Кніга Нэгэміі Раздзел 8 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Паўт. Зак. 31:9 І сабраўся ўвесь Ізраэль, як адзін чалавек, на плошчы перад Воднаю брамаю, і сказалі яны кніжніку Эздру, каб прынёс кнігу Майсеева закону, якую Госпад даў для Ізраэля.

2Такім чынам, у першы дзень сёмага месяца святар Эздра прынёс кнігу закону да сходу мужчын, і жанчын, і да ўсіх, хто мог зразумець.

3І прачытаў ён з кнігі на плошчы перад Воднаю брамай ад раніцы аж да паўдня перад мужчынамі, і жанчынамі, ды тымі, што маглі зразумець; і вушы ўсяго народа былі звернуты да кнігі закону.

4А кніжнік Эздра стаў на драўляным узвышэнні, якое было зроблена для гэтае мэты; і побач з ім стаялі Матація, і Сэма, і Аная, і Урыя, і Хэлькія і Маасія, з правага боку яго, а з левага боку — Падая, Місаэль, і Мэльхія, і Гасум, і Гасбадана, і Захарыя, і Масала.

5І Эздра разгарнуў кнігу на віду ўсяго народа — бо ён узвышаўся над усім народам, — і, калі ён разгарнуў кнігу, падняўся ўвесь народ.

6І Эздра дабраславіў Госпада, Бога магутнага; і ўвесь народ, падымаючы свае рукі, адказаў: «Амін, амін». І пакланіліся, і ўпалі, тварам дакранаючыся да зямлі, перад Богам

7Затым левіты: Ешуа, і Бані, і Сэрэбія, Ямін, Акуб, Сабэтай, Годыя, Маасія, Келіта, Азарыя, Ёзабад, Ханан, Палая і левіты тлумачылі народу закон; а народ стаяў на сваім месцы.

8І прачыталі з кнігі закону Божага выразна, і адкрылі сэнс, і высветлілі чытанае.

9А Нэгэмія, значыць намеснік, і Эздра, святар і кніжнік, і левіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты асвячоны для Госпада, Бога нашага! Не сумуйце і не плачце!» Бо ўвесь народ плакаў, калі пачуў словы закону.

10І сказаў ім Нэгэмія: «Ідзіце і спажывайце тлустыя стравы ды піце мёд, ды пасылайце частку тым, якія не прыгатавалі сабе, бо святы ёсць гэты дзень для Госпада нашага; і не сумуйце, бо радасць у Госпадзе — гэта сіла ваша».

11А левіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо гэты дзень святы; і не сумуйце!»

12Такім чынам, увесь народ пайшоў есці, і піць, і пасылаць часткі ежы, і ўзбуджаць вялікую радасць, бо зразумелі словы, якім іх вучылі.

13І на другі дзень сабраліся кіраўнікі родаў ад усяго народу, святары і левіты ў пісара Эздры, каб зразумець словы закону.

14 Святар. 23:33-36, 39-43; Паўт. Зак. 16:13-15 І напісанае ў законе, які даў Госпад праз Майсея, знайшлі, каб ізраэльцы ў час свята ў сёмым месяцы жылі ў палатках

15і каб аб’яўлялі і абвяшчалі па ўсіх гарадах сваіх і ў Ерузаліме, заклікаючы: «Ідзіце ў горы і прыносьце аліўкавыя галінкі, і галінкі дзікай масліны, і галінкі мірта, і галінкі пальмавыя, і галінкі іншых дрэў з густым лісцем, каб зрабіць палаткі, як было напісана».

16І выйшлі людзі, і прынеслі тое, і справілі сабе палаткі, кожны на сваім даху, і на сваіх панадворках, і на панадворку дома Божага, і на плошчы Воднае брамы, і на плошчы Эфраімавай брамы.

17Такім чынам, уся супольнасць тых, якія вярнуліся з няволі, зрабіла палаткі і жыла ў палатках. Бо не рабілі гэтак ад часоў Ешуа, сына Нуна, а таксама сына Ізраэля, аж да гэтага дня; і валадарыла вельмі вялікая радасць.

18 Святар. 23:36 А чыталі з кнігі закону Божага кожны дзень, ад першага дня аж да апошняга; і сем дзён святкавалі свята, і ў восьмы дзень сабралі сход па распараджэнні.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help