Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха) 23 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Госпадзе, Айцец ды Валадар майго жыцця, не пакідай мяне на іх волю і не дапусці, каб я праз іх упаў.

2Хто ўжыве розгі на мае думкі і да сэрца майго – навуку мудрасці, каб не шкадавалі мяне ў маіх памылках, і не патуралі маім праступкам,

3каб не ўзрасло няведанне маё, і каб не павялічыліся праступкі мае, і каб не памнажаліся грахі мае, ды каб не трапіў перад аблічча праціўнікаў маіх, і каб не цешыўся нада мною вораг мой?

4Госпадзе, Айцец ды Бог майго жыцця, не пакідай мяне на іх рашэнне.

5Не дай мне ўзвышэння вачэй маіх, ды ўсякую прагавітасць ухілі ад мяне.

6Выдалі ад мяне пажаднасці цела, ды хай жаданне юрлівае не авалодае мною, і не аддавай мяне душы непачцівай і пустой.

7Паслухайце, дзеці, павучэнне аб вуснах; і, хто захавае яго, не будзе скампраметаваны вуснамі і ўведзены ў згаршэнне самымі ліхімі справамі.

8На вуснах сваіх будзе схоплены грэшнік; і пракляты, і пыхлівец будзе згоршаны праз іх.

9 Вых. 20:7; Паўт. Зак. 5:11 Не прывучай вуснаў сваіх да прысягі: многа бо падзенняў бывае праз яе.

10А хай не частым будзе прызыванне Бога ў вуснах тваіх, ды не далучай сябе да імя Святога, бо не ачысцішся ад грахоў.

11Бо як нявольнік, які часта бывае караны, не можа абысціся без сінякоў, так кожны, хто прысягае і прызывае, не ачысціцца ад граху.

12Чалавек, часта прысягаючы, апаганіцца, і кара не адступіцца ад яго дому.

13І калі ён падмане – злачынства яго застанецца на ім; і калі ўзгардзіць – зграшыць удвая.

14І калі дарэмна прысягне, не будзе апраўданы: бо дом яго напоўніцца няшчасцямі.

15Бывае і іншая мова, якую можна параўнаць са смерцю: не знойдзецца яна ў спадчыне Якуба.

16Бо ўсё гэта будзе выдалена ад богабаязных, і яны не заблытаюцца ў грахах.

17Хай не прывыкаюць вусны твае да распуснай нячыстасці, бо ў ёй знаходзяцца грэшныя словы.

18Помні пра бацьку і маці сваю, калі сядзіш паміж магнатаў;

19каб часам не забыўся ты пра сябе на віду іх і каб ты, збіты з толку прывычкаю сваёю, не стаў пасмешышчам, і каб не захацеў ты быць народжаным, і каб дзень нараджэння свайго ты не праклінаў.

20Чалавек, прывыкшы да слоў ганебных, не перавучыцца ва ўсе дні жыцця свайго.

21Два роды людзей дапускаюцца грахоў, і трэці выклікае гнеў і загубу:

22душа гарачая, як быццам палымнеючы агонь, не патухне, пакуль не будзе заспакоена;

23і распусны чалавек у плоці цела свайго не спыніцца, аж пакуль яго агонь не спаліць.

24Распуснаму чалавеку – кожны хлеб салодкі: не супакоіцца аж да смерці.

25Кожны чалавек, які дапускаецца чужаложства, пагарджае ў душы сваёй ды кажа: «Хто мяне бачыць?

26Вакол мяне цёмна, ды хаваюць мяне сцены, ды ніхто мяне не бачыць; чаго маю баяцца? Узвышні не будзе памятаць маіх злачынстваў».

27 Высл. 15:3, 11 І ён не разумее, што вока Яго бачыць усё, бо ён адганяе ад сябе страх Божы страхам чалавечым: толькі вочы людскія ёсць яго страх,

28і ён не зразумеў, што вочы Госпада ўва многа разоў яснейшыя за сонца, яны наглядаюць за ўсімі людскімі шляхамі, ды за бяздоннем бездані, ды пранікаюць у тайныя закуткі людскіх сэрцаў.

29Госпаду Богу бо вядомыя ўсе рэчы, перш чым былі створаны, і так, па стварэнні іх, за ўсім Ён назірае.

30Такі чалавек будзе пакараны на вуліцах горада, ды там, дзе не спадзяваўся, будзе схоплены; ды, як жарабятка, будзе змушаны ўцякаць,

31ды будзе сорамам для ўсіх, таму што не зразумеў страху Госпадава.

32Так і кожная жанчына, што пакінула мужа свайго і атрымала спадкаемца ад чужога шлюбу:

33найперш бо стала непаслухмянай закону Узвышняга, затым адносна свайго мужа стала нявернай, па-трэцяе, дапусцілася нячыстасці чужаложства, ды займела сабе дзяцей ад чужога мужа.

34Яна будзе заведзена на сход, і над дзецьмі яе адбудзецца следства;

35дзеці яе не ўкараняцца, і галіны яе не дадуць пладоў:

36пакіне яна памяць аб сабе на праклён, і ганьба яе не будзе скасавана.

37І тыя, хто застаўся, пазнаюць, што няма нічога лепшага, як страх Божы, ды нічога мілейшага, як спаўняць прыказанні Госпада.

38Вялікая слава – ісці за Госпадам; бо даўгалецце бярэцца ад Яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help