1 2Цар. 19:1-7 Калі гэта пачуў цар Эзэкія, раздзёр сваё адзенне, ахінуўся зрэбніцай і ўвайшоў у дом Госпада.
2Потым паслаў Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых святароў, ахутаных у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса,
3і сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты ёсць днём смутку, і кары, і ганьбы, бо дайшлі дзеці да народзін, ды няма сілы нарадзіць.
4Можа, твой Госпад Бог пачуе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб блюзніць на Бога жывога, ды пакарае за словы, якія чуў Госпад, Бог твой; дык уздымі малітву за астатніх”».
5І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
6І сказаў ім: «Скажыце гэта гаспадару вашаму: вось што кажа Госпад: “Не палохайцеся слоў, якія вы чулі, якімі слугі цара асірыйцаў блюзнілі на Мяне.
7Вось, Я дам яму дух і пачуе ён вестку, вернецца ў сваю зямлю, ды зраблю, што ў зямлі сваёй прападзе ад меча”».
8 2Цар. 19:8-19; 2Пар. 32:20 Вярнуўся Рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, здабываючага Лебну: пачуў бо, што цар адступіў з-пад Лахіса.
9І пачуў, як казалі пра Тарака, цара Этыёпіі: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». Калі гэта пачуў, выправіў пасланцоў да Эзэкіі сказаць:
10«Вось што скажаце Эзэкіі, цару Юды: “Хай цябе не падманвае Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Не будзе выдадзен Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”.
11Дык жа чуў ты пра ўсё, што зрабілі цары асірыйцаў усім землям, якія прызначылі яны на загубу, а ты зможаш ухавацца?
12Ці ж збавілі іх багі народаў, якіх знішчылі бацькі мае? Газан, і Харан, і Рэзэф, ды сыноў Эдэна, якія жылі ў Тэласары?
13Дзе ж цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Аны і Авы?”»
14Эзэкія ўзяў пісьмо з рукі пасланцоў і перачытаў яго. І пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго Эзэкія перад Госпадам.
15І маліўся Эзэкія да Госпада, кажучы:
16 Вых. 25:22; Пс. 80:2 «О Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, Які сядзіш над херубінамі, Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
17Схілі, Госпадзе, вуха сваё і пачуй, адкрый, Госпадзе, вочы свае і пабач ды выслухай усе словы Санхэрыба, якія перадаў ён, каб зняважыць Бога жывога!
18Праўда вось, Госпадзе, што цары асірыйскія знішчылі народы і іх краіны
19і аддалі агню іх багоў, бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых, дрэва і камень, дык іх паразбівалі.
20Дык вось, Госпадзе, Божа наш, ухавай нас ад рукі яго, і хай даведаюцца ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог!»
21 2Цар. 19:20-37; 2Пар. 32:21 Дык паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі сказаць: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, адносна таго, што прасіў ты мяне ў справе Санхэрыба, цара асірыйскага;
22гэта вось слова, якое сказаў Госпад наконт яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна: за табою ківае галавой дачка Ерузаліма.
23Каго ты зневажаў і на Каго блюзніў? Ды супраць Каго падняў ты голас? І супраць Каго ўзняў вочы свае ўгору? Супраць Святога Ізраэлева!
24Праз сваіх вестуноў папракнуў ты Госпада і сказаў: “З мноствам маіх калясніц узышоў я на горныя узвышшы, на вяршыні Лібана; ды ссек вершаліны кедраў яго і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры густыя.
25Я капаў і піў ваду чужую і высушыў слядамі ног сваіх усе ручаі егіпецкія”.
26Ці не чуў? З даўнасці ўчыніў Я гэта, з дзён старажытнасці Я задумаў гэта, а цяпер здзейсніў, каб было на выкараненне, каб гарады ўмацаваныя абярнуліся каменнем.
27Жыхары іх, страціўшы сілу, задрыжалі і пакрыліся сорамам; сталіся, як сена на полі, і трава зялёная, і трава на стрэхах, што высахла ад ветру ўсходняга.
28Ведаю, калі ты сядаеш, калі выходзіш і ўваходзіш, неразумнасць тваю адносна Мяне.
29За тое, што бунтуеш ты супраць Мяне і пыха твая дайшла да вушэй Маіх, удзену кальцо ў ноздры твае ды цуглі ў вусны твае і адвяду цябе на дарогу, якою ты прыйшоў.
30А гэта будзе табе знакам: у гэтым годзе хай спажываюць тое, што змагло быць сабрана, і на наступны год — што само нарадзілася, а на трэці год сейце і жніце, закладайце вінаграднікі і ежце іх плады.
31 Іс. 27:6 А тое, што ўцалее з дому Юды, што засталося, хай зноў пусціць корань у глыб зямлі і выдасць плод наверх.
32Бо, вось, з Ерузаліма выйдзе рэшта і з гары Сіён — што ўцалее. Руплівасць Госпада Магуццяў здзейсніць гэта”».
33Таму вось гэта кажа Госпад пра цара асірыйцаў: «Не ўвойдзе ён у гэты горад, не выпусціць ён там стралы; не паставіць супраць яго шчыта, ані насыпле супраць яго валу.
34Дарогай, якою прыйшоў, тою вернецца, ды ў горад гэты не ўвойдзе, — кажа Госпад. —
35 2Цар. 20:6 І Я абараню гэты горад, каб уратаваць яго, дзеля Мяне ды дзеля паслугача Майго Давіда».
36І выйшаў анёл Госпадаў, і забіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч; і абудзіліся раніцай, і вось, усе яны — мёртвыя трупы.
37І выйшаў ён, і адышоў; і вярнуўся Санхэрыб, цар асірыйцаў, і абжыўся ў Нініве.
38Ды сталася, калі ён маліўся ў храме Нэсроха, бога свайго, сыны яго, Адрамэлех і Сарасар, забілі яго і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын яго, Асархадон, стаў цараваць замест яго.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
