1А пасля сталася гэта. Набот з Езрагэля меў вінаграднік у Езрагэлі побач з палацам Ахаба, цара Самарыі.
2Дык Ахаб звярнуўся да Набота і сказаў: «Дай мне вінаграднік твой, а я зраблю з яго агарод, бо блізка ён і побач з домам маім. І дам табе за яго лепшы вінаграднік, або, калі табе гэта зручней, дам табе адпаведную плату срэбрам».
3Набот адказаў яму: «Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не аддаў табе спадчыну бацькоў маіх».
4Такім чынам, прыйшоў Ахаб у свой дом сумны і разгневаны дзеля таго, што сказаў яму Набот з Езрагэля, кажучы: «Не дам табе спадчыны бацькоў маіх». І, лёгшы на ложак свой, адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба.
5І прыйшла да яго Езабэль, жонка яго, і спытала ў яго: «Што здарылася, чаму засумавала душа твая? І чаму ты не ясі хлеба?»
6Ён адказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам езрагэльцам і прасіў яго: “Дай мне вінаграднік твой, узяўшы плату; або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. І ён сказаў: “Не дам табе майго вінаградніку”».
7І сказала яму Езабэль, жонка яго: «Ты маеш вялікую ўладу і добра кіруеш царствам Ізраэля! Устань, і еж хлеб, і будзь спакойны: я дам табе вінаграднік Набота з Езрагэля».
8Такім чынам, напісала яна ліст ад імя Ахаба і запячаткавала яго пярсцёнкам яго, і паслала старэйшынам і магнатам, якія жылі разам з Наботам у яго горадзе.
9А змест пісьма быў такі: «Аб’явіце пост і пасадзіце Набота на чале народа,
10і насупраць яго пасадзіце двух людзей, сыноў Бэліяла, і хай яны засведчаць: “Ты зняважыў Бога і цара”; і выведзіце яго, і ўкамянуйце, каб памёр».
11Такім чынам, грамадзяне яго, старэйшыны і магнаты, якія жылі разам з ім у горадзе, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лісце, які яна паслала ім.
12Аб’явілі яны пост, і пасадзілі Набота на чале народа;
13і прыйшлі два чалавекі, сыны Бэліяла, і селі насупраць яго, і сведчылі яны, як людзі д’ябальскія, супраць яго перад натоўпам людзей: «Набот блюзніў супраць Бога і цара». Таму вывелі яго за горад і ўкаменавалі.
14І паслалі яны да Езабэлі, паведамляючы: «Набот укаменаваны і памёр».
15І сталася, калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала яна Ахабу: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота езрагэльца, які не захацеў згадзіцца з табою і за грошы аддаць яго табе; бо Набот ужо не жыве, але памёр».
16Калі Ахаб пачуў, што, напэўна, Набот памёр, ён устаў і пайшоў у вінаграднік Набота езрагэльца, каб узяць яго ва ўласнасць.
17Дык прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы гэтыя словы:
18«Устань і выйдзі насустрач Ахабу, цару Ізраэля, які ў Самарыі; вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго ва ўласнасць.
19 1Цар. 22:38 І скажаш яму вось што: “Гэта кажа Госпад: “Ты забіў, а звыш таго і абрабаваў?” І пасля гэтага дадасі: “Гэта кажа Госпад: “На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны таксама лізаць тваю кроў”».
20І сказаў Ахаб Іллі: «Ці ты знайшоў мяне, вораг мой?» А ён адказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхое перад абліччам Госпада.
21 2Цар. 9:7-10 [І сказаў Госпад:] Вось, Я навяду на цябе ліха і адкіну будучыню тваю, і заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, ці то падлетка, ці дарослага ў Ізраэлі.
22І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і Ізраэль уводзіў у грэх».
23 2Цар. 9:36 Але і адносна Езабэль сказаў Госпад, кажучы: «Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэля.
24 1Цар. 14:11 Хто ў Ахаба памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, таго з’ядуць паднебныя птушкі».
25Такім чынам, не было другога такога, як Ахаб, які запрадаўся рабіць зло перад абліччам Госпада; бо намовіла яго Езабэль, жонка яго,
26і зрабіўся ён агідным настолькі, што служыў ідалам, робячы ўсё, што рабілі амарэі, якіх знішчыў Госпад з-прад аблічча сыноў Ізраэля.
27Такім чынам, калі Ахаб пачуў словы гэтыя, раздзёр ён адзенне сваё і апрануў на цела сваё зрэбніцу, і пасціў, і спаў у зрэбніцы, і хадзіў з паніклай галавою.
28І зноў прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы, кажучы:
29«Ці ты заўважыў, як Ахаб упакорыўся перада Мною? Дык за тое, што ён упакорыўся перада Мною, Я не навяду бяды ў яго дні, але ў дні сына яго навяду бяду на дом яго».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
