1Слова, якое было сказана ад Госпада да Ярэміі:
2«Стань у браме дома Госпада і прамаўляй там гэтае слова і кажы: “Слухайце слова Госпада, кожны з Юдэі, якія ўваходзіце гэтымі брамамі, каб пакланіцца Госпаду.
3Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Зрабіце добрымі шляхі вашы і ўчынкі вашы, і Я дам вам жыць на гэтым месцы.
4Не давярайце падманным словам, якія кажуць: “Святыня Госпада, святыня Госпада, тут святыня Госпада!”
5Бо калі вы добра накіруеце шляхі вашы і ўчынкі вашы, і калі будзеце чыніць справядлівасць між чалавекам і сваяком яго,
6 Ярэм. 22:3 калі не будзеце крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву, ды не будзеце праліваць нявіннай крыві на гэтым месцы, ды калі не пойдзеце за чужымі багамі на сваю ўласную загубу,
7тады Я дам вам жыць на гэтым месцы, на зямлі, якую Я даў бацькам вашым ад веку і да веку.
8Вось, вы спадзяецеся на фальшывыя словы, якія не дапамогуць.
9Як гэта? Вы крадзеце, забіваеце, чужаложыце, прысягаеце фальшыва, успальваеце Баалу, ходзіце за чужымі багамі, якіх не ведаеце,
10а потым прыходзіце і стаіце перада Мною ў гэтым доме, над якім прызывалася імя Маё, і кажаце: “Мы выратаваныя”, каб і далей чыніць усе гэтыя брыдкія рэчы?
11 Мц. 21:13; Мк. 11:17; Лк. 19:46 Можа, пячорай разбойнікаў стаўся ў вачах вашых гэты дом, над якім прызывалася імя Маё? Вось, Я і бачу, — кажа Госпад. —
12 Пс. 78:60; Ярэм. 26:6 Ідзіце да месца Майго ў Сіло, дзе пасялілася імя Маё ад пачатку, ды паглядзіце, што Я зрабіў яму дзеля ліхоцця народа Майго, Ізраэля.
13 Высл. 1:24; Іс. 65:12; 66:4 “А цяпер, за тое, што вы ўчынілі ўсе гэтыя справы, — кажа Госпад, — а Я прамаўляў да вас з раніцы і безупынна, але вы не слухалі, і клікаў Я вас, але вы не адказвалі,
14 Ярэм. 26:6 Я зраблю гэтаму дому, над якім прызывалася імя Маё і на які вы спадзеяцеся, і месцу, якое Я даў вам і бацькам вашым, тое самае, што зрабіў з Сіло;
15і адкіну вас ад аблічча Свайго, падобна як былі адкінуты ўсе браты вашы, усе нашчадкі Эфраіма”.
16 Ярэм. 11:14 Дык ты не маліся за гэты народ, не ўзнось за іх маленне і просьбу, і не пярэч Мне, бо Я не выслухаю цябе.
17Ці не бачыш ты, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерузаліма?
18 Ярэм. 44:7-19 Сыны збіраюць дровы, бацькі распальваюць агонь, а жанчыны месяць цеста, каб нарабіць пірагоў для “царыцы неба” і каб выліць ахвяры вадкія для чужых багоў, каб Мяне справакаваць да гневу.
19“Ці Мяне правакуюць да гневу, — кажа Госпад, — ці сябе саміх, на ўласную ганьбу?”»
20Таму вось што кажа Госпад Бог: «Вось жа, гнеў Мой і абурэнне Маё выліваецца на гэтае месца, на людзей і на жывёлу, на палявыя дрэвы і на плады зямлі, узгарыцца ён і не затухне».
21Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дадавайце вашы ахвяры цэласпалення да вашых ахвяр крывавых і ежце мяса!
22Бо не гаварыў Я з бацькамі вашымі і не даваў ім загаду ў той дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, адносна цэласпальных і крывавых ахвяр,
23 Ярэм. 11:7, 8 але даў ім толькі такі загад: “Слухайце голас Мой, і Я буду вам Богам, а вы будзеце Мне народам. Хадзіце кожнаю дарогаю, якою вам загадаю, каб вам добра вялося”.
24Але яны не паслухалі Мяне, ды не схілілі вуха свайго, і пайшлі па жаданнях закамянеласці свайго ліхога сэрца; павярнуліся да Мяне спінаю, а не тварам,
25 Ярэм. 25:4 ад дня, калі бацькі вашы выйшлі з зямлі Егіпецкай, аж да сённяшняга дня. І паслаў Я да вас усіх паслугачоў Сваіх, прарокаў, штодня ўстаючы рана і пасылаючы,
26але яны не паслухалі Мяне ды не нахілілі вуха свайго, але зрабілі цвёрдым карак свой, і сталіся горшымі, чым бацькі іх».
27Дык ты скажаш ім усе гэтыя словы, але яны не паслухаюць цябе, і будзеш клікаць іх, але яны не адгукнуцца табе.
28І ты скажаш ім: «Гэта народ, які не паслухаў голасу Госпада, Бога свайго, ды не прыняў павучання. Знікла праўда, прапала з іх вуснаў!»
29Абстрыжы валасы свае і адкінь іх, ды падымі лямант на ўзгорках, бо адкінуў Госпад і адпіхнуў пакаленне гневу Яго.
30«Бо сыны Юды дапускаліся ліхоты на Маіх вачах, — кажа Госпад, — паставілі брыдоту сваю ў доме, над якім прызывалася імя Маё, каб зняважыць яго.
31 Святар. 18:21; 2Цар. 23:10; Ярэм. 32:35 І пабудавалі ўзгорак Тафэт у лагчыне Бэн-Гэном, каб паліць агнём сыноў сваіх і дачок сваіх, чаго Я не загадваў ім і што не задумваў Я ў сэрцы Маім».
32 Ярэм. 19:11 «Таму, вось, прыйдуць дні, — кажа Госпад, — што не будзе гаварыцца больш пра Тафэт або пра лагчыну Бэн-Гэном, але пра лагчыну Забойства, і ў Тафэце будуць хаваць памерлых, бо не будзе месца.
33 Паўт. Зак. 28:26; Ярэм. 16:4; 34:20 І будуць трупы гэтага народа пажывай паднебных птушак і дзікіх звяроў зямлі, ды не будзе каму адганяць.
34 Ярэм. 16:9; 25:10; Адкр. 18:23 І Я зраблю, што сціхне ў гарадах юдэйскіх ды на вуліцах Ерузаліма голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, бо пустыняй станецца зямля гэтая».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
