхім норавам, з роду Калеба.
4І вось, калі Давід пачуў у пустыні, што Набал стрыжэ статак свой,
5паслаў ён дзесяць юнакоў і сказаў ім: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Набала, і прывітайце яго ад майго імя з супакоем,
6і скажыце брату майму: “Супакой і табе, і дому твайму, і ўсяму, што маеш, хай будзе супакой!
7І цяпер пачуў я, што стрыгуць авечак у цябе. Пастухі ж твае былі разам з намі ў пустыні, і мы не зрабілі ім ніякай прыкрасці, і не прапала ў іх ніколі за ўвесь час нічога са статка, калі былі яны з намі ў Кармэлі.
8Запытайся ў паслугачоў сваіх, і скажуць яны табе. Такім чынам, цяпер няхай юнакі гэтыя маюць ласку ў вачах тваіх; бо ў добры дзень прыходзім; што знойдзе рука твая, дай паслугачам тваім і сыну твайму Давіду”».
9 1Сам. 17:51 І, калі прыйшлі паслугачы Давіда, сказалі яны Набалу ўсе словы гэтыя ад імя Давіда, і замаўчалі.
10І ў адказ сказаў Набал паслугачам Давіда: «Хто такі Давід і хто сын Ясэя? Сёння памножылася колькасць паслугачоў, якія пакідаюць гаспадароў сваіх.
11Дык я маю ўзяць хлеб свой, і сваю ваду, і мяса жывёлы, якую я забіў для сваіх стрыгалёў, і даць іх людзям, аб якіх я не ведаю, адкуль яны?»
12І выбраліся юнакі Давіда ў дарогу адваротную, і, прыбыўшы, пайшлі і пераказалі ўсе гэтыя словы Давіду.
13Тады Давід сказаў ваярам сваім: «Хай кожны падперажацца мечам сваім!» І падперазаўся кожны мечам сваім, і таксама Давід падперазаўся сваім мечам; і вырушылі з Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзвесце засталіся ў лагеры.
14А адзін з паслугачоў паведаміў Абігайль, жонцы Набала, кажучы: «Вось, Давід прыслаў вестуноў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абышоўся з імі.
15Людзі тыя былі для нас даволі добрымі і не крыўдзілі нас; і ніколі за ўвесь час, калі з імі мы хадзілі ў пустыні, нічога не прапала.
16Былі яны нам мурам як уночы, так і ўдзень ва ўсе дні, калі мы з імі пасвілі свае статкі.
17Дзеля таго разваж і падумай, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому яго. Ён жа сын Бэліяла, так што з ім ніхто не можа дамовіцца».
18Тады Абігайль паспяшалася і ўзяла дзвесце хлябоў, і два бурдзюкі віна, і пяць печаных бараноў, і пяць мерак пражаных зярнят, і сто мерак разынак, і дзвесце кавалкаў карыйскіх сушаных фіг, і паставіла на аслоў.
19І сказала яна паслугачам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я буду ісці за вамі». А мужу свайму, Набалу, не сказала нічога.
20І калі яна села на асла і сыходзіла па схіле з гары, Давід і яго людзі ішлі насустрач ёй; і яна спаткала іх.
21І Давід казаў сабе: «Дарма, сапраўды, я бярог у пустыні ўсю маёмасць гэтага чалавека і нішто не прапала з усяго, што яму належала; і ён аддаў мне ліхам за дабро.
22Хай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасць, калі я да раніцы пакіну з усяго, што яму належыць, хоць бы хлопца».
23Калі Абігайль убачыла Давіда, яна паспяшалася, і злезла з асла, і ўпала на твар свой перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі.
24І кінулася яна да ног яго, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта правіннасць; дазволь, прашу, паслугачцы тваёй гаварыць у вушы твае і выслухай словы паслугачкі тваёй.
25Прашу, хай гаспадар мой не звяртае ўвагі сваёй на чалавека гэтага, ліхога Набала, бо ён такі бязглузды, якое імя яго: Набал імя яго, і ёсць бязглуздасць у ім; а я, паслугачка твая, не бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў.
26Дык цяпер, гаспадару мой, жыве Госпад і жыве душа твая, бо Госпад устрымаў цябе, каб ты не апынуўся ў крыві і ўласнай рукою ўратаваў сябе; і цяпер хай твае ворагі і ўсе, хто хоча няшчасця гаспадару майму, падобнымі стануцца да Набала.
27Дзеля таго прымі падарунак гэты, які прынесла паслугачка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім.
28І даруй правіннасць паслугачкі тваёй, бо Госпад, будуючы, хай збудуе дом надзейны гаспадару майму, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны Госпадавы: і хай не сустрэнецца табе няшчасце ва ўсе дні жыцця твайго.
29Бо калі часам паўстане хто, каб пераследаваць цябе і цікаваць на жыццё тваё, хай душа гаспадара майго будзе захавана ў вузле жыцця ў Госпада, Бога твайго; а душу ворагаў тваіх хай выкіне Ён адразу ж, як з прашчы.
30А калі споўніць Госпад гаспадару майму ўсё добрае, што табе абяцаў, і паставіць цябе кіраўніком над Ізраэлем,
31хай не будзе сэрцу гаспадара майго рыданне і непакой, бо не праліў ты кроў нявінную і сам захаваў сябе ад помсты; і калі Госпад паспагадае гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра паслугачку сваю».
32І сказаў Давід Абігайль: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які паслаў цябе сёння насустрач мне.
33І хай будзе дабраславёнай разважнасць твая, і дабраславёна таксама ты, бо ўтрымала ты мяне сёння, каб я не праліў кроў і не пакараў сябе ўласнай рукою.
34Бо інакш, жыве Госпад, Бог Ізраэля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, каб ты не выйшла хутка насустрач мне, не засталося б у Набала нікога мужчынскага роду да світання».
35І прыняў Давід з рук яе ўсё, што яна яму прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі да дому свайго. Вось, я выслухаў просьбу тваю і ўшанаваў аблічча тваё».
36А Абігайль вярнулася да Набала; і вось, ён спраўляў баль у доме сваім, як баль царскі. І сэрца Набала было вясёлае, бо быў ён надта п’яны. І яна не сказала яму ані малога, ані вялікага слова пра гэтае да раніцы.
37А раніцай, калі Набал працверазіўся ад віна, жонка яго расказала яму пра гэтую справу; і замерла сэрца яго ўнутры, і ён зрабіўся, як камень.
38А праз дзесяць дзён Госпад ударыў Набала, і ён памёр.
39Калі пачуў Давід аб тым, што Набал памёр, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Які рассудзіў справу знявагі маёй ад рукі Набала і захаваў паслугача свайго ад зла, і злачыннасць Набала звярнуў Госпад на яго галаву». І паслаў Давід сказаць Абігайль, што ён бярэ яе сабе за жонку.
40І прыбылі паслугачы Давіда да Абігайль у Кармэль, і сказалі ёй, кажучы: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку».
41Яна, устаўшы, пакланілася тварам да зямлі і сказала: «Вось, паслугачка твая ёсць нявольніца, каб мыць ногі паслугачоў гаспадара майго».
42І паспяшалася і ўстала Абігайль, і села на асла, і пяць дзяўчын, паслугачак яе, ішлі з ёю; і паехала яна за пасланцамі Давіда, і стала жонкаю яму.
43Але і Ахінаам з Езрагэля ўзяў Давід за жонку, і яны абедзве сталі яго жонкамі.
44 2Сам. 3:14-16 А Саўл аддаў дачку сваю Міхол, жонку Давіда, Палці, сыну Лаіса, які паходзіў з Галіма.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.