1І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
2 Іс. 6:9, 10; Ярэм. 5:21; Мк. 8:18 «Сын чалавечы, ты жывеш сярод народа ўпорыстага, які мае вочы, каб бачыць, і не бачыць, і мае вушы, каб чуць, і не чуе, бо гэта народ упорысты.
3Такім чынам, ты, сын чалавечы, прыгатуй сабе рэчы на дарогу перасялення, і ўдзень на іх вачах перасяліся; выйдзі ж з месца твайго прабывання да іншага месца на вачах іх; можа, гэта зразумеюць, бо гэта народ упорысты.
4І вынесі вонкі свае клункі, як клункі перасяленца, удзень на іх вачах; а сам выйдзі ўвечары на іх вачах, як выходзіць перасяленец.
5На іх вачах зрабі сабе дзірку ў муры і выйдзі праз яе;
6 Эзэк. 24:24 на іх вачах ускладзі клунак на плечы, выйдзі, калі звечарэе: закрый твар свой, каб не бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе знакам для дому Ізраэля».
7І я зрабіў так, як мне загадаў Госпад: свае клункі вынес удзень, як клункі перасяленца, вечарам зрабіў сабе рукою дзірку ў муры; і выйшаў у прыцемках, на іх вачах несучы клункі на плячах.
8І прамовіў да мяне Госпад раніцаю гэтыя словы:
9«Сын чалавечы, ці дом Ізраэля, дом упорысты, не спытаўся ў цябе: “Што ты робіш?”
10Скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Гэты цяжар над кіраўніком, які ў Ерузаліме, і над усім домам Ізраэля, што там знаходзіцца”.
11Скажы: “Я для вас ёсць знак. Як я зрабіў, так і з імі станецца: хай яны пойдуць на перасяленне і ў няволю!
12І кіраўнік, які знаходзіцца сярод вас, хай ускладзе ў поцемках на плечы клункі і выйдзе; хай зробяць дзірку, каб мог прайсці праз яе; і хай закрые ён твар свой, каб вокам не бачыць зямлі”.
13 2Цар. 25:7; Ярэм. 52:11; Эзэк. 17:20 І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і трапіць ён у пастку Маю; і завяду яго ў Бабілон, зямлю халдэяў, і яе ён не ўбачыць, і там памрэ.
14 Эзэк. 5:12 І ўсіх, якія навокал яго, дапамогу яго і войска яго, Я разганю на ўсе вятры; і выцягну на іх меч.
15 Эзэк. 22:15 І даведаюцца, што Я — Госпад, калі іх раскідаю сярод народаў ды рассыплю іх па зямлі.
16 Эзэк. 6:8 І некаторых з іх ухаваю ад меча, і голаду, і заразы, каб расказвалі пра ўсе злачынствы іх сярод народаў, дзе апынуцца, і даведаюцца, што Я — Госпад».
17І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
18«Сын чалавечы, з трывогаю будзеш есці хлеб свой, але і ваду сваю будзеш піць з неспакоем і смуткам.
19 Эзэк. 4:16 І скажаш народу зямлі: гэта кажа Госпад Бог да тых, якія жывуць у Ерузаліме, у зямлі Ізраэля: “Хлеб свой будуць яны есці ў смутку, і будуць піць ваду сваю ў трывозе, бо зямля іх стане пустэчай і будзе пазбаўлена дастатку свайго дзеля беззаконня ўсіх, што жывуць на ёй;
20і населеныя зараз гарады апусцеюць, і зямля стане пустыняй, і даведаецеся, што Я — Госпад”».
21І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
22«Сын чалавечы, што за прыказку маеце ў зямлі Ізраэля, калі гаворыце: “Дні мінаюць, і ўсякае бачанне гіне”?
23Дзеля таго скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Я зраблю, што гэтай прыказцы будзе канец, і не будзе больш яе паўтараць народ у Ізраэлі”, і скажы ім, што набліжаюцца дні, і кожнае слова бачання здзейсніцца.
24“Бо не будзе ўжо больш сярод пакаленняў Ізраэля ніводнага фальшывага бачання ані падманнага прароцтва,
25бо Я, Госпад, буду гаварыць; усякае слова, што Я скажу, станецца напэўна: не прадоўжыцца яно даўжэй, але ў дні вашы, дом упорысты, Я скажу слова і выканаю яго!” — кажа Госпад Бог».
26І прамовіў Госпад да мяне, кажучы:
27«Сын чалавечы, вось, ізраэльцы кажуць: “Бачанне, якое ён мае, прарочыць пра дні далёкія і часы пазнейшыя. Ён праракуе для далёкай будучыні”;
28таму скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Ужо ніводнае Маё слова не будзе адтэрмінавана; слова, якое скажу, здзейсніцца”, — кажа Госпад Бог».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
