1Маленне Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаўся нам прыстанішчам з пакалення ў пакаленне.
2Перш чым паўсталі горы і нарадзілася зямля і сусвет, і спакон вякоў, і на век Ты — Бог.
3Ты вяртаеш чалавека ў парахно і Ты сказаў: «Сыны чалавечыя, вярніцеся».
4Бо тысяча гадоў перад вачамі Тваімі, як учарашні дзень, які прамінуў, і начная варта.
5 2Пёт. 3:8 Ты аддаляеш іх, і стануць яны сном:
6зранку — як трава, што прабіваецца, зранку цвіце і вырастае, вечарам вяне і ссыхае.
7Бо мы марнеем ад гневу Твайго і ў абурэнні Тваім стурбаваліся.
8Ты паставіў несправядлівасці нашыя перад вачамі Тваімі, цёмныя справы нашыя — у святле аблічча Твайго.
9Бо ўсе нашы дні прамінаюць у гневе Тваім, спыняюцца гады нашыя, быццам дыханне.
10Колькасць нашых гадоў — семдзесят або, у здароўі, восемдзесят, а большая частка іх — праца і марнасць, бо хутка праходзяць, а мы адлятаем.
11Хто зразумеў вялікасць Твайго гневу і сілу абурэння Твайго?
12Навучы нас лічыць дні нашы так, каб прывялі мы сэрца да мудрасці.
13Павярніся, Госпадзе, дакуль жа яшчэ? І будзь жа спагадны для сваіх паслугачоў.
14Напоўні нас уранку міласэрнасцю Тваёй, і мы ўзрадуемся і пацешымся праз усе дні нашы.
15Павесялі нас за тыя дні, у якія прыніжаў нас, за гады, калі мы бачылі ліха.
16Хай адкрыецца слугам Тваім учынак Твой, а аздоба Твая — сынам іх.
17Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
