Кніга Роду Раздзел 43 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Тым часам голад страшэнна прыціскаў усю зямлю.

2Па спажыцці харчоў, якія прывезлі з Егіпта, Якуб сказаў сваім сынам: «Вярніцеся і купіце для нас крыху харчоў».

3 Род. 42:15, 20 Адказаў Юда: «Заявіў нам чалавек той пад прысягаю: “Не ўбачыце аблічча майго, калі не прывядзеце з сабой наймалодшага брата вашага”.

4Дык калі згаджаешся паслаць яго з намі, пойдзем адначасна і купім табе неабходнае.

5Калі не згаджаешся, не пойдзем, бо чалавек той, як часта табе казалі, выразна нам заявіў: “Не ўбачыце аблічча майго без малодшага брата вашага”».

6І сказаў ім Ізраэль: «Чаму на маю бяду вы гэта зрабілі, што прызналіся яму, паведаміўшы, што вы маеце іншага брата?»

7 Род. 44:19 А яны адказалі: «Распытваў нас чалавек той пра радню нашую па парадку: ці жывы бацька, ці ёсць у нас брат, — і мы адказвалі яму паслядоўна паводле таго, пра што пытаўся. Ці ж маглі здагадацца, што скажа: “Прывядзіце брата вашага з сабой”?»

8І сказаў Юда бацьку свайму, Ізраэлю: «Пусці хлопца са мною, каб мы выправіліся і каб маглі жыць, каб не памерлі мы, і ты, і малыя нашыя.

9Я адказваю за хлопца, з маёй рукі запатрабуй яго. Калі не вярну і не аддам табе яго, буду вінаваты ў граху перад табой назаўсёды.

10Калі б не было адтэрміноўкі, другі раз ужо, напэўна, схадзілі б».

11Тады бацька іх, Ізраэль, сказаў ім: «Калі так трэба, рабіце, што хочаце; вазьміце найлепшых пладоў зямлі ў посудах сваіх і занясіце як дары таму чалавеку крыху пахкай жывіцы, мёду, трагаканту і ладану, тэрэбінітавых фісташак і міндальных арэхаў.

12А грошай вазьміце з сабой удвайне, ды тыя, што знайшлі ў мяшках, занясіце назад, каб часам не было памылкі;

13таксама вазьміце вашага брата і ідзіце да таго чалавека.

14Хай Усемагутны Бог мой дасць, каб ён пашкадаваў вас і адпусціў вашага брата, якога трымае, ды і гэтага Бэньяміна. А я, быццам сірата, застануся без дзяцей».

15І ўзялі яны падарункі, і падвоеныя грошы, і Бэньяміна, і накіраваліся ў Егіпет, і прадсталі перад Язэпам.

16Калі ён убачыў іх і Бэньяміна разам, загадаў аканому дому свайго, кажучы: «Завядзі людзей у дом, і забі найлепшую жывёліну, і спраў баль, бо будуць яны са мною есці апоўдні».

17І той зрабіў, што яму было загадана, і ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа.

18Там, напалоханыя, яны казалі адзін аднаму: «Дзеля грошай, якія раней прынеслі мы ў мяхах сваіх, увялі нас, каб напасці раптам на нас, і зрабіць нас гвалтоўна нявольнікамі, і аслоў нашых забраць».

19Дзеля таго ў самых дзвярах падышлі яны да аканома дому

20і сказалі: «Просім, гаспадару, паслухай нас. Ужо мы прыходзілі, каб купіць харчоў,

21 Род. 42:21 І, купіўшы іх, калі прыбылі ў заезд, то адкрылі мяхі свае і знайшлі наверсе мяхоў грошы, якія цяпер у той самай вазе прывезлі назад.

22Але мы прывезлі таксама срэбра, каб купіць тое, што нам неабходна. Мы не ведаем, хто паклаў срэбра ў нашы мяхі».

23Але ён адказаў: «Будзьце спакойныя, не бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у вашы мяхі. Бо грошы, якія далі вы мне, мною пацверджаны». І прывёў да іх Сімяона.

24І, увёўшы іх у дом, прынёс вады, і яны памылі ногі свае, і даў таксама корм для аслоў іх.

25А яны падрыхтавалі дары, перш чым прыйшоў Язэп апоўдні. Бо дачуліся, што там будуць палуднаваць.

26 Род. 37:7, 9 І калі ў дом свой увайшоў Язэп, прынеслі яму дары, трымаючы ў руках сваіх, і пакланіліся яму да зямлі.

27А ён, ласкава прывітаўшы ў адказ, запытаўся ў іх, кажучы: «Ці здаровы бацька ваш, стары, пра якога расказвалі вы мне? Ці яшчэ жыве?»

28Яны адказалі: «Здаровы паслугач твой, бацька наш, яшчэ жыве». І яны ўкленчылі, і пакланіліся яму.

29 Род. 42:13 І, падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэньяміна, брата свайго, сына сваёй маці, і спытаўся: «Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылі вы мне?» І сказаў далей: «Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой».

30І хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата яго і вырываліся слёзы. І, увайшоўшы ў пакой, ён расплакаўся.

31Пасля, абмыўшы твар, вярнуўся; і трымаў сябе, і загадаў: «Падайце ежу».

32І калі падалі ім, асобна Язэпу і асобна братам, і таксама асобна егіпцянам, якія елі разам, — бо недапушчальна егіпцянам есці разам з гебраямі, і гэткі абед лічаць ганебным, —

33то селі яны перад ім; першародны паводле першародства свайго, а малодшы — паводле ўзросту свайго. І здзіўляліся вельмі,

34прымаючы порцыі, якія атрымлівалі ад яго; і большая порцыя дасталася Бэньяміну; яна ўпяцёра пераўзыходзіла іншыя порцыі. І пілі яны, і захмялелі разам з ім.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help