1І калі настаў вечар, паслугачы яго паспяшаліся выйсці, і Багоя замкнуў палатку знадворку і аддзяліў прысутных ад свайго гаспадара. І яны ўсе пайшлі да пасцеляў сваіх, таму што ўсе былі змучаны, бо выпіта было надта многа.
2А ў палатцы засталіся толькі сама Юдыт і Галафэрн, які ляжаў на сваёй пасцелі, бо ўпіўся віном.
3І Юдыт сказала сваёй нявольніцы, каб стаяла яна знадворку спальні і пільнавала яе выхад, як і кожны дзень; бо яна сказала, што выходзіць на сваё маленне, і Багоі сказала тое самае.
4І адышлі ад яго ўсе, і ніхто не застаўся ў яго спальні, ад найменшага аж да найбольшага. І Юдыт, стоячы каля галавы яго, малілася: «Госпадзе, Госпадзе, Божа Усемагутны, зірні ў гэтую хвіліну на дзейнасць рук маіх для ўзвышэння Ерузаліма.
5Бо цяпер час адабраць спадчыну Тваю ды здзейсніць мой намер паразіць ворагаў, якія нахлынулі на нас».
6Ды падышла да слупа пасцелі, што быў каля галавы Галафэрна, яна зняла з яго меч яго,
7і, падышоўшы да пасцелі, узяла яго галаву за валасы ды сказала: «Божа Ізраэля, дай мне сілы ў гэты дзень, Госпадзе, Божа Ізраэля».
8Ды ўдарыла яго двойчы з усёй сілы ў карак і адрэзала яго галаву ад яго.
9І сапхнула яго цела з ложка, і зняла заслону яго са слупоў; і крыху пазней выйшла, і падала нявольніцы сваёй галаву Галафэрна,
10і яна паклала яе ў сваю торбу з ежай сваёй, і выйшлі, як звычайна, абедзве разам, як быццам на малітву. І, прайшоўшы праз лагер, абмінулі ўсю даліну гэтую, і ўвайшлі на гару Бэтуліі, ды так дайшлі да яе брам.
11І Юдыт ужо здалёку ад іх крычала да вартаўнікоў пры брамах: «Адчыніце, адчыніце браму! З намі Бог, Бог наш, каб выявіць яшчэ сілу ў Ізраэлі ды моц супраць нашых ворагаў, як гэта і сёння ўчыніў».
12І сталася, калі гараджане пачулі голас яе, паспяшаліся дабрацца да брамы горада свайго і пазвалі старэйшын горада.
13Ды збегліся ўсе ад найменшага аж да найбольшага, бо неверагодным здавалася ім, што яна вярнулася. І адчынілі браму, і прынялі іх, і, запаліўшы агонь, каб светла было, акружылі яе кругам.
14Яна моцным голасам сказала ім: «Слаўце Госпада нашага, хваліце, бо не спыніў міласэрнасці сваёй адносна дому Ізраэля, але маёю рукою паразіў ворагаў нашых у гэтую ноч».
15І, вымаючы з торбы сваёй галаву, паказала і сказала ім: «Вось галава Галафэрна, кіраўніка магутнага войска асірыйскага, і вось заслона, пад якой ляжаў, напіўшыся. І знішчыў яго Госпад рукою жанчыны.
16Жыве Госпад, Які захаваў мяне ў дарозе маёй, якую прадузяла, бо звяло яго аблічча маё на пагібель яго, і не змог зграшыць са мною на маю ганьбу і на сорам».
17І здзівіўся дужа ўвесь народ, і, упаўшы на зямлю, аддалі паклон Богу, і загаманілі ў адзін голас: «Дабраславёны будзь, Божа наш, Які ў сённяшні дзень знішчыў ушчэнт ворагаў твайго народа».
18І адазваўся да яе Осія: «Дабраславёная ты, дачка, Богам Узвышнім над усімі жанчынамі, якія жывуць на зямлі. Ды дабраславёны Госпад, Бог наш, Які стварыў неба і зямлю, Які скіраваў цябе, каб адсекла ты галаву кіраўніку ворагаў нашых.
19Бо не сціхне слава твая ў сэрцах людскіх, што памятаюць моц Божую, аж навечна.
20І хай залічыць гэта табе Бог на славу вечную, хай узнагародзіць цябе дабром дзеля таго, што ты не пашкадавала жыцця свайго ў час пакарэння народа нашага, але супрацьстаяла пагібелі нашай, ступаючы дарогай правільнай перад абліччам Бога нашага». І ўвесь народ загаманіў: «Хай так будзе, хай так будзе!»
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
