Кніга Роду Раздзел 45 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Дзеі 7:13 І не мог Язэп больш стрымаць сябе ў прысутнасці ўсіх, хто стаяў побач, і закрычаў: «Выйдзіце ўсе адсюль!» І нікога не было з ім, калі ён выявіў сябе братам сваім.

2І ўзнёс ён голас з плачам, які чулі егіпцяне ды ўвесь дом фараона.

3І сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты, ахопленыя вялікім страхам.

4Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыдзіце да мяне!» І, калі падышлі блізка, сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога прадалі вы ў Егіпет.

5 Род. 50:20 Не шкадуйце, і хай не здаецца ганебным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Егіпет.

6Два гады, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані жаць.

7Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыццё вашае збаўленнем вялікім.

8Не па вашым рашэнні, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне, як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому яго, і князем на ўсёй зямлі Егіпецкай.

9 Дзеі 7:14 Спяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэта загадвае сын твой Язэп: “Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Егіпецкай. Прыходзь да мяне, не марудзь.

10І будзеш жыць у зямлі Гашэн. Будзеш блізка да мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш.

11Там буду цябе карміць, бо застаецца яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш”.

12Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэньяміна бачаць, што вусны, якія прамаўляюць да вас, — мае.

13Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Спяшайцеся і прывядзіце яго да мяне».

14І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэньяміну, і абняў яго, і заплакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі.

15І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх, і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся яны гаварыць да яго.

16І разышлася добрая чутка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўся яго сям’я.

17І сказаў ён Язэпу: «Загадай братам сваім, кажучы: “Наўючце жывёлу вашу і ідзіце ў зямлю Ханаан,

18 Род. 47:6, 11 і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыходзьце да мяне, і я дам вам усё дабро Егіпта, каб спажывалі вы лепшае ад зямлі”.

19Загадай таксама: “Вазьміце вазы з зямлі Егіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і спяшайцеся як найхутчэй прыбыць.

20Не турбуйцеся з-за маёмасці вашай, бо ўсе багацці Егіпта будуць вашы”».

21І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загадзе фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе.

22Таксама загадаў ён прынесці для кожнага з іх вопратку на змену, Бэньяміну ж даў трыста срэбранікаў і пяць пар

23вопраткі на змену. А свайму бацьку таксама паслаў дзесяць аслоў, якія мелі даставіць усялякія багацці Егіпта, ды столькі ж асліц, што неслі пшаніцу, і хлеб, і харчы на дарогу.

24І адпусціў братоў сваіх, і сказаў, калі яны выпраўляліся: «Не сварыцеся ў дарозе!»

25І яны, выбраўшыся з Егіпта, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба,

26і паведамілі яму, кажучы: «Язэп жывы, і ён валадарыць над усёй Егіпецкай зямлёю!» Але сэрца яго засталося халодным, бо ён не верыў ім.

27Тады пераказалі ўсе словы, якія сказаў ім Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што прыслаў Язэп дзеля таго, каб прывезці яго, аджыў дух яго,

28і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help