Кніга Лічбаў Раздзел 23 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».

2І калі Балак зрабіў так, як яму сказаў Балаам, паклалі яны па быку і баране на кожны ахвярнік.

3І сказаў Балаам Балаку: «Пастой каля цэласпалення свайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад; і што мне загадае, скажу табе». І, калі ён узышоў на лысы ўзгорак,

4спаткаў яго Бог. І сказаў Яму Балаам: «Паставіў я сем ахвярнікаў і на кожны ахвярнік узнёс быка і барана».

5Тады Госпад уклаў словы ў вусны яго і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».

6Вярнуўшыся, Балаам знайшоў Балака, што стаяў каля цэласпалення свайго, і ўсіх князёў маабскіх;

7і сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Арама прывёў мяне Балак, з гор усходніх, цар Мааба. “Прыйдзі, — кажа, — і пракляні мне Якуба! Паспяшай і навядзі няшчасце на Ізраэль!”

8Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог не хоча?

9Я бачу яго з вяршыняў скал, і з узгоркаў гляджу на яго: вось народ, што жыве асобна і сярод народаў не лічыцца.

10І хто можа злічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая смерцю справядлівых і хай будзе мой канец падобны да іх».

11Сказаў тады Балак Балааму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў, каб праклясці ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраслаўляеш іх!»

12І адказаў яму Балаам: «Ці магу я што іншае казаць, акрамя таго, што загадаў мне Госпад?»

13Тады сказаў Балак: «Пойдзем са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго не зможаш убачыць; адтуль будзеш яго праклінаць».

14І калі завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню гары Пісгі, паставіў ён там сем ахвярнікаў і паклаў на кожны па быку і баране.

15Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастой тут каля свайго цэласпалення, а я пайду насустрач Госпаду».

16Калі яго спаткаў Госпад і ўклаў словы ў вусны яго, Ён сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта скажаш яму».

17Вярнуўшыся, знайшоў Балака, што стаяў ля цэласпалення свайго, і князёў Мааба з ім. І звярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?»

18А ён аб’явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха, слухай, сыне Сэфора!

19 Мал. 3:6; Як. 1:17 Бог — гэта не чалавек, каб падманваць, і не як сын чалавечы, каб памыляцца. Ці ж Ён скажа і не здзейсніць?

20Дабраславіць прывёў Ён мяне, і я не магу забараніць дабраславенне.

21Не відаць няшчасця ў Якуба і не відаць гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, з ім, і трубны царскі гук у ім.

22 Ліч. 24:8 Бог вывеў яго з Егіпта. Ён для іх — як рогі буйвала.

23Няма варажбы ў Якуба, ані прадказанняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што зрабіў Бог.

24Вось, народ, як ільвіца, падымаецца, і, як леў, устае; ён не ляжа, пакуль не з’есць здабычу і пакуль не нап’ецца крыві забітых».

25І сказаў Балак Балааму: «Ані праклінай яго, ані дабраслаўляй!»

26А Балаам кажа: «Ці ж я табе не казаў: што мне Госпад загадае, тое мушу рабіць».

27І кажа Балак яму: «Пойдзем, я завяду цябе на іншае месца, можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»

28І, калі ён завёў яго на вяршыню гары Пэгор, што звернута ў бок пустыні,

29сказаў яму Балаам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».

30І зрабіў Балак, як яму сказаў Балаам, паклаў быкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help