1Вось што кажа Госпад аб намашчэнцы сваім Кіры: «Я моцна ўхапіў яго за правіцу, каб падначаліць народы перад абліччам яго, і каб павярнуць спіны цароў, ды каб адчыніць перад ім дзверы; і брама не замкнецца.
2 Пс. 107:16 Я пайду перад табою і паніжу горы, брамы медныя разаб’ю і запоры жалезныя паламаю.
3І перадам табе схаваныя скарбы і багацці скрытыя, каб ведаў ты, што Я — Госпад, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраэля,
4дзеля паслугача Майго Якуба і Ізраэля, выбранніка Майго, Я назваў цябе тваім імем, вызначыў цябе, а ты Мяне не пазнаў.
5Я — Госпад, і няма іншага. Па-за Мною няма бога. Апаясаў Я цябе, а ты не пазнаў Мяне,
6каб ведалі ад усходу сонца і ад захаду, што без Мяне няма нічога. Я — Госпад, і няма іншага.
7 Ам. 3:6 Я твару святло і твару цемру, спраўляю супакой і ствараю ліхоту: Я, Госпад, чыню ўсё гэта.
8 Ос. 10:12 Зросьце, нябёсы, зверху, і хмары хай здажджаць справядлівасць, хай раскрыецца зямля і вырасціць збаўленне; і хай разам з’явіцца справядлівасць. Я, Госпад, стварыў яе.
9 Рым. 9:20 Гора таму, хто працівіцца свайму Творцу, чарапок сярод гліняных гаршкоў зямлі! Ці ж скажа гліна ганчару свайму: “Што робіш?” або: “Твая работа бязрукая”?
10Гора таму, хто кажа бацьку: “Навошта родзіш?”, або маці: “Навошта нарадзіла?”
11Гэта кажа Госпад, Святы Ізраэлеў, і Скульптар яго: “Ці ж пытаеце вы Мяне пра будучыню для сыноў Маіх і ці загадваеце Мне адносна працы рук Маіх?
12Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я; рукі Мае дакрануліся да нябёсаў, і даю загады ўсяму іх войску.
13Я выгадаваў яго ў справядлівасці і кірую ўсімі яго дарогамі; ён адбудуе горад Мой і адашле Маіх палонных без выкупу і аднагараджэння”, — кажа Госпад Магуццяў.
14Гэта кажа Госпад: “Праца Егіпта і гандаль Этыёпіі, і сабэйцы, людзі рослыя, пяройдуць да цябе і тваімі будуць; за табой будуць хадзіць, прыйдуць у путах і паклоняцца табе, і будуць прасіць цябе малітоўна: “Толькі ў табе — Бог”, і “Апроч Цябе няма бога”».
15Сапраўды, Ты ёсць Богам схаваным, Божа Ізраэлеў, Збаўца!
16 Іс. 44:10, 11 Майстры ідалаў засаромеліся і пачырванелі ўсе, адышлі яны ўсе разам на ганьбу.
17Ізраэль збаўлены збаўленнем вечным у Госпадзе; не будзеце засаромлены ды не пачырванееце аж на векі вечныя.
18Бо гэта кажа Госпад, Які стварыў нябёсы, Сам Бог, Які ўфармаваў зямлю і стварыў яе, і ўгрунтаваў яе. Стварыў яе, каб не была пустой, але ўфармаваў яе для пражывання: «Я — Госпад, і няма іншага.
19Не прамаўляў Я патаемна, у цёмным закутку зямлі, не казаў я патомству Якуба: “Дарэмна шукаеце Мяне”. Я — Госпад, прамаўляю справядлівасць, абвяшчаю тое, што правільна.
20Збярыцеся і прыходзьце і прыступайце разам, якія ўратаваліся з народаў. Не ведаюць тыя, якія носяць дрэва разьбы сваёй і просяць бога, які не можа збавіць.
21 Паўт. Зак. 4:35; 2Сам. 7:22 Абвясціце і прыходзьце, і параімся разам. Хто даў пачуць пра гэта ад пачатку і гэта прадказаў даўно? Ці ж не Я — Госпад, і няма другога Бога, апроч Мяне? Бога справядлівага, Які збаўляе, апрача Мяне, няма.
22Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўлены, усе канцы зямлі, бо я — Бог, а іншага няма.
23 Рым. 14:11; Плп. 2:10, 11 Прысягнуў Я Самім Сабою: з вуснаў Маіх выйшла справядлівасць, слова, якое не вернецца; бо перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».
24«Толькі ў Госпадзе, — скажуць, — справядлівасць і сіла!» Да Яго прыйдуць, і будуць засаромлены ўсе, якія працівяцца Яму.
25У Госпадзе апраўдаецца і ўславіцца кожны нашчадак Ізраэля.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
